Самы антыамерыканскі фільм ХХІ стагоддзя

Ці можа адсутнасць у фільме нейкай сцэны падзяліць нацыю? Можа, калі гаворка пра ЗША. Фільм «Першы чалавек» адразу, як толькі з’явіўся, выклікаў за акіянам сапраўдную культурную вайну.

Фота www.projectrepublictoday.comс

Фота www.projectrepublictoday.comс


Вельмі рэдка фільм, які яшчэ нават не выйшаў у пракат, ператвараецца ў прадмет агульнанацыянальных дэбатаў, у тым ліку палітычных. Біяграфічнай драме «Першы чалавек» («First Man», або «Чалавек на Месяцы» ў расійскім кінапракаце), якую зняў рэжысёр Дэмьен Шазел, у гэтым плане пашанцавала. Карціну гледачы, па сутнасці, бачылі толькі адзін раз — 30 жніўня на фестывалі ў Венецыі. Аднак гэтага хапіла, каб уся краіна перасварылася наконт ацэнак стужкі.

Кінадрама прысвечана гісторыі жыцця Ніла Армстранга, камандзіра экіпажу амерыканцаў, якія адправіліся на Месяц у 1969 годзе. Месячны дэсант «Apollo-11» даўно ператварыўся ў міф. І, на першы погляд, стужка ў чарговы раз пераказвае агульнавядомую гісторыю — толькі праз асабісты вопыт астранаўта.

Аднак уважлівыя амерыканскія патрыёты выявілі адыход ад канона. Прычына абурэння выглядае трошкі дзіўнай. На экране можна пабачыць амерыканскі сцяг на Месяцы. Аднак няма непасрэднай сцэны, дзе астранаўты ўстанаўліваюць зорна-паласаты штандар на месячным грунце.

Адсутнасць гэтага эпізоду і зачапіла патрыётаў, якія абвясцілі фільму сапраўдную вайну. На кансерватыўных пабліках фільму даюць максімальна негатыўную ацэнку: «дурная і нецікавая фальсіфікацыя гісторыі», «самы антыамерыканскі фільм у ХХІ стагоддзі», «стужка для ідыётаў», «пародыя на Амерыку, прыдуманая ў Галівудзе».

Ускосным чыннікам для антыпатыі на адрас карціны стала дзяржаўная прыналежнасць галоўнага акцёра. Раян Гослінг — грамадзянін Канады. Між тым, адносіны паміж Атавай і Вашынгтонам зараз — напэўна, самыя горшыя з тых часоў, калі Канада, будучы калоніяй Брытаніі, падтрымлівала апошнюю ў вайне са Злучанымі Штатамі. Акрамя таго, акцёр мае дастаткова ліберальныя погляды. У нейкім інтэрв’ю ён заявіў, што гісторыю яго персанажа трэба разглядаць як учынак, які знаходзіцца «па-за дзяржаўнымі межамі». Ён таксама дадаў: «Я не думаю, што Ніл разглядаў сябе ў якасці амерыканскага героя».

Падлілі алею ў агонь і паплечнікі Армстранга па экспедыцыі. Раскрытыкаваў карціну Баз Олдрын, адзін з астранаўтаў «Apollo-11». Ён ледзь не адкрытым тэкстам напісаў, што фільм замоўлены ліберальнымі апанентамі Трампа.

Адразу ў спрэчку наконт фільма актыўна палез палітыкум. Рэспубліканец Марка Рубіё, які балатаваўся ў прэзідэнты ў 2016-м, лічыць стваральнікаў стужкі «лунацікамі». «Амерыканскі народ заплаціў за гэтую місію: амерыканскія астранаўты ляцелі на ракетах, пабудаваных амерыканцамі, зробленымі па амерыканскіх тэхналогіях. Гэта не была місія ААН», — абураецца Рубіё.

Ну і як жа без Трампа? Амерыканскі прэзідэнт у Twitter фактычна заклікаў да байкоту фільма ў пракаце. Кіраўнік ЗША напісаў: «Гэта сумна. Амаль гэтак жа, як быццам яны (стваральнікі карціны) збянтэжаныя дасягненнем Амерыкі. Я думаю, што гэта жудасна. Як можна распавядаць пра Ніла Армстранга і пра экспедыцыю на Месяц, не ўзгадаўшы пра амерыканскі сцяг? Па гэтай прычыне я нават не захачу глядзець фільм».

Што тычыцца аўтара стужкі, то ён кажа, што тэма сцяга не была для стваральнікаў «Першага чалавека» найбольш прыярытэтнай. Па словах рэжысёра стужкі, «адказ на пытанне, ці ўтрымлівае фільм палітычны меседж, хутчэй, адмоўны. Мая мэта заключалася ў тым, каб падзяліцца з гледачом невядомымі аспектамі амерыканскага палёту на Месяц. Акрамя таго, фільм — гэта асабістая сага Ніла Армстранга пра тое, што ён думаў і адчуваў у тыя некалькі гадзінаў».

Дарэчы, дзеці Армстранга абараняюць стваральнікаў стужкі. «Гэтая гісторыя з’яўляецца ўніверсальнай. Вядома, што гэта вялікае дасягненне Амерыкі. Але яно таксама азначае дасягненне для ўсяго чалавецтва», — кажа адзін з сыноў Армстранга. Спадабаўся фільм і кінакрытыкам. «Першы чалавек» ужо з’явіўся ў шорт-лісце фільмаў, якія могуць быць намінаваныя на «Оскар». Тым не менш, застаецца спадзявацца, што выхад стужкі на вялікі экран (ён запланаваны на кастрычнік) абыдзецца без праяў гвалту.

І, натуральна, трэба ўзгадаць пра аматараў вельмі папулярнай канспіралагічнай тэорыі «Месячная змова», паводле якой ніякага палёту «Apollo-11» не было. Сцэну з высадкай астранаўтаў на месяц, маўляў, проста здымалі ў нейкім сакрэтным ангары ЦРУ. «Першы чалавек» згуляў з прыхільнікамі згаданай тэорыі злы жарт. Па сутнасці, крытыкі карціны прыдумалі не менш захапляльную, чым «Месячная змова», канспіралагічную версію пра тое, што нейкі цэнтр свядома замовіў кіношнікам адсутнасць сцэны са сцягам.