Сцэнары для Каталоніі

Маштабы пратэстаў у Барселоне давялі ўсім, што каталонскі крызіс замарозіць не атрымаецца. Прапануем увазе чытачоў агляд сцэнараў яго вырашэння паводле сусветнай прэсы.

 Фота www.echo-ua.media

 Фота www.echo-ua.media

Вы не заўважылі, што за апошнія пару гадоў імідж Барселоны трошкі змяніўся? Назва горада ўсё яшчэ выклікае асацыяцыі з рознымі славутасцямі, накшталт будынкаў Гаўдзі і мясцовым футбольным клубам. Аднак вобраз горада ўсё часцей дапаўняюць відэа маршаў прыхільнікаў незалежнасці, якія часам пераходзяць у адкрытыя сутычкі. Мінулыя тыдні замацавалі за Барселонай рэпутацыю горада з высокім градусам палітычнай напружанасці. Пасля суровага судовага вердыкту палітыкам, якія два гады таму абвясцілі незалежнасць краю, каталонцы запусцілі план «Дэмакратычнае цунамі». Край ліхаманяць блакады аўтабанаў, страйкі, вулічныя бойкі, паўмільённыя маршы, на якія паліцыя ўжо адказвае стрэламі з гумовымі кулямі.

Відавочна, што лакалізацыя выступаў з дапамогай паліцыі нічога не вырашае, і проста адтэрміноўвае час, калі давядзецца прыняць нейкае глабальнае рашэнне. Дапускаюць, што выбар можа быць зроблены на карысць рацыянальнага дыялогу. Хаця ў кантэксце згаданай судовай расправы пакуль такія кансультацыі выглядаюць маларэальнымі. Яны могуць пачацца хіба пасля лістападаўскіх парламенцкіх выбараў у Іспаніі.

Праўда, сцэнар з перамовамі можна дапусціць, калі пры ўладзе застануцца сацыялісты Педра Санчаса, якія тэарэтычна дапускаюць нейкія перамовы і могуць пагадзіцца на ўдзел каталонцаў у кааліцыі. Фундаментам для перамоваў аглядальнікі называюць амністыю для асуджаных палітыкаў.

Калі ж большасць у картэсах на выбарах 10 лістапада атрымаюць кансерватары з Народнай партыі (РР), шанцы на кампраміс маларэальныя. З іншага боку, каталонскія партыі ў апошні час радыкалізаваліся, і пакуль цяжка сказаць, ці тыя ж «Левыя рэспубліканцы Каталоніі» (ERC) — вядучая партыя лагеру незалежнікаў, — пагодзяцца сесці за стол перамоваў.

Калі перамоваў не будзе, ад каталонцаў можна чакаць новы крок да атрымання суверэнітэту. Напрыклад, яны дыскутуюць правядзенне рэферэндуму наконт незалежнасці (можа, нават падпольнага). Такі план падтрымлівае Кім Тора — цяперашні кіраўнік аўтаноміі і лідар парламенцкай групы «Разам за Каталонію» (JxCat). Аднак кіраўніцтва ERC называе ідэю рэферэндуму «вар’яцтвам», паколькі нельга абвяшчаць незалежнасць кожныя два гады.

Адмаўляецца ад ідэі плебісцыту і лявацкая групоўка «Кандыдатура народнага адзінства» (CUP), якая прапануе ствараць паралельныя органы ўлады ў рамках каардынацыі нізавых пратэстаў. Да фарміравання паралельнай улады прапануецца падключыць асяродкі Каталонскай нацыянальнай асамблеі (ANC) — парасонавай структуры грамадскіх арганізацый, якія стаяць на платформе незалежнасці.

Пакуль незалежнікі чухаюць патыліцу наконт сваіх наступных крокаў, ініцыятыву можа перахапіць Мадрыд. На думку шэрагу каментатараў, сярод іспанскіх сілавікоў хапае ахвочых скарыстацца 155-м артыкулам Канстытуцыі. Гэты параграф дазваляе цэнтральнаму ўраду часова прыпыняць паўнамоцтвы Жэнералітэту (назва ўраду каталонскай аўтаноміі) і ўвесці ў рэгіёне прамое кіраванне з метраполіі. Дарэчы, менавіта так рэагаваў у кастрычніку 2017 года на выступы незалежнікаў тагачасны прэм’ер Марыяна Рахой.

Праўда, пакуль такая версія развіцця падзей не карыстаецца падтрымкай палітолагаў. Абвяшчэнне нейкага ГКЧП для той жа Каталоніі супярэчыць традыцыям іспанскіх сацыялістаў. У мінулым стагоддзі ўлада часта пераследавала сацыялістаў, абвяшчаючы ў краіне вайсковае становішча.

Акрамя таго, ужыванне 155-га артыкула адверне ад Санчаса іншыя левыя партыі, якія пасля выбараў патэнцыйна могуць увайсці ў яго кааліцыю. Таму як мінімум да выбараў Жэнералітэту можна спаць спакойна. А вось калі дэпутацкую большасць атрымаюць правыя партыі, увядзенне прамога кіравання выглядае непазбежным. Народная партыя, VOX і «Грамадзяне» — усе вядучыя партыі правага спектру — схіляюцца да імплементацыі 155-га артыкула.

Магчымы яшчэ адзін, пакуль амаль фантастычны сцэнар, які ўмоўна называюць «каралеўскім». У такім выпадку на авансцэну выходзіць Яго Вялікасць Філіп V, які прапісаны ў Канстытуцыі ў тым ліку як вярхоўны арбітр. Кароль можа распусціць як Жэнералітэт, так і парламент, узначаліўшы часовую адміністрацыю.

І, дарэчы, для гэтага ў караля маюцца ўсе фармальныя падставы. На працягу чатырох апошніх гадоў краіна беспаспяхова намагаецца абраць парламент, які будзе здольны сфарміраваць урад на аснове дэпутацкай большасці. Не дзіўна, што ў Іспаніі паўстала атмасфера паралюшу ўлады. Гэта дае каралю алібі для рашучых учынкаў. Але ёсць сумневы, што Філіп, з яго мяккім характарам, рызыкне на, фактычна, палітычны пераварот.

Нарэшце — самы горшы, або, як яго называюць, «чорны сцэнар» каталонскага Майдану. У выпадку яго рэалізацыі вулічныя сутычкі закончацца забойствамі, што радыкалізуюць адэптаў суверэнітэту і яго праціўнікаў, якія, дарэчы, складаюць палову насельніцтва краю. Па сутнасці, гэта ўверцюра аналагу грамадзянскай вайны. Азначэнне «грамадзянская вайна», безумоўна, выклікае ў іспанцаў самыя змрочныя ўспаміны пра падзеі 1936–1939 гадоў. Таму ёсць падставы спа­дзявацца, што бакі канфлікту будуць адказна ставіцца да сваіх учынкаў і «чорнаму сцэнару» знойдзецца альтэрнатыва.