У Бундэстагу пракаментавалі Еўрагульні і правы чалавека ў Беларусі

У заяве, апублікаванай на сайце Бундэстага, адзначаецца, што камітэт па правах чалавека парламента ФРГ лічыць правядзенне ў Мінску Еўрапейскіх гульняў нагодай «акцэнтаваць увагу на вельмі крытычным становішчы з правамі чалавека і працягу прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі», а таксама «настойваць на адчувальна і хуткім паляпшэнні» у гэтай сферы.

7c87d36a1a23173a1acdfb3b68f74bc2.jpg

У заяве, апублікаванай на сайце Бундэстага, адзначаецца, што камітэт па правах чалавека парламента ФРГ лічыць правядзенне ў Мінску Еўрапейскіх гульняў нагодай «акцэнтаваць увагу на вельмі крытычным становішчы з правамі чалавека і працягу прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі», а таксама «настойваць на адчувальна і хуткім паляпшэнні» у гэтай сферы.

«Беларусь — адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, якая па-ранейшаму выносіць і прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды. Першыя пазітыўныя крокі да ўвядзення мараторыя на выкананне гэтага віду пакарання на мінулым тыдні былі сарваныя выкананнем смяротнага прысуду», — цытуе заяву БелаПАН.

Камітэт нагадвае, што прапановы БДІПЧ АБСЕ аб змене выбарчага заканадаўства, уключаючы празрысты падлік галасоў і ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісій, не былі рэалізаваныя беларускімі ўладамі.

«Замест гэтага падчас мясцовых выбараў 18 лютага 2018 года зноў былі выяўлены парушэнні. У цяперашнім і наступным годзе чакаюцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. У напярэдадні іх можна было б зноў паспрабаваць ажыццявіць прапановы БДІПЧ АБСЕ», — лічаць у Бундэстагу.

Урад Германіі, Савет Еўропы і Еўрапарламент «рэгулярна нагадваюць пра неабходнасць захавання правоў чалавека — але да гэтага часу без дастатковага поспеху». «Тым не менш, намаганні павінны працягвацца, напрыклад, у межах дыялогу аб правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю (...) і ў межах паездкі прадстаўніка федэральнага ўрада на Еўрапейскія гульні ў Мінск», — прапануюць парламентарыі ФРГ.

Дэпутаты раскрытыкавалі абмежаванне свабоды СМІ, сходаў і аб’яднанняў у Беларусі. Апазіцыі «пастаянна ствараюць перашкоды ў яе палітычнай працы». Дзяржаўныя рэпрэсіі накіраваны на «праваабаронцаў, апазіцыйных палітыкаў, журналістаў і блогераў, адвакатаў і прафсаюзных дзеячаў». Дзейнасць незалежных няўрадавых арганізацый «па-ранейшаму моцна абмежаваная».

«Унутрыпалітычны працэс рэформаў стагнуе, умовы ўтрымання пад вартай вельмі дрэнныя, і нават малалетнія атрымліваюць драконаўскія тэрміны зняволення за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі», — адзначаецца ў заяве.

1554963023_48265913_7.png


«Нягледзячы на асобныя прыкметы адкрытасці, якія суправаджаюцца збліжэннем з Еўрапейскім саюзам, што прыкметны з моманту вызвалення палітвязняў у 2015 годзе, сітуацыя з правамі чалавека па-ранейшаму выклікае трывогу. Неабходны пераканаўчы і надзейны курс на станаўленне прававой дзяржавы і захаванне правоў чалавека, а таксама адмену смяротнага пакарання», — падкрэслівае камітэт.

Акрамя таго, лічаць нямецкія парламентарыі, Еўрапейскія алімпійскія камітэты пры вызначэнні патрабаванняў да арганізатараў буйных спартыўных спаборніцтваў павінны больш ўлічваць сітуацыю з правамі чалавека ў краінах-кандыдатах.

Заяву камітэта бундэстага ўхвалілі фракцыі ХДС/ХСС, СДПГ (сацыял-дэмакраты), СвДП (свабодныя дэмакраты) і Саюз-90/«Зялёныя». Левыя устрымаліся, а ўльтраправая «Альтэрнатыва для Германіі» прагаласавала супраць. Гэтыя фракцыі заявілі, што не ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дакумента.

У жніўні 2018 года прэзідэнт Нямецкага алімпійскага саюза Альфонс Хёрман не выключыў байкоту II Еўрапейскіх гульняў у Мінску з-за пераследу журналістаў. У інтэрв’ю Нямецкаму радыё ён заявіў тады, што саюз ад самага пачатку быў супраць перадачы беларускай сталіцы права праводзіць гэтыя спаборніцтвы. Пагроза байкоту гульняў не была рэалізаваная.