Сусветныя цікавосткі: Хто першы здрадзіць каралю, украінізацыя лаянкі, няма бензіну — няма Першамая!

Хто першым здрадзіць Карлу ІІІ: сярод тых, хто горача вітаў новага караля, былі і тыя, хто выступаў супраць манархіі. Выбірай сваё — украінцаў заклікаюць змяніць расійскія лаянкавыя словы адпаведнікамі на роднай мове. Канфуз на Кубе — як адсутнасць паліва перашкодзіла адзначыць Першамай. І зноў пра Крым. Пра ўсё гэта — у новым выпуску сусветных цікавостак.

Брытанская карона, фота ТАСС

Брытанская карона, фота ТАСС


Хто першы здрадзіць Карлу ІІІ?

У мінулыя выхадныя ўпершыню за 70 гадоў у Вестмінстэрскім абацтве адбылася каранацыя новага брытанскага манарха. Той прынёс прысягу ў прысутнасці ўсёй палітычнай эліты. Між тым прэса высветліла, што сярод палітыкаў, якія захоплена сустракалі новага караля, ёсць тыя, хто ў мінулым актыўна падтрымліваў ідэю рэспублікі. Прычым крытыкавалі яны манархію не на жарт. Адзін дэпутат палічыў «хлуснёй» тое, што чальцы каралеўскай сям'і жывуць непаўнавартасным жыццём з-за сталай увагі прэсы. Іншы назваў такі інстытут як манархія «дурніцай». Шараговымі дэпутатамі справа не абмяжоўваецца. Першы міністр Шатландыі казаў, што каралю Карлу наўрад ці знойдзецца месца ў незалежнай Шатландыі. Яго калега з Уэльса выступае за адмену манархіі. Ліз Трас, папярэдні прэм'ер Аб'яднанага Каралеўства, раней мела імідж прыхільніка рэспублікі. Будучы студэнткай, яна актыўна выказвала сваю нязгоду з тым, што краінай фармальна кіруюць каралі і каралевы. «Мы не лічым правільным, што людзі народжаныя, каб кіраваць», — заявіла яна на адным з мітынгаў. 

Усяго брытанскія журналісты налічылі ў атачэнні Карла ІІІ 16 палітыкаў, якія раней крытыкавалі правячую дынастыю. Як бачым, паплечнікі ў караля яшчэ тыя. У любы момант могуць зноў перабегчы на бок рэспубліканцаў. А такога фартэлю выключаць нельга. Паводле апошняга апытання YouGov, толькі 53% брытанцаў лічаць, што манархія карысная для Брытаніі — у параўнанні з 73% у 2012 годзе. Па матэрыялах брытанскай прэсы

Украінізацыя лаянкі

Гледачоў украінскага тэлеканала «Культура», які створаны пры Міністэрстве культуры Украіны, днямі чакаў сюрпрыз. Рэдакцыя каналу вырашыла навучыць аўдыторыю правільна лаяцца. Агульнавядома, што амаль уся штодзённая ненарматыўная лексіка ва Украіне мае расейскія карані. Такі стан спраў Мінкульт палічыў няправільным. Ачышчэнне мовы ад акупацыйнага жаргону пачалі са слова «блін». Вядучым было прапанавана пяць варыянтаў, якія дазваляюць выказаць сітуацыю нечаканага дыскамфорту, размаўляючы на ўкраінскай. Гэта словы: «чорт», «до біса», «грець», «дідько» і, нарэшце, «трасця». Зрэшты, падводзячы вынікі, вядучы прызнаў, што правільней будзе выкарыстоўваць не названыя вышэй словы, а развіваць слоўнікавы запас, якога хапіла б для выказвання эмоцый без ужывання жарганізмаў. Тым часам усе ў прадчуванні новых выпускаў, у якіх будуць прапанавана альтэрнатывы іншым словам і абаротам з расейскай лаянкі.
Па матэрыялах украінскай прэсы

Няма бензіну — няма Першамая!

Тыдзень таму свет адсвяткаваў Міжнародны дзень працоўных. Думаецца, найбольш незвычайна Першамай прайшоў на Кубе. Тут партыя адмяніла першамайскае дэфіле ўпершыню пасля рэвалюцыі 1959 года. Прычына адмены банальная — дэфіцыт паліва. Зрэшты, збольшага ўлады самі стварылі сабе праблему. Традыцыйна кожны год на Першамай у Гавану з усіх куткоў Вострава свабоды звозяць аўтобусамі дзясяткі тысяч бюджэтнікаў і партактыў. Тут яны далучаюцца да сталічнай акцыі на цэнтральнай плошчы сталіцы. На гэты раз бензіну для дастаўкі такой вялізнай хеўры проста не хапіла. Партыя і ўрад запэўніваюць, што ўсяму віной выключныя прычыны. Венесуэла — асноўны пастаўшчык нафты на Кубу, выходзіць з-пад санкцый. Таму краіна пачала актыўна экспартаваць на продаж нафту, якая першапачаткова прызначалася для Гаваны ў якасці гуманітаркі. Кубінцам прапанавалі іншы, больш грубы гатунак нафты, але заводаў для яе перапрацоўкі на Кубе няшмат. Нібыта таму і ўзніклі перабоі з бензінам, што прымусіла адмяніць першамайскае шэсце. Ці можна будзе вырашыць праблему бензіну да наступнага 1 мая, пакуль не зразумела.
Па матэрыялах амерыканскай прэсы

Як Крым ледзь СССР не разваліў

250-я гадавіна далучэння Крыма да Расійскай Імперыі ў тым ліку прымусіла гісторыкаў успомніць адзін цікавы эпізод, звязаны з гісторыяй паўвострава. А менавіта малавядомыя наступствы рашэння Хрушчова аб перадачы Крыма ў склад Украіны ў 1954 годзе. Справа ў тым, што на ўзроўні кіраўнікоў іншых рэспублік узнікла ідэя падобным чынам далучыць сабе некаторыя тэрыторыі суседзяў, што магло выклікаць самыя непрадказальныя для лёсу СССР працэсы. Далей за ўсіх пайшлі армяне. З Ерэвана ў кіраўніцтва СССР прыйшоў ліст, падпісанты якога прасілі перадаць Нагорны Карабах у склад Арменіі. У крайнім выпадку прапаноўвалася падняць статус Нагорнага Карабаха да саюзнай рэспублікі. Пры гэтым падпісанты натуральна спасылаліся на нядаўні крымскі прэцэдэнт. Мікіта Хрушчоў быў змушаны пагадзіцца выслухаць аргументы бакоў. Для гэтага ў Маскву запрасілі лідараў Армянскай ССР і Азербайджанскай ССР. У выніку перамоваў межы вырашылі не пераглядаць. Тым самым ахаладзілі і тэрытарыяльныя апетыты і лідараў іншых рэспублік. Зрэшты, як паказала гісторыя, межы ў Закаўказзе выстаялі ненадоўга. Як толькі пачалася перабудова, тэрытарыяльныя канфлікты, перш за ўсё на Каўказе, зноў сталі актуальнымі.
Па матэрыялах украінскай прэсы