Што будзе з Данбасам пасля «Наваросіі»

Нягледзячы на павышаную дыпламатычную актыўнасць і ў Кіеве, і ў Маскве, цяжка прадказаць, калі скончыцца канфлікт на ўсходзе Украіны. Аднак ужо ясна, што самастойнай дзяржаўнай будучыні ў ДНР і ЛНР няма. Як выказаўся Аляксандр Барадай, «Наваросія  —  гэта ідэя, якая не ўвасобілася ў жыццё». А вось што будзе далей з Данбасам — вялікае пытанне.



danbas3.jpg

Самі не могуць


У цяперашнім стане Наваросіі існаваць не можа. Прамысловая моц Данбаса абрынулася, ніякія гумканвоі становішча не выратуюць. Безгрунтоўнасць рэспублік разумеюць і лідэры сепаратыстаў. Таму Ігар Платніцкі зноў патрабуе ад Украіны зняцця эканамічнай блакады. На карысць аднаўлення эканамічных сувязяў з Украінай час ад часу выказваецца і Аляксандр Захарчанка. Пагражаць Парашэнка на камеру — гэта адно, а пракарміць каля 3 млн грамадзян — зусім іншае.
Аднак пытанне пра будучыню рэспублік застаецца адкрытым. Не выключана, што ў бліжэйшыя гады Наваросія можа ператварыцца ў нешта кшталту сектара Газа. Гэта значыць, ва ўтварэнне, сэнс існавання якога — прычыняць непакой Украіне. Свой ХАМАС там ужо ёсць, а яго фінансаванне абыйдзецца не так ужо дорага. Ва ўсякім выпадку, падсанкцыйны Іран спраўляецца. Для тэрарызму шмат грошай не трэба — было б жаданне. Праўда, у такім выпадку на нармальным развіцці рэгіёну можна будзе паставіць крыж.
Крыху менш змрочна выглядае Прыднястроўскі сцэнар, пра які гавораць з вясны мінулага года. Аднак пакуль ён здаецца малаверагодным. З-за эканамічнага крызісу ў Крамля не хапае грошай і на самое Прыднястроўе. На днях у МЗС РФ нават намякнулі на вяртанне рэспублікі-утрыманкі ў склад Малдовы. Браць на пансіён яшчэ і Наваросію — недазваляльная раскоша. Тым больш што насельніцтва ва ўсім Прыднястроўі прыкладна столькі ж, колькі ў адным Луганску. Фінансаваць апалчэнцаў нашмат танней, чым падтрымліваць хаця б бачнасць нармальнага жыцця ў рэспубліках.
Не выключана, што сепаратыстаў можа чакаць лёс баснійскіх сербаў. Калі заходнія санкцыі сталі абыходзіцца занадта дорага, Мілошавіч пагадзіўся на ўвод міратворчага кантынгенту НАТА з вядомымі для сербаў наступствамі. Дарэчы, пасля абстрэлу Марыупаля пра ўвод міратворцаў на Данбас ўжо кажуць у АБСЕ (у Кіеве пакуль аднекваюцца). Ну а самым непрыемным для сепаратыстаў будзе варыянт Сербскай Краіны ў Харватыі, які прадугледжвае сілавы дэмантаж Наваросіі.

Разам не жадаюць


Мірнага вяртання рэспублік у склад Украіны на тых ці іншых правах таксама выключаць нельга. Менавіта на гэтым настойвае Кіеў, прапаноўваючы сепаратыстам пашырэнне правоў самакіравання, а з нядаўніх часоў — яшчэ і свабодную эканамічную зону. Што думаюць на гэты конт самі апалчэнцы, пакуль незразумела — любыя перамовы ім даюцца цяжка. Затое ў Крамлі неаднаразова выказваліся на карысць «аднаўлення агульнапалітычнай прасторы Украіны». У тым ліку пра гэта неаднаразова заяўляў і сам Пуцін. Гэта жу-жу нездарма: вяртанне Данбаса зараз найменш выгадна самой Украіне.
Украінская эканоміка перажывае глыбокі крызіс і трымаецца на плаву выключна за кошт знешніх уліванняў. Калі «народныя рэспублікі» раптам вернуцца пад жоўта-блакітны сцяг, туды прыйдзецца накіраваць вялікія сродкі. Яшчэ мінулым летам гаворка ішла пра мільярды долараў. Не кажучы ўжо пра выплаты заробкаў і пенсій, якія таксама трэба будзе аднавіць. Таму ў інтарэсах Кіева адтэрмінаваць вызваленне акупаваных тэрыторый, як і вяртанне датацыйнага Крыма. Але гэта яшчэ не ўсё.
Аднавіць на Данбасе вертыкаль улады не так ужо складана. Іншая справа — палітычная рэінтэграцыя акупаваных тэрыторый. Нядаўняе абяцанне Парашэнкі «аднавіць украінства» у рэгіёне — вельмі амбіцыйная заяўка. Данбас і раней меў схільнасць да адасаблення, але гэта было хутчэй месніцтва, чым сепаратызм. Цяпер значная частка мясцовых цалкам шчыра ненавідзіць Украіну за распятых хлопчыкаў, Адэскую Хатынь і іншыя «зверствы хунты».
Сітуацыя ўскладнена тым, што амаль усе праўкраінскі настроеныя жыхары пакінулі Данбас яшчэ вясной. Таму знайсці масавую падтрымку ў рэгіёне Кіеву будзе складана. Таму вернуты Данбас рызыкуе ператварыцца ва ўкраінскі Ольстэр. Толькі за мінулы год баевікі IRA здзейснілі з дзесятак нападаў з ужываннем выбухоўкі і агнястрэльнай зброі. Іх заклятыя сябры-лаялісты таксама не адстаюць. Падарыць Украіне ачаг нестабільнасці — нядрэннае завяршэнне данбаскай кампаніі. А ўжо падкідваць дроўцаў спосаб знойдзецца.

Застаецца чакаць


Падобна на тое, мяжа мараў Кіева — знайсці ў асяроддзі сепаратыстаў «пацучынага караля», які забяспечыць парадак у рэгіёне ў абмен на бюджэтныя адчэпныя. Лепш плаціць за лаяльнасць мясцоваму Кадыраву, чым вечна змагацца з тэрарыстамі. Падобную прапанову Парашэнка агучваў практычна прамым тэкстам, аднак асаблівых поспехаў не дасягнуў. І не дасягне, улічваючы шчыльную залежнасць баевікоў ад Крамля.
У цяперашняй сітуацыі Кіеву застаецца цягнуць час і чакаць, пакуль Крэмль пад ціскам санкцый не адступіць. Або пакуль украінская эканоміка не выйдзе з штопару. Альбо ішак здохне, альбо падзішах. Зараз у інтарэсах Украіны — замарожванне сітуацыі на Данбасе пад выглядам чарговага перамір'я і бясконцага перамоўнага працэсу. Балазе ў гэтым Кіеву актыўна дапамагаюць апалчэнцы. Напрыклад, на апошняе паседжанне кантактнай групы ў Мінску прадстаўнікі рэспублік проста не з'явіліся.
Закладнікам сітуацыі застаецца насельніцтва акупаваных і прыфрантавых тэрыторый. Пакуль доўжыцца геапалітычная партыя, ім даводзіцца выжываць ва ўмовах гуманітарнага крызісу, а дзе-нідзе — сапраўднай катастрофы. Тым больш, што з гэтага года выезд з зоны АТА істотна ускладніўся, а банкі масава зачыняюць рахункі жыхароў акупаваных тэрыторый. Абслугоўванне абанентаў у зоне АТА прыпыніла кампанія «Кіевстар» — адзін з галоўных аператараў мабільнай сувязі краіны. Выжывайце як хочаце. Гэта значыць варыянтаў развіцця падзей шмат. Адны больш выгадныя Маскве, іншыя — Кіеву. А вось Данбас ў найбліжэйшай будучыні не чакае нічога добрага. Розніца толькі ў тым, наколькі будзе дрэнна.
slon.ru