СМІ Еўропы: Навошта Расія наогул патрэбна ў ПАРЕ?

Пакуль еўрапейскія дыпламаты гавораць пра шанцы прымусіць Маскву паважаць правы чалавека, у Крамлі ўжо рыхтуюцца пасадзіць у ПАРЕ «дэпутатаў» з акупаванага Крыма.

1561615883_passe7.jpg

Старшыня фонду сем’яў ахвяр рэйсу малазійскага самалёта MH17, збітага прарасійскімі баевікамі над Данбасам, Піт Плоег не разумее рашэнне вярнуць права голасу Расіі ў ПАСЕ. «Дрэнныя паводзіны цяпер узнагароджваюцца», — сказаў ён, дадаючы, што дачыненне Масквы да знішчэння малайзійскага «Боінга 777» і забойства 298 чалавек на борце становіцца ўсё больш відавочным. «А цяпер яе прымаюць з распрасцёртымі абдымкамі. У мяне шмат праблем з гэтым. Пра гэта кажуць кожны тыдзень», — сказаў NRC Handelsblad Плоег, чый фонд накіраваў у ПАРЕ ліст з просьбай не вяртаць права голасу Расіі.

Аднак гэта, відавочна, нічога не дало. Нідэрландскі сенатар Ціні Кокс — адзін з галоўных адвакатаў вяртання Расіі ў ПАРЕ. Паводле яго слоў, ён лёгка можа растлумачыць сваю пазіцыю сем’ям ахвяр MH17. «Пазбаўленне права галасаваць было непрадуктыўным. Расія не змяніла свой падыход і атрымала добрыя аргументы, каб не дапускаць назіральнікаў Рады Еўропы. Менавіта таму мы страцілі ўсе інструменты ўплыву», — сказаў Кокс. Ён дадаў, што новая сістэма санкцый ПАРЕ дае магчымасць замарозіць удзел Расіі або іншых краін, якія парушаюць правы чалавека. І калі Масква не пачне выконваць Мінскія пагадненні і не зробіць крокаў насустрач у вырашэнні праблем акупацыі Крыма і часткі Данбаса, тады яе могуць чакаць «горшыя пакаранні, чым пазбаўленне права голасу».

EU Observer піша, што дэлегацыя Расіі вернецца, нягледзячы на расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны. Яна таксама атрымала сваё права голасу, нягледзячы на пастаянныя парушэнні Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. У Маскве святкуюць маральную перамогу і лічаць, што расійцаў вярнулі ў ПАРЕ, таму што іх краіна «занадта вялікая, каб ігнараваць». «Мы вяртаемся ў Страсбург, каб дапамагчы нашым партнёрам пераадолець крызіс, які падрывае інстытут. ПАРЕ нас не хапае. Ні адно пытанне ў Еўропе не можа быць вырашана без найбуйнейшай краіны», — сказаў расійскі дэпутат Пётр Талстой.

EU Observer зазначае, што Расія не проста вернецца ў Страсбург. Яна хоча пасадзіць у ПАРЕ так званых «дэпутатаў» з акупаванага Крыма. «Як вы можаце ацэньваць абарону правоў чалавека ў Крыме без яго прадстаўнікоў? Не дапусціць іх будзе роўназначна адмове абраным чыноўнікам з тэрыторый былой ГДР», — сказаў Талстой.

Расійскі дэпутат Канстанцін Касачоў расцаніў рашэнне ПАРЕ як «прызнанне сваіх памылак» ў дачыненні да Расіі.

65240852_2373272182947098_9035284148968751104_o.jpg


Між тым, Der Spiegel не сумняецца, што Масква шантажом прымусіла найстарэйшую арганізацыю ў Еўропе скарыцца яе волі. І гэта добра дэманструе, што пастаўлена на кон, калі гаворка ідзе пра адносіны з аўтарытарнымі ўрадамі.

«Шантаж — не навіна ў дыпламатыі. Але ніколі не было такога, каб міністр замежных спраў гаварыў пра гэта так адкрыта, як Сяргей Лаўроў у Хельсінкі. На сустрэчы Рады Еўропы на ўзроўні міністраў у сярэдзіне траўня расійскі дыпламат сказаў, што яго ўрад «ужыў метады шантажу», каб пераканаць партнёраў Масквы ў арганізацыі здацца», — піша нямецкае выданне.

Швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung ставіць пытанне: «Ці павінна Расія наогул быць часткай Рады Еўропы?». Паводле статуту, гэтая арганізацыя аб’ядноўвае дэмакратыі і прававыя дзяржавы. Таму з дня ўступлення Расіі ў Раду Еўропы ў 1996 годзе яе сяброўства выклікае сумневы. З аднаго боку, прыхільнікі кажуць, што арганізацыя стрымлівае Маскву, нават калі яна не прытрымліваецца дэмакратычных прынцыпаў. А сустрэчы Рады Еўропы могуць быць зручнай платформай для камунікацыі. З іншага боку праціўнікі кажуць, што арганізацыя губляе свой аўтарытэт, бо такія дзяржавы, як Расія, уваходзяць у яе склад.

Выданне звяртае ўвагу, што ПАРЕ не проста без якіх-небудзь умоў адмяніла санкцыі і вярнула права голасу расійскай дэлегацыі, але і пайшла на значныя неапраўданыя саступкі. Масква не вярнула Украіне Крым. Яна не стала выконваць рашэнне Еўрапейскага суда па правах чалавека. І за гэта яе «ўзнагародзілі» прыняццем палажэнняў, якія ўскладняюць працэс увядзення санкцый у будучыні. А яшчэ кандыдатуру былога прэм’ер-міністра Літвы Андруса Кубілюса знялі з выбараў генеральнага сакратара, таму што Маскве ён не падабаецца.

«Спроба праз пяць гадоў нармалізаваць адносіны паміж Радай Еўропы і Расіяй зразумелая. Але тое, наколькі зневажальна гэта было зроблена, не проста пакідае непрыемнае адчуванне, але і падрывае аўтарытэт арганізацыі. Адсутнасць устойлівай пазіцыі ў дачыненні да аўтарытарных рэжымаў, як вядома, ніколі не прыводзіць да поспеху», — гаворыцца ў артыкуле.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ