Суэцкі канал нумар два

Самы кароткі маршрут з Азіі ў Еўропу — такое вызначэнне замацавалася за Суэцкім каналам, які звязвае Чырвонае і Міжземнае мора. Між тым у час будаўніцтва канала яго назва асацыявалася са шматлікімі аферамі. 



blizhniy_vostok1_k2opiya.jpg

З-за таго, што ўвесь час будаўнікам трэба было даваць хабары мясцовым асманскім чыноўнікам, першапачатковы бюджэт хутка растрацілі. Прыйшлося шукаць новых інвестараў. У выніку канал капалі не шэсць гадоў, як планавалася, а адзінаццаць.

Не дзіўна, што заява егіпецкага прэзідэнта Абдул-Фатаха Ас-Сісі пра пачатак будаўніцтва паралельна старому каналу новага, больш шырокага і здольнага прапускаць больш судоў, на Захадзе ўспрынялі даволі асцярожна.

Калі верыць Ас-Сісі, Суэц–2 стане пачаткам новай эры ў гісторыі Егіпту, якую ён сам ахрысціў як «Новы Егіпет». Контуры мадэлі «Новы Егіпет» праглядаюцца пакуль смутна. Аднак, як мяркуецца, яе атрыбутам стане новая працоўная этыка егіпцян. Як сказаў прэзідэнт, будаўніцтва канала дапаможа «ўставаць раней і працаваць больш». Ас-Сісі таксама лічыць, што праект стане сацыяльным ліфтам для маладых кадраў, што дазволіць «амаладзіць Егіпет».

Трошкі пазней сталі вядомыя тэхнічныя параметры будаўніцтва канала. Такім чынам, новы канал пройдзе па Сінайскаму паўвостраву і будзе на 45 кіламетраў даўжэйшы за стары маршрут. Запуск у эксплуатацыю прынясе каласальныя даходы. Зараз краіна атрымлівае ад эксплуатацыі канала 5 мільярдаў долараў ЗША штогод, а з дапамогай новага канала стане папаўняць казну на 13 мільярдаў. Усё дзякуючы большаму трафіку судоў, якім давядзецца стаяць у чарзе толькі тры гадзіны (зараз яны чакаюць на ўваход у зону канала каля 11 гадзінаў).

Праўда, для таго, каб пачаць будаўніцтва, патрэбна знайсці каля 8,5 мільярда долараў. Пяць мільярдаў неабходна для будаўніцтва ірыгацыйных канструкцый, а яшчэ тры з паловай трэба будзе ўкласці ў інфраструктуру. Увогуле, на штучным востраве, які ўзнікне паміж двума каналамі, плануецца стварыць вялізарны бізнэсовы і лагістычны цэнтры.

Будаўніцтва на Сінаі мае таксама палітычны аспект. У рэгіёне шмат палесцінскіх бежанцаў, якія падтрымліваюць радыкальных суайчыннікаў у Сектары Газа. Рост прапаноў на мясцовым рынку працы можа пераключыць увагу палесцінцаў ад палітыкі на эканоміку і паслабіць напружанне ў гэтай частцы Блізкага Усходу.

Тым не менш, чаргі з заходніх інвестараў пакуль не назіраецца. Ёсць шэраг момантаў, якія турбуюць патэнцыйных інвестараў. Па-першае, вельмі напружаная палітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыі ў Егіпце. За пару гадоў краіна перажыла рэвалюцыю, прыход да ўлады мусульман, вайсковы пераварот, які адхіліў іх да ўлады, новую хвалю тэрарызму. Сітуацыя ў эканоміцы таксама не самая лепшая: з нядаўніх часоў у егіпецкіх гарадах пачаліся веерныя адключэнні электрычнасці.

Ёсць думка, што праект новага Суэцкага канала на выхадзе здольны аказацца патрыятычнай бурбалкай, разлічанай на тое, каб кансалідаваць грамадства вакол новага рэжыму. Усім вядома, якое важнае месца Суэц займае ў егіпецкай нацыяналістычнай дактрыне. Пасля таго, як прэзідэнт Гамаль Абдэль Насер у 1956 годзе нацыяналізаваў канал, які належаў сумесна французам і брытанцам, Лондан і Парыж адправілі сюды войскі. Дзякуючы пазіцыі СССР і ЗША канфлікт закончыўся на карысць Каіру — канал стаў канчаткова егіпецкім. Чаму б цяпер нестабільнаму ўраду зноў не скарыстацца тым міфам у папулісцкіх мэтах? Дарэчы, журналісты адзначылі валюнтарысцкі пасаж у спічы прэзідэнта, які ў духу аўтараў савецкіх пяцігодак заклікаў прарыць канал не за тры гады, а за год. Гэта пры тым, што, на думку спецыялістаў, толькі для распрацоўкі інжынерных схем патрэбны як мінімум год працы.

Па-другое, хвалюе інвестараў непразрыстасць менеджменту праекту. З-за пытанняў бяспекі цэнтральны кантроль над будаўніцтвам будзе знаходзіцца ў руках вайсковай адміністрацыі, а не бізнэс-структур. Пры вайскоўцах будзе сфармаваны кансорцыум. Праўда, урад заявіў, што ўсе ўдзельнікі кансорцыуму будуць абірацца празрыста. Для перастрахоўкі адбор будзе кантраляваць Сусветны банк, які дашле спецыяльнага інспектара.

Прыкладам неэфектыўнасці егіпецкай дзяржаўнай машыны стала нядаўняя гісторыя з паштовай маркай, што прысвечаная менавіта пачатку будаўніцтва новага канала. На ёй чамусьці аказаўся выяўлены Панамскі канал. Высветлілася, што дызайнеры маркі папросту пераблыталі малюнкі. Кур’ёз, калі меркаваць па каментарах на форумах, яшчэ раз давёў неэфектыўнасць і бюракратычны характар егіпецкай вертыкалі.

Па-трэцяе, не дадае аптымізму інвестарам і тэрарызм, які мае сацыяльную базу на Сінаі. У мінулым годзе група ісламскіх баевікоў спрабавала наблізіцца да зоны канала і абстраляць кітайскі танкер. Няма сумневаў, што Суэц–2, які павінен стаць візітоўкай новага рэжыму, будзе патэнцыйным аб’ектам тэрарыстаў. На думку брытанскіх СМІ, атаку на канал могуць планаваць не толькі мясцовыя шахіды, аднак і міжнародныя цэнтры тэрарыстаў, накшталт «Ісламскай дзяржавы» Іраку і Сірыі. Знайсці рэалізатараў сваіх планаў яны лёгка змогуць сярод сінайскіх фермераў, якія жывуць у зоне будучага канала. Улады ўжо загадалі ім пачаць высяленне. Усяго трэба выселіць каля 50 вёсак, дзе жывуць прыкладна 50 тысяч жыхароў, якія, натуральна, не ў захапленні ад прымусовага пераезду.

Заходняя прэса піша, што пераканаць інвестараў укласці грошы ў канал маглі б шырокія прававыя і эканамічныя рэформы ў Егіпце. У спісе прапаноў — перагляд умоваў выдачы ліцэнзій на працу ў краіне і арэнды зямлі для замежных кампаній, зніжэнне падаткаў для іншаземцаў, новая энергетычная палітыка. Аднак наўрад ці вайскоўцы пойдуць на лібералізацыю.

Праблема не ў тым, што армія па сутнасці з’яўляецца манапольнай бізнэс-структурай, што прадае ўсё — ад вады да смартфонаў. Існуючая сістэма таксама важная для палітычнага кантролю, паколькі дазваляе хутка пераразмяркоўваць сродкі і ліквідаваць праблемы на месцах.

Між тым, пакуль заходні бізнэс думае, самі егіпцяне актыўна ўкладаюць грошы ў канал. Каля банкаў стаяць чэргі ахвотнікаў набыць сертыфікаты інвестараў, якія даюцца пад 12 працэнтаў гадавых. Тэрмін пагашэння займу — праз тры гады. Мясцовы банк рапартуе, што 8,5 мільярда долараў, неабходныя для будаўніцтва канала, ужо амаль сабраныя.