Самыя буйныя страйкі XXI стагоддзя. Дасье ў карыкатурах

Падчас паездкі на лецішча або пікніка на прыродзе (самыя папулярныя заняткі беларусаў на Першамай) чаму б не ўспомніць самыя рэзанансныя працоўныя канфлікты нашага часу.

Малюнак мастака Дэвіда Лунгера

Малюнак мастака Дэвіда Лунгера


Цікава, аднак ініцыятарамі першай буйной забастоўкі ў нашым стагоддзі былі не камуністы, сацыялісты або іншыя аматары класавай барацьбы. У 2003-м правая апазіцыя ў Венесуэле пераканала дырэкцыю і прафсаюз супрацоўнікаў нацыянальнай нафтавай кампаніі PDVSA абвясціць страйк з фактычным патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Уга Чавеса. Апошні дзейнічаў рашуча, звольніўшы палову працоўнага персаналу PDVSA. Гэта выклікала поўны крызіс галіны, за кошт якой фармаваўся нацыянальны бюджэт. Цяжка сказаць, чым бы ўсё скончылася, калі б не спроба вайсковага дзяржперавароту ў красавіку 2002-га. Путч, які ў выніку праваліўся, вельмі напужаў венесуэльцаў і даў падставы Чавесу ўзяць PDVSA пад дзяржаўны кантроль. Амерыканскі мастак Дэвід Лунгер пабачыў гэты працэс вось так (глядзі малюнак зверху).
Увогуле ХХІ стагоддзе ў плане страйкаў прынесла шмат сюрпрызаў. Падавалася, што забастоўкі як форма вырашэння канфліктаў ужо сталіся нейкім артэфактам. Нічога падобнага. Хто толькі не страйкаваў за апошнія 23 гады — ад прыхільнікаў ЛГБТ да хакеістаў і футбольных суддзяў. Праявілі сябе і журналісты. У 2005 годзе 11 тысяч супрацоўнікаў ВВС адмовіліся выходзіць на працу, пратэстуючы супраць намеру дырэкцыі скараціць штат кампаніі. Страйк іранічна каментавалі мастакі. «Што чуваць новага?» — пытае на карыкатуры калегу кіраўнік аддзелу службы навінаў ВВС. Малюнак з рэсурсу Cartoonstock.

Страй супрацоўнікаў ВВС. Малюнак Cartoonstock

Страй супрацоўнікаў ВВС. Малюнак Cartoonstock


Хутка адзначылася і Францыя, дзе страйкі, падаецца, нейкая нацыянальная забаўка. У 2006-м краіну ахапілі пратэсты студэнтаў і вучняў ліцэяў супраць праекта «Закона аб кантракце першага найму». Паводле яго, маладыя французы, упершыню выходзячы на працу, атрымлівалі меншы заробак. Такім чынам адміністрацыя прэзідэнта Жака Шырака намагалася павялічыць колькасць працоўных месцаў і скараціць беспрацоўе сярод моладзі.
Аднак моладзь адрэагавала на праект страйкамі і акупацыяй вучэбных устаноў. Пэўная логіка ў аргументах забастоўшчыкаў была. Ніхто не даваў гарантыі, што пасля двух гадоў працы па першым кантракце ты атрымаеш новы кантракт на нармальную стаўку. Зрэшты, былі ў рэформы і прыхільнікі, якія бачылі недахопы французскай сацыяльнай сістэмы. Напрыклад, амерыканскі мастак Патрык Чапат. На яго карыкатуры французскі юнак на барыкадзе патрабуе, каб яго, як калісьці і яго бацьку, забяспечылі лёгкай працай з высокім заробкам.

Забастоўка студэнтаў у Францыі. Малюнак Патрыка Чапата

Забастоўка студэнтаў у Францыі. Малюнак Патрыка Чапата


15 снежня 2010-га Амерыка стала сведкай незвычайнай забастоўкі вязняў. У турмах сямі штатаў вязні дружна адмовіліся выходзіць на турэмную працу, патрабуючы змякчэння ўмоў утрымання, лепшай ежы і павелічэння заробкаў. Хутка забастоўку падтрымалі турэмныя зоны па ўсёй краіне. У прынцыпе, падобныя акцыі ў турмах былі і раней, аднак на гэты раз ноў хаў пратэсту стала выкарыстанне ўпершыню ў гісторыі мабільных тэлефонаў, праз якія забастоўшчыкі з розных турэмных устаноў каардынавалі свае агульныя акцыі. А вось так выглядаў плакат салідарнасці з забастоўшчыкамі.

Плакат салідарнасці з вязнямі ЗША

Плакат салідарнасці з вязнямі ЗША


Забастоўку як зброю ўжывалі не толькі вязні, аднак і змагары за незалежнасць. У кастрычніку 2017-га іспанская паліцыя збіла 900 чалавек, якія прынялі ўдзел у нелегальным рэферэндуме за незалежнасць Каталоніі. У адказ вядучыя мясцовыя прафсаюзы заклікалі да генеральнага страйку, які падтрымала 900 тысяч чалавек. Практычна ўвесь край быў паралізаваны. Поспех страйку натхніў каталонскі парламент абвясціць незалежнасць, што праўда выклікала новую хвалю рэпрэсій з боку Мадрыда. Рэагуючы на дзеянні сілавікоў, мастак Бэн Джэгінс прапанаваў свой дызайн турыстычных паштовак, на якіх замест прыгожых каталонскіх краявідаў выяўлены паліцэйскі гвалт.

Турыстычная паштоўка ад Бэна Джэгінса

Турыстычная паштоўка ад Бэна Джэгінса


Доўгі час лічылася, што самы вялікі страйк у гісторыі меў месца ў 1968-м у Францыі, калі баставалі 10 мільёнаў чалавек. Рэкорд французаў пабілі індыйскія прафсаюзы ў студзені 2019 года. Тады ў Індыі прайшла забастоўка, у якой прынялі ўдзел амаль 200 мільёнаў чалавек. Забастоўшчыкі патрабавалі адмены антыпрафсаюзнага закону, павелічэння мінімальнай заработнай платы і пенсій, а таксама адмены кантрактнай сістэмы. Наступная ўсеагульная забастоўка, якая прайшла па ўсёй Індыі 26 лістапада 2020 года, была яшчэ больш маштабнай. Колькасць яе ўдзельнікаў склала 250 мільёнаў чалавек. Вось так выглядаў адзін з плакатаў з заклікам выйсці на забастоўку 2020-га.

Плакат з заклікам да забастоўкі ў Індыі

Плакат з заклікам да забастоўкі ў Індыі


Рэжым каранціну падчас эпідэміі COVID-19 выклікаў вялікія праблемы ў шэрагу эканомік. Да гэтага часу не ачуняла ад эпідэміі і брытанская эканоміка. Як вынік, з лета 2022-га ў краіне працягваюцца беспрэцэдэнтныя сектаральныя забастоўкі. Перыядычна страйкуюць паштальёны, чыгуначнікі, кіроўцы, настаўнікі і г. д. Цяпер чарга дайшла ды медсясцёр. Сярод мастакоў папулярна выяўляць прэм'ера Рышы Сунака, які трапляе ў шпіталь, дзе з-за забастоўкі яго ніхто не лечыць. Малюнак карыкатурыста выдання Evening Standart.

Карыкатура  Evening Standart: Рышы Сунак у шпіталі

Карыкатура  Evening Standart: Рышы Сунак у шпіталі


Ну і нарэшце, усе ўяўныя маштабы пабіла цяперашняя забастоўка ў Францыі супраць пенсійнай рэформы. Тут прафсаюзы ўжо амаль паўгода спрабуюць заблакаваць непапулярны праект вулічнымі акцыямі, якія збіраюць мільёны маніфестантаў. Пры гэтым прэзідэнт Макрон быў вымушаны прымаць закон у абыход дэмакратычных працэдур, накшталт галасавання ў парламенце. На цяперашні момант закон фармальна прыняты, аднак градус супрацьстаяння грамадства і вуліцы настолькі высокі, што пра стабілізацыю сітуацыі казаць не даводзіцца. Пра напал эмоцый сведчаць карыкатуры французскіх СМІ, на якіх мастакі любяць маляваць як Макрона караюць смерцю з дапамогай гільяціны. Малюнак выдання Charlie Hebdo.

Малюнак выдання Charlie Hebdo.

Малюнак выдання Charlie Hebdo.


Застаецца згадаць цікавы казус. Аказваецца, у гэтым стагоддзі тэма ўсеагульнай забастоўкі павярнулася і ў беларускую палітычную дыскусію. Да выхаду на забастоўку заклікалі падчас падзеяў 2020-2021 гадоў. Эфект атрымаўся спрэчны. У любым выпадку апошні раз пра перспектыву падобнага страйку ў Беларусі казалі ажно ў далёкіх 1990-х.