Стрэл у спіну: правасуддзе праз 50 гадоў

Праз 50 гадоў пасля забойства ва Усходнім Берліне паляка, які спрабаваў перабрацца на Захад,  пачынаецца судовы працэс над забойцам — былым супрацоўнікам дзяржбяспекі ГДР.

Будаўніцтва Берлінскага муру. Фота з stroiteh-msk.ru

Будаўніцтва Берлінскага муру. Фота з stroiteh-msk.ru

Забітага звалі Чэслаў Кукучка. Ён быў адным з тых, хто расчараваўся ў польскім сацыялізме і ва ўзросце 38 гадоў вырашыў уцячы на Захад. 3 сакавіка 1974 года Кукучка бясследна знік са свайго дома. А 29 сакавіка 1974 года з'явіўся ва Усходнім Берліне, у пасольстве Польшчы.

Кукучка запатрабаваў ад дыпламатаў, каб тыя далі дакументы, што дазвалялі перасекчы мяжу з Заходнім Берлінам. Пры гэтым ён пагражаў узарваць будынак пасольства, калі яго патрабаванні не будуць выкананыя. Дыпламаты вырашылі не правакаваць госця, і далі яму неабходны дакумент, адначасова паінфармаваўшы Штазі (аналаг КДБ ва Усходняй Германіі) і адначасова папрасіўшы «па магчымасці абясшкодзіць паляка».

Калі Кукучка выйшаў з польскага пасольства за ім ужо сачылі агенты Штазі. Пад іх наглядам ён не прыехаў на памежны пераход на Фрыдрыхштрасэ і рушыў на пераходны пункт. У гэты момант адзін з агентаў стрэліў яму ў спіну.

Цяжкапараненага паляка даставілі не ў бліжэйшую бальніцу, а ў турму Штазі ў раёне Ліхтэнберг, якая знаходзіцца за 10 кіламетраў ад Фрыдрыхштрасэ. Пад вечар ён памёр. Паводле медыцынскага рапарту «стрэл у спіну раздрабніў лёгкія, селязёнку і печань».

Пасля гэтага сілавікі ГДР і Польшчы пачалі рыхтаваць афіцыйную версію таго, што адбылося. Першапачаткова забойства паляка хацелі патлумачыць тым, што той ірваўся праз мяжу, пагражаючы ўзарваць бомбу. Аднак у кішэні ў нябожчыка была не бомба, а разбітая бутэлька з-пад віскі, памазак для галення, брытва, шчотка і крэм для абутку. Польскі бок хацеў прадставіць забойства Кукучкі як самагубства, але з гэтым ужо не пагадзіўся бок ГДР.

У выніку ўлады Польшчы і ГДР вырашылі засакрэціць усю інфармацыю пра забойства. Абодва бакі пагадзіліся, што сям'я забітага не будзе праінфармаваная аб тым, што насамрэч адбылося. Пры гэтым сябрам сям'і таксама была забаронена задаваць дадатковыя пытанні. Цела Чэслава Кукучкі было крэміравана і пахавана ў невялікім коле яго сям'ёй у Польшчы праз некалькі тыдняў пасля яго смерці.

Падавалася, што сляды ўтоеныя. Але насамрэч ад самага пачатку стаіць праўду не ўдалося. У дзень забойства турысты, якія вярнуліся ў Заходні Берлін, паведамілі ў мясцовую паліцыю, што сталі сведкамі забойства каля памежнага пераходу: на іх вачах дрэнна апрануты мужчына, які перасякаў мяжу, быў паранены ў спіну іншым мужчынам, які быў апрануты ў цёмнае паліто і знаходзіўся ўсяго за некалькі метраў ад сваёй ахвяры.

Будаўніцтва Берлінскага муру. Фота з stroiteh-msk.ru

Будаўніцтва Берлінскага муру. Фота з stroiteh-msk.ru

Жорсткае злачынства сярод белага дня на самым ажыўленым памежным пераходзе паміж Усходам і Захадам выклікала цікавасць у органаў юстыцыі ФРГ, якія, акрамя ўсяго, займаліся дакументаваннем і зборам доказаў беззаконня ў ГДР. Неадкладна было распачата папярэдняе расследаванне, аднак ніякіх падрабязнасцяў інцыдэнту ўстанавіць не ўдалося. Тым больш, што прэса ГДР таксама нічога не паведамляла.

Нічога не знайшлі пра гэты выпадак і адразу пасля падзення ГДР, калі была створаная спецыяльная камісія, што займалася расследаваннем забойстваў пры спробах перабегчы Берлінскі мур. Толькі тры з паловай гады таму ў справаздачах Інстытута судовай медыцыны быў выпадкова выяўлены запіс аб смерці ад ран польскага грамадзяніна Чэслава Кукучкі. Гэты запіс і дазволіў пачаць следства.

Па ходзе з'явілася больш дэталей. Так, напрыклад, было ўстаноўлена, што рашэнне застрэліць Кукучку, прыняў Бруна Бітэр, тагачасны намеснік міністра дзяржаўнай бяспекі ГДР.

А што забойца? Аказалася, што афіцэр, які застрэліў паляка, спакойна жыве на пенсіі. Цяпер, праўда, яго спакой парушаны. Нягледзячы на тое, што яму споўнілася 80 гадоў, ён будзе вымушаны паўстаць перад судом, які запланаваны на травень.

Супазоўцамі ў працэсе выступяць двое дзяцей Кукучкі. На думку нямецкага Міністэрства юстыцыі, суд мае гістарычнае значэнне. Таму працэс будзе запісвацца, а аўдыёматэрыялы з часам трапяць у дзяржаўны архіў.

Працэс выклікаў вялікую цікавасць у суседняй Польшчы. Справа ў тым, што Кукучка быў адным з як мінімум 140 людзей, якія былі забітыя падчас спробаў збегчы ў Заходні Берлін. Унікальнасць Кукучкі ў тым, што астатнія ахвяры былі грамадзянамі ГДР ці ФРГ. Польскія ўлады ўжо паведамілі, што разглядаюць хуткі працэс больш маштабна. Па ходзе яны пастараюцца на прыкладзе Кукучкі прадэманстраваць грамадству злачынную прыроду сілавога апарату Польскай Народнай Рэспублікі, якая таксама мае дачыненне да яго смерці.