Самыя сумныя выбары ў свеце

Узбекістан 4 снежня абірае новага прэзідэнта, імя якога было вядома ўжо даўно. Не трэба мець здольнасці Вангі або Настрадамуса, каб сцвярджаць, што трыўмфатарам будзе прэм’ер-міністр Шаўкат Мірзіёеў.

Фота: rus.azattyq.org

Фота: rus.azattyq.org


Для гэтага дастаткова наведаць старонкі ўзбекскага афіцыёзу і атрымаць асалоду ад панегірыкаў, якія спяваюць яму мясцовыя публіцысты. «Ён (Мірзіёеў) адзіная з усіх прэтэндэнтаў персона, уключаная ў рэальную палітыку. Ён адзіны знаходзіцца на тым узроўні кіравання, у той групе асоб, якія прымаюць рашэнні і могуць так ці інакш уплываць на працэсы ў краіне. Ён адзіны, хто, будучы прэм’ер-міністрам, ведае ўсё пра рэспубліку і яе магчымасці», — піша адно з ташкенцкіх СМІ.

Няма ніякіх ілюзій адносна здольнасці ўзбекскай апазіцыі парушыць зацверджаны выбарчы алгарытм. Апанентамі Мірзіёева выступаюць правадыры ручных партый, якія павінны ствараць ілюзію гарачай выбарчай барацьбы, але заявамі якіх манкіруе нават агітпроп. Дзейнічаюць у краіне і нефармалы, аднак іх рэсурс занадта слабы, каб нават публічна заявіць пра сябе. Нават калі б апазіцыянеры знайшлі ў сябе мужнасць выйсці на вуліцу, дык узбекскі Майдан выглядаў бы ўбога. Медыя, у тым ліку незалежныя, прызнаюць, што грамадству ўласцівыя фобіі наконт магчымых геапалітычных калізій, на якія так багатая цяперашняя эпоха. У гэтым плане кандыдатура Мірзіёева, чыя праграма можа быць сфармулявана фразай «разумная прадказальнасць», большасць выбаршчыкаў цалкам задавальняе.

Аднак казаць пра тое, што ўзбекі цалкам пагадзіліся на ролю статыстаў «элегантнай перамогі» Мірзіёева, нельга. Будучы абмежаванымі ў правах праводзіць пратэсты, грамадзяне ўмудрыліся стварыць нешта накшталт электроннай петыцыі на адрас кандыдатаў. З яе зместу можна зразумець, што ўзбекаў найбольш турбуюць дзве праблемы.

Першая — штучны курс узбекскага маната. Фармальна ва Узбекістане забаронены свабодны абарот замежных грашовых сродкаў — грамадзяне павінны купляць долары толькі ў банку па курсе, які ў разы адрозніваецца ад рэальнага.

Другая праблема — выязныя візы. Паводле ўзбекскіх законаў для таго, каб выехаць з краіны, неабходны дазвол дзяржавы. Паслуга не бясплатная (віза, якая дзейнічае два гады, каштуе прыкладна 25 долараў) і, акрамя таго, патрабуе паходаў па бюракратычных інстанцыях, што, натуральна, шмат каму не падабаецца. Нягледзячы на тое, што абодва патрабаванні цалкам апалітычныя, Мірзіёеў і іншыя кандыдаты пакуль чамусьці іх ігнаруюць. Выбаршчыку абяцаюць новыя рабочыя месцы, вырашэння транспартных пытанняў і гэтак далей.

Абсалютна сумная і нецікавая кампанія радыкальна абвастрылася апошнім часам, калі ў СМІ прайшла інфармацыя пра смерць Гульнары Карымавай, дачкі нябожчыка-прэзідэнта. Амбіцыйная і авантурыстычная па характару Гульнара праз канфлікт з бацькам у 2014 годзе апынулася пад хатнім арыштам. Пасля таго, як Карымаў напрыканцы жніўня сканаў, ізаляцыю Гульнары працягнулі. Ёй нават не дазволілі наведаць магілу бацькі, каб папрасіць у яго прабачэння.

Раптам на мінулым тыдні шэраг выданняў паведамілі, што старэйшую дачку Карымава па загаду Мірзіёева патаемна забілі і пахавалі ў Ташкенце. Пазней з’явіліся абвяржэнні. Прынамсі пра тое, што Гульнара жывая, кажа яе сын. Таксама ў медыя абяцаюць, што напярэдадні дня галасавання Карымава абавязкова з’явіцца на публіцы жывая і здаровая. Нягледзячы на падобныя анонсы, інтрыга захоўваецца. Была б Гульнара жывая, яе б адразу прадэманстравалі грамадскасці. З іншага боку, было б кашмарам для Мірзіёева пачынаць свой шлях з ліквідацыі чальца сям’і былога кіраўніка дзяржавы або дапускаць нават наяўнасць чутак пра яе забойства.

Цёмная гісторыя з «забойствам Карымавай» дала падставу некаторым СМІ сцвярджаць, што ва ўзбекскіх элітах нехта вырашыў парваць сакрэтную дамову ад 28 верасня. У гэты дзень, калі верыць казахскім медыя, на сустрэчы лідараў вядучых кланаў Узбекістану было вырашана зрабіць прэзідэнтам Мірзіёева, аднак яго рэальныя паўнамоцтвы пры гэтым абмежаваць. Па шэрагу прычынаў некаторыя з тых кланаў сёння, быццам, пастанавілі выйсці з дамовы і перайграць сітуацыю на карысць Гульнары, зрабіўшы яе новым прэзідэнтам краіны.

Хаця Карымава, відавочна — фігура з выключна неадназначнай рэпутацыяй. Бо так ці інакш яна — дачка лідара нацыі, і, адпаведна, у яе ёсць нейкі палітычны капітал. Пра тое, што супраць Мірзіёева вядзецца дзіўная гульня, сведчыць і выбух плётак у інтэрнэце наконт нацыянальнасці прэм’ера. Сцвярджаюць, што кандыдат ад улады мае таджыкскія карані. Узбекска-таджыкскія адносіны няпростыя, і для часткі ўзбекаў таджык у крэсле кіраўніка Узбекістана — непрымальны.

Указваюцца і канкрэтныя цэнтры, якія маглі стаць за змовай супраць Шаўката. За інфармацыйнай аперацыяй можа стаяць ташкенцкі клан, адзін з лідараў якога — Рустам Інаятаў — кіруе Службай нацыянальнай бяспекі. Таксама не выключаюць, што Інаятаў набраўся мужнасці дзякуючы падтрымцы Пекіну. У Паднябеснай, маўляў, занепакоена назіраюць за актывізацыяй кантактаў Ташкента з Масквой і Анкарой. Іншыя, наадварот, звяртаюць увагу на тое, што Інаятаў, будучы былым афіцэрам КДБ, відавочна мае сувязі ў Крамлі і можа гуляць паводле расійскіх інструкцый.

У любым выпадку, калі гаворка ідзе пра зрыў абрання Мірзіёева, рэалізаваць гісторыю з дачкой Карымава можна толькі прадэманстраваўшы грамадству яе цела, або прывесці доказы яе гвалтоўнай смерці. Адпаведна, з’явіцца падобная інфармацыя павінна ў найбліжэйшы час. У сваю чаргу, каманда Мірзіёева будзе намагацца дэзавуяваць такія звесткі.

Ці будзе выбрас кампрамату на Мірзіёева і якая будзе рэакцыя ўзбекаў, асабліва з улікам засілля ў інфапрасторы дзяржаўных медыя? У любым выпадку, у часы Карымава нічога падобнага не было. Відавочна, што абяцаная Мірзіёевым «разумная прадказальнасць», пакуль, хутчэй, выбарчая рыторыка. Ключавыя групоўкі краіны яшчэ не дасягнулі кампрамісу, а значыць, будучыня краіны застаецца непрадказальнай.