Штат на Месяцы

Заклік Ньюта Гінгрыча — прэтэндэнта на пасаду кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі ЗША — стварыць на Месяцы 51-ы штат ЗША выклікаў палітычную буру.



2f635a9fe4a4d8d1ec9e3a111cc02f4b.gif

Заклік Ньюта Гінгрыча — прэтэндэнта на пасаду кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі ЗША — стварыць на Месяцы 51-ы штат ЗША выклікаў палітычную буру.
Справа не ў тым, што заснаванне амерыканскай калоніі на Месяцы ва ўмовах цяперашняй крызісу выглядае ў лепшым выпадку фантастыкай, а ў горшым — занадта дарагой авантурай. У гісторыі хапала і дасюль хапае іншых краін і рэгіёнаў, якія жадаюць атрымаць статус 51-га амерыканскага штата. Спіс кандыдатаў дастаткова вялікі: Пуэрта-Рыка, федэральная акруга Калумбія і г.д. І відавочна, ідэя прыняць у склад федэрацыі спачатку Месяц, а пасля фігурантаў згаданага спісу не выклікае ў апошніх вялікага захаплення.
Хто толькі ні марыў пра тое, каб стаць суб’ектам ЗША. Галоўная прычына ў тым, што прынцып амерыканскага грамадзянства не заснаваны на тэорыі этнічнага або расавага паходжання. Тэарэтычна, любы ўрад, які прызнае ўніверсальныя правы чалавека, што ляжаць у аснове амерыканскай канстытуцыі, можа паспрабаваць падаць заяву на ўступленне ў федэрацыю.
Іншая справа, ці прымуць такую заяву. Напрыклад, статус 51-га штата вельмі хацела атрымаць пасля вайны Сіцылія. Паколькі мясцовая мафія ў 1930-я гады мела вялікія праблемы з фашыстамі, яна ахвотна дапамагала войскам антыгітлераўскай кааліцыі. Сімпатыі тубыльцаў да войскаў Дзядзі Сэма хутка перараслі ў ідэю фікс стаць амерыканцамі. Тым больш, пражэкт падтрымлівала сіцылійскай дыяспара ў Амерыцы. Рух за выхад Сіцыліі з Італіі і далучэнне да Злучаных Штатаў быў настолькі папулярны, што нават быў прадстаўлены ў італьянскім парламенце, хаця да канкрэтыкі справа не дайшла.
Не пашанцавала і філіпінцам. Тут пасля прыходу амерыканцаў у 1907 годзе ўзнікла партыя федэралістаў, якая выступала за ўваходжанне краіны ў склад ЗША. Канчаткова федэралісты адмовіліся ад гэтага лозунга толькі ў 2004 годзе. Такая магчымасць разглядалася, дарэчы, таксама як сродак вырашэння рэлігійнай расколу паміж паўночнай хрысціянскай часткай архіпелагу і паўднёвай, дзе дамінуюць мусульмане. Апошнія таксама былі не супраць уступлення Поўначы ў склад ЗША, маючы намер прыяднацца да мусульманскай Інданезіі.
Амерыканскія сентыменты былі і застаюцца распаўсюджаныя на поўдзень ад Рыа-Грандэ. Падчас шматлікіх грамадзянскіх войнаў на поўначы Мексікі ўзнікалі самаагалошаныя рэспублікі, якія прасіліся ў склад ЗША. Падобная гісторыя мела месца ў Нікарагуа, якую ў 1855 годзе захапіў амерыканскі авантурыст Вільям Валкер. Ён прасіўся ў склад рабаўладальніцкай Канфедэрацыі.
У розныя часы з’яўляліся планы далучэння да ЗША Коста-Рыкі, Гандураса, Сальвадора, Панамы, Зоны Панамскага каналу і г.д. Пасля землятрусу ў Гаіці ў 2010 годзе ўплывовы “Time Magazine пісаў, што лепшай формай дапамогі няшчасным гаіцянам можа быць наданне гэтай дзяржаве статусу 51-га штату ЗША.
Былі выпадкі, калі ЗША самі хацелі кагосьці далучыць. Гаворка пра Канаду, вызваленне якой ад Брытанскай Кароны ў Вашынгтоне пасля вайны за незалежнасць разглядалі як святы абавязак. Некалькі разоў янкі спрабавалі гвалтоўна “вызваліць канадцаў і аб’яднаць з ЗША, аднак станоўчых вынікаў такія спробы не мелі. Пасля падпісання ў 1988 годзе паміж Канадай і ЗША дамовы пра зону вольнага гандлю прыхільнікі амерыканска-канадскай інтэграцыі зноў ажывіліся.
Хапае жадаючых стварыць новыя штаты і на тэрыторыі ЗША шляхам перагляду ўжо існуючых адміністратыўных межаў. Так, на поўначы Каліфорніі некаторыя мараць аднавіць так званую Рэспубліку Пацыфік, якая існавала тут напачатку ХІХ стагоддзя. Хацелі б стварыць асобныя штаты такія мегаполісы, як Нью-Ёрк і Чыкага.
Самы салідны “ўнутраны кандыдат на статус 51-га штата — Федэральная акруга Калумбія (Washington, D.C), на тэрыторыі якой знаходзіцца сталіца Вашынгтон. Федэральная акруга Washington, D.C. не мае прадстаўніцтва ў кангрэсе, хаця яе жыхары плацяць падаткі ў федэральны бюджэт. Пачынаючы з 1978 года гэта тэма ўсіх выбарчых дэбатаў. Цікава, што штат Вірджынія ў выпадку надання Вашынгтону статусу штату гатовы выставіць да яго тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У гэтым плане ёсць фантастычны праект — проста падзяліць Вашынгтон паміж Вірджыніяй і Мэрылэндам і забяспечыць вашынгтонцаў грамадзянскімі правамі, за якія яны выступаюць. У такім выпадку Федэральная круга будзе абмежаваная Нацыянальнай Галерэяй — комплексам помнікаў і музеяў у цэнтры гораду, куды ўваходзіць Белы Дом, Капітолій і г.д.
Аднак самыя высокія шансы стаць 51-м штатам у Пуэрта-Рыка, які афіцыйна называецца Unincorporated organized territory, што азначае — на гэтай тэрыторыі Канстытуцыі ЗША абмежавана; вярхоўная ўлада належыць Кангрэсу ЗША, але тэрыторыя мае ўласную сістэму самакіравання. Жыхары Пуэрта-Рыка маюць амерыканскія пашпарты, аднак іх правы абмежаваныя. Палітычны статус востраву па-ранейшаму да канца не вызначаны, хаця прыхільнікі ўваходжання тэрыторыі ў склад ЗША некалькі разоў праводзілі рэферэндумы наконт змены статусу. І заўсёды ім не хапала зусім трошкі. Чарговая спроба прызначаная на лістапад гэтага года.
Наступныя пасля Пуэрта-Рыка кандыдаты на атрыманне праў штату — амерыканскія выспы Самоа, Палау, якія знаходзяцца ў Ціхім акіяне. Віргінскія астравы, што на Карыбах.
Калі гаворка ідзе пра 51-ы штат, варта згадаць, што часам гэты тэрмін мае сатырычны падтэкст. 51-м шатам называюць самых заўзятых саюзнікаў Вашынгтону. Такі тытул у свой час атрымлівалі Польшча за падтрымку ЗША ў іракскай вайне, Албанія, якая была на баку ЗША ў косаўскім канфлікце. Забаўна, што ў Польшчы і Албаніі мянушка “51-ы штат успрымаліся мясцовым палітыкумам хутчэй з негатыўным падтэкстам.
Таксама 51-м штатам называюць залежныя ад Вашынгтону дзяржавы. Напрыклад, часта так называюць Тайвань. Дарэчы, у 2003 годзе ў рамках сацыялагічнага даследавання 55 працэнтаў тайванцаў выказаліся за ўваходжанне вострава ў склад ЗША. І толькі 33 працэнтаў жыхароў востраву жадаюць вяртання ў лона Кітаю.
А ўвогуле, рэалізацыі экспансіянісцкай канцэпцыі наконт таго, што ЗША абавязаны пашырацца і ўключаць новыя штаты, можа мець вельмі незвычайны фінал. Не выключаюць, што з-за буйнага росту колькасці ў Штатах іспанамоўных амерыканцаў у перспектыве мы станем сведкамі аб’яднання ЗША і Мексікі. У выніку на глобусе з’явіцца дзяржава, якая будзе ўключаць цэлых 82 штата (Мексіка таксама федэрацыя). Праўда, не зразумела — гэта будуць Злучаныя Штаты Амерыкі або Злучаныя Штаты Мексікі...