У Лондане каранавалі караля Вялікабрытаніі Карла III (фота, відэа)

На каранацыю запрасілі 2000 гасцей, уключаючы каля 100 кіраўнікоў дзяржаў. Прадстаўнікі Беларусі і Расіі ў Лондане адсутнічалі. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка не атрымалі запрашэнняў — найперш праз сумесна развязаную вайну ва Украіне.

photo_2023_05_06_15_11_05__2_.jpg

У Лондане прайшла каранацыя караля Вялікабрытаніі Карла III і каралевы Камілы. Гэта першая падобная цырымонія ў краіне за апошнія 70 гадоў. На каранацыю запрасілі 2000 гасцей, уключаючы каля 100 кіраўнікоў дзяржаў.

Каранацыя Карла III прайшла праз восем месяцаў пасля смерці маці Карла, каралевы Лізаветы II.

Карл III быў каранаваны знакамітай каронай святога Эдуарда, якой больш за 360 гадоў. Яна выраблена з 22-каратнага золата і 444 каштоўных і паўкаштоўных камянёў, уключаючы 345 аквамарынаў, 37 белых тапазаў, 27 турмалінаў і 12 рубінаў. Для каранацыі каралевы-кансорта Камілы было вырашана выкарыстоўваць карону каралевы Марыі са срэбнай аправай з пазалотай, упрыгожаную 2200 дыяментамі.

Да прыбыцця ў Вестмінстэрскае абацтва Карл і Каміла праехалі па вуліцах Лондана ў дзяржаўнай карэце брыльянтавага юбілею (Diamond Jubilee State Coach), якая была падораная Лізавеце II да 60-гадовага юбілею праўлення. Вяртацца ў Букінгемскі палац ім давялося ўжо ў залатой дзяржаўнай карэце (Gold State Coach), якая была задзейнічана ў кожнай каранацыі з часоў караля Вільгельма IV у 1831 годзе.

Усе выдаткі, звязаныя з каранацыяй, узяў на сябе ўрад Вялікабрытаніі. Каранацыя Лізаветы II абышлася прыкладна ў 1,57 млн фунтаў сцерлінгаў, што ў пераліку на сённяшні курс складае 46 млн фунтаў. Кошт каранацыі Карла ІІІ пакуль невядомы, аднак брытанскі ўрад абяцаў, што інфармацыя пра гэта будзе апублікаваная.

Старэйшы сын Лізаветы II 74-гадовы Чарльз стаў каралём адразу пасля смерці маці і абраў троннае імя Карл III. Лізавета II памерла 8 верасня ва ўзросце 96 гадоў у замку Балмарал — шатландскай рэзідэнцыі каралеўскай сям'і. Яна кіравала больш за 70 гадоў — узышла на пасад ва ўзросце 25 гадоў у 1952 годзе пасля смерці яе бацькі, караля Георга VI. За час яе кіравання змянілася 15 прэм'ер-міністраў.

Паводле «Форбса», фота ТАСС.