Die Tageszeitung: Гульні, якіх (амаль) ніхто не хацеў
Нямецкае выданне зацікавілася Еўрапейскімі гульнямі, якія праходзяць у Беларусі. Нашай краіне прысвечаны даволі цікавы рэпартаж.
«У Мінску зараз праходзяць Еўрапейскія гульні. Толькі пра гэта, у цені Чэмпіянату свету па футболе, амаль ніхто не ведае. Пры гэтым горад прыклаў для іх правядзення шмат намаганняў, вярнуўшы фальклор туды, дзе была сучаснасць, і прымусіўшы дапамагаць студэнтаў», — піша нямецкае выданне Die Tageszeitung.
На Кастрычніцкай вуліцы, якая яшчэ нядаўна стала «самай дэмакратычнай моладзевай вуліцай горада», у кіёсках зараз прадаюць шашлык замест вегетарыянскіх бургераў, у сувенірных крамах — вязаныя шкарпэткі, лапці і матрошкі. Для мясцовых жыхароў гэта «сімвалы старамоднага мыслення дзяржаўнай улады», — апавядае журналіст Крысціян Хенкель. «І гэта роўна супрацьлеглае таму, што меў на ўвазе эксперт па спартыўным PR Іван Караічаў, калі яшчэ за некалькі тыдняў да пачатку Еўрапейскіх гульняў у сваім блогу на Tribuna.by раіў арганізатарам паказаць, нарэшце, свету вобраз сучаснай краіны», — адзначае выданне.
«Ці то Le Monde, The Times або Gazeta Wyborcza — ні адно з гэтых аўтарытэтных выданняў не прысвяціла мерапрыемству ні аднаго артыкула нават пасля расхваленых вядомымі крытыкамі цырымоніі адкрыцця», — расказвае Хенкель.
«Зрэшты, Беларуссю заходнія СМІ ніколі не турбаваліся і ў мінулым. Стэрэатып пра «апошнюю дыктатуру Еўропы» са смяротным пакараннем і сумніўнымі грамадзянскімі правамі захоўваўся і напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. (...) Здавалася, «мультыспартыўнае мерапрыемства алімпійскага характару» павінна было апынуцца якраз дарэчы для таго, каб трохі палепшыць імідж краіны і прадставіць яе адкрытай свету, з прыемнага боку», — гаворыцца ў артыкуле.
Вось толькі ад супрацоўніцтва з творчымі людзьмі і прыватным бізнесам у Беларусі палічылі патрэбным адмовіцца, звярнуўшыся да метадаў, чкія сябе даўно зарэкамендавалі. «Той, хто ў Беларусі якім-небудзь чынам залежыць ад дзяржавы (а ў планавай эканоміцы такіх шмат), павінен ёй служыць «добраахвотна-прымусова». Асабліва наглядна гэта паказваюць каля 8 тысяч валанцёраў. (...) «Добраахвотнікамі» ў асноўным з’яўляюцца студэнты дзяржуніверсітэтаў. Той, хто адмовіцца ад працы на гульнях, можа чакаць адлічэння, кажуць яны».
«Наколькі эканамічна ірацыянальнай часам можа быць сістэма планавай гаспадаркі ў краіне Лукашэнкі, дэманструе той факт, што толькі для пасадкі аднагадовых кветак на клумбах напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, па ацэнцы ннезалежных прыродаахоўных арганізацый, было выдаткавана каля 5 млн долараў», — падкрэслівае выданне.
Але ўсё гэта толькі дэталі, якія, верагодна, застануцца схаванымі ад вачэй замежных гасцей. Арганізатарам мерапрыемства і жыхарам Мінска, тым не менш, атрымалася «ўваскрасіць» гэтыя «дзіўныя гульні, якіх ніхто не хацеў і якія, у прынцыпе, з’яўляюцца свайго роду неліквідам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў».
«Прафесійныя заўзятары або запоўненыя салдатамі трыбуны, (...) якіх можна было чакаць, сустракаліся рэдка. «Глядацкія месцы тут паўсюль былі так добра запоўненыя, што нават нашым спартсменам ледзь удавалася атрымаць квіткі на наведванне спаборніцтваў па іншых дысцыплінах», — кажа Ёрг Штратман, галоўны рэдактар аддзела лічбавых камунікацый Алімпійскай спартыўнай канфедэрацыі Германіі.
Маціяс Вэбер з Нямецкага баскетбольнага саюза, у сваю чаргу, здзіўлены тым, наколькі Мінск «сучасны, чысты і бяспечны» горад. «Думаю, я кажу гэта ад імя многіх замежнікаў, якія здзіўленыя тым, наколькі добра функцыянуе інфраструктура і наколькі прыязныя жыхары», — адзначыў ён.
«Такім чынам, для Аляксандра Лукашэнкі місія па паляпшэнні іміджу выкананая ўжо зараз: Еўрапейскія гульні сталі прадметам гонару мясцовых жыхароў, зрабілі ўражанне на замежнікаў, а таксама далі спартовым энтузіястам і некаторы эстэтычнае задавальненне», — гаворыцца ў артыкуле.
Тым часам, калі да цырымоніі закрыцця Еўрапейскіх гульняў застаецца яшчэ пара дзён, на праспекце Пераможцаў, дзе праводзяцца шматлікія спаборніцтвы, ужо ўсталёўваюць трыбуны для святкавання Дня незалежнасці 3 ліпеня. «Парад зноў прадставіць вобраз Мінска, да якога ўсе так звыклі: аўтэнтычны, з танкамі і рэактыўнымі знішчальнікамі», — піша Die Tageszeitung.
Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ