Рускія ідуць

4 лістапада Расія святкуе Дзень расійскага адзінства, які па сутнасці ператварыўся ў свята расійскіх нацыяналістаў. Па ўсёй Расіі пройдуць так званыя «Рускія маршы», якія патэнцыйна могуць закончыцца новымі пагромамі. Пра значэнне «Рускага маршу» для снежаньскіх думскіх выбараў журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім палітолагам Дзмітрыем Кастэнкам.



d902c3ce47124c66ce615d5ad9ba304f.jpg

4 лістапада Расія святкуе Дзень расійскага адзінства, які па сутнасці ператварыўся ў свята расійскіх нацыяналістаў. Па ўсёй Расіі пройдуць так званыя «Рускія маршы», якія патэнцыйна могуць закончыцца новымі пагромамі. Пра значэнне «Рускага маршу» для снежаньскіх думскіх выбараў журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім палітолагам Дзмітрыем Кастэнкам.
— «Рускі марш» стане першай акцыяй пасля беспарадкаў фанатаў на Манежнай плошчы. Гэты факт надае мерапрыемству асаблівы каларыт?
— Безумоўна. Інакш бы напярэдадні 25 кастрычніка не былі агучаныя тэрміны, якія пракурор запрасіў для фігурантаў справы пра тыя беспарадкі. Усяго па гэтай справе праходзяць 5 чалавек, якім пагражае ад 3 да 8 гадоў. Такія тэрміны — прыкмета замоўленага характару працэсу. Аднак і без фанатаў нацыянальнае пытанне ў Расіі ў апошні час вельмі абвастрылася. У верасні 2011 года за лозунг «Россия для русских» выказвалася каля 20% насельніцтва. 52% адзначалі імклівы рост нацыяналістычных настрояў. Гэта дадзеныя «Левада-цэнтра». У дадатак толькі закончылася справа байца без правіл Расула Мірзоева, які нанёс «цяжкія цялесныя пашкоджанні» студэнту Івану Агафонаву. Удар прафесійнага спартоўца быў прычынай смерці маладога чалавека. У ліку тых, хто паручыўся за Мірзоева, былі прэзідэнт Дагестана і значная частка дэпутатаў Народнага сходу рэспублікі. Толькі рэакцыя грамадства прымусіла ўлады пакінуць спартсмена пад вартай. Не паспелі пасадзіць Мірзоева, як уся Масква пачала казаць пра студэнта Глеба Харытонава. 21 кастрычніка яго збілі ў метро каўказцы за тое, што ён спрабаваў абараніць ад іх дзяўчыну.
— Чаму нацыянальнае пытанне стала актуальным менавіта за апошні год?
— Ёсць старыя прычыны: у Крамлі, з аднаго боку, дазваляюць лаяльным палітструктурам і СМІ прапаганду нацыяналістычных ідэй, але, з іншага боку, не дапускаюць ніякай нізавой актыўнасці ў гэтым накірунку. Як папярэджваюць эксперты, гульня з тэмай нацыяналізму можа прывесці да страты ўладамі кантролю ў гэтым пытанні. Што на вачах, дарэчы, і адбываецца. Следствам рэалізацыі такога паліттэхналагічнага прыёму стала ўнікальная з’ява росту этнічнай самасвядомасці сярод вялікаросаў. Упершыню ў гісторыі людзі адносяць сябе да рускіх не па прынцыпу мовы або культуры, месца пражывання, а па крыві. У сваю чаргу, гэта імкліва стварае праблему інтэграцыі людзей іншых нацый у грамадства і эліту.
— Што разумеюць самі нацыяналісты пад лозунгам «Россия для русских»?
— Я, думаю, што ўсё абмяжоўваецца імперскім міфам і геапалітычнымі апетытамі. Па ідэі нацыяналістаў, «Рускаму маршу» ў гэтым годзе, апроч колькаснага вымярэння, трэба нарэшце надаць вымярэнне палітычнае. Гэта значыць, што ва ўсіх гарадах Расіі, дзе пройдзе марш, трэба абраць дэпутатаў у Савет Зямлі Рускай, які павінен стаць прадстаўнічым органам рускай нацыі. Па-сутнасці, падобная неадэкватнасць рэсурсаў і забабонаў адлюстроўвае слабую палітычную надбудову нацыяналістаў. Акрамя таго, што іх лідары ўвесь час сварацца, спецслужбы кантралююць іх, каб яны не перайшлі мяжы нейкага клубу. Фюрэраў нацыяналістычных аб’яднанняў часта імкнуцца ізаляваць пад рознымі падставамі: так, у мінулы панядзелак на Дзмітрыя Дзёмушкіна была распачата справа па артыкулу «Заклікі да масавых беспарадкаў».
— Ці не могуць ва ўмовах арганізацыйнай слабасці нацыяналістычнага руху гэту ідэю эксплуатаваць вялікія думскія партыі?
— Так. Абаперціся на нацыяналістаў спрабуюць практычна ўсе партыі, якія ўдзельнічаюць у снежаньскіх выбарах у Дзярждуму. Перш за ўсё, гэта, натуральна, ЛДПР, на ўсіх мерапрыемствах якой закранаецца нацыянальная тэма. 10-мільённым тыражом выпушчана брашура лідара ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага «Рускія, цвярдзей погляд!». Аднак яшчэ больш месца прысвяцілі гэтай тэме камуністы. Яны хочуць вярнуць у пашпарт графу «нацыянальнасць». Акрамя таго, камуністы прапануюць вярнуць прынцып, які дзейнічаў у савецкі час, усталявання нацыянальнасці дзіцяці па нацыянальнасці яго бацькоў.
— Нечакана апошнім часам у расійскіх правых колах набыў папулярнасць лозунг: «Хопіць карміць Каўказ!». Яго аўтары выступаюць за тое, каб Расія пакінула Каўказ каўказцам.
— Наколькі я разумею, размова не ідзе пра тое, каб цалкам адпусціць Каўказ. Выступаюць за скарачэнне датацый рэгіёну да сярэднерасійскага ўзроўню. Тут, вядома, ёсць свае праблемы. Толькі 11 суб’ектаў федэрацыі не атрымліваюць датацый з цэнтру, і скарачэнне датацый відавочна справакуе крызіс у якім-небудзь з рэгіёнаў. Аднак далёка не ўсе правыя гатовыя адмовіцца ад каланіяльных тэрытарыяльных захопаў. Гэта не кладзецца ў логіку рэстаўрацыі імперыі. І тут мы маем абсалютна новую з’яву, калі простыя людзі ў большасці ратуюць за поўны выхад Каўказу са складу РФ, а нацыяналісты — не. Па-сутнасці, гэта такая новая форма расійскага нацыяналізму — нацыяналізм без імперскай настальгіі. Гэта нешта новае ў нашай палітычнай культуры.
— Партыя «Адзіная Расія» таксама разыгрывае нацыяналістычную карту?
— У іх таксама ёсць спробы выкарыстоўваць нацыяналістычныя настроі электарату. Гэта робіцца, напрыклад, за кошт Кангрэсу рускіх абшчынаў (КРО) — палітычнага праекту вядомага нацыяналіста Рагозіна. Кангрэс не ўвайшоў у пуцінскі Грамадскі народны фронт, аднак на днях заявіў, што падпіша спецыяльную дамову аб супрацоўніцтве з адзінаросамі. Што тычыцца афіцыйнай пазіцыі ўлады, то прэзідэнт Мядзведзеў неаднаразова забараняў палітычным сілам эксплуатаваць нацыянальную тэму. Аднак у рэальнасці справа трошкі іншая. Як пажартаваў адзін палітолаг, Крэмль раздае ліцэнзіі на эксплуатацыю нацыяналізму. Калі нацыяналізм наўпрост не пагражае тандэму, то яму дазваляюць казаць: «Россия для русских!».
— Як ліберальная супольнасць ставіцца да ўздыму нацыяналістычных настрояў? Раней, як вядома, былі спробы зрабіць з правымі адзіны антыпуцінскі фронт.
— Такія кансультацыі сапраўды мелі месца, аднак не верыцца, што нейкі нацыяналіст пойдзе на саюз з Нямцовым або Касьянавым, за якімі ў нацыяналістычным асяроддзі замацаваўся імідж нейкіх масонаў, габрэяў і г.д. У сваю чаргу, маскоўскі ліберал з этычных прычын ніколі не будзе братацца з фашыстам. Мяркую, што Крэмль баіцца іншага — каб лідары нацыяналістаў не падтрымалі лозунг Трыумфальнай плошчы, дзе збіраюцца дэмакраты. Тыя заклікаюць да байкоту парламенцкіх выбараў, што вельмі небяспечна для паліттэхналагічных гульняў у Крамлі. Масавую няяўку можна растлумачыць як пратэст супраць задуманай на прэзідэнцкіх выбарах ракіроўкі Мядзведзеў — Пуцін. Таму трэба чакаць ад Крамля нейкіх крокаў або правакацый з мэтай таго, каб і далей падтрымліваць бездань паміж дэмакратамі і нацыяналістамі.