Сусветныя цікавосткі: «Не вязі Пуціна з сабой», чаму туркменкам нельга за мяжу, юбілей серыялаў
Заклікі абмежаваць паездкі на асабістым транспарце паасобку ва Украіне, новыя забароны для жанчын у Туркменістане і новы скандал з-за Прарока — пра гэта і іншае ў нашым дайджэсце кур'ёзаў свету.
Не вязі Пуціна з сабой!
На фоне росту коштаў на паліва ўкраінскія грамадскія актывісты прапанавалі новую незвычайную кампанію. Яе сэнс у тым, каб украінцы адмовіліся ад паездак паасобку на асабістым транспарце. Іншымі словамі, накіроўваючыся некуды, аўтамабіліст можа пад дарозе падабраць пасажыраў, якім трэба ехаць у тым жа кірунку. «Калі кожны скароціць спажыванне, гэта будзе вялізны эфект у маштабах усёй краіны. Тады мы зможам даць больш паліва тым, каму яно сапраўды патрэбнае, а, па-другое, мы паскорым стварэнне запасаў і на ўзроўні спажыўцоў, і на ўзроўні дзяржавы, якая ваюе», — сцвярджае адзін з аўтараў кампаніі.
Ці атрымаецца такі эфект, цяжка сказаць, аднак у любым выпадку падобная кампанія можа ўдарыць па коштах на таксі. Так, у Кіеве гэта паслуга з пачатку вайны падаражэла ўдвая.
Ініцыятары акцыі ў тым ліку ўказваюць на гістарычныя прыклады. У часы Другой сусветнай амерыканскі ўрад праводзіў падобную прапаганду па скарачэнні спажывання паліва. Прычым рабілася гэта вельмі арыгінальна. На запраўках вешаліся плакаты з надпісам «Калі ты едзеш адзін у машыне, ты вязеш з сабой Гітлера». Хутчэй за ўсё, нешта падобнае можна будзе хутка ўбачыць на білбордах уздоўж украінскіх аўташляхоў.
Па матэрыялах украінскай прэсы
75 гадоў серыялам
Нягледзячы на шалёную папулярнасць серыялаў, іх аматары, напэўна, не здагадваюцца, што сёлета ўлюбёны жанр адзначае важны юбілей. Роўна 75 гадоў таму, у чэрвені 1947-га, у Штатах пачаліся здымкі першага серыялу, які называўся «Мэры Кэй і Джоні» (англ: “Mary Kay and Johnny”). Сюжэт сіткома быў засяроджаны вакол прыгод банкаўскага служачага і яго эксцэнтрычнай жонкі, якія вырашаюць рознага кшталту фінансава-побытавыя праблемы. Большая частка серыяла адбываецца ў іх кватэры ў Нью-Ёрку. Кожная серыя, якая выходзіла штодня, доўжылася прыкладна 15 хвілін. У тым жа годзе восенню серыял выйшаў на экраны канала CBS і пратрымаўся тры сезоны.
Цікава, што серыял увайшоў у гісторыю не толькі як піянер у сваім жанры. У ім упершыню была паказана сцэна, калі муж і жонка ляжаць у адным ложку. Застаецца дадаць, што серыялы, якія здымаліся пазней, часам мелі глабальную грамадска-палітычную ролю. Дастаткова згадаць сагу «Багатыя таксама плачуць», які зрабіў у экс-СССР сапраўдную рэвалюцыю ў тэлевізійным жанры. Урэшце, украінскі серыял «Слуга народа» забяспечыў Уладзіміру Зяленскаму перамогу на выбарах у 2019-м. Але ўсё пачыналася з сціплага «Мэры Кэй і Джоні».
По матэрыялам амерыканскай прэсы
І зноў скандал з-за Прарока
Здавалася, пасля гісторыі з рэдакцыяй Charlie Hebdo, якую ў 2015-м з-за карыкатур на прарока Мухамеда расстралялі рэлігійныя фанатыкі, ніхто не рызыкне чапаць тонкую тэму пра заснавальніка ісламу. Аднак у Вялікабрытаніі знайшліся смельчакі, якія знялі фільм «Жанчына з нябёсаў» пра Фаціму, дачку Мухамеда. Фільм павінен быў выйсці на экраны якраз у чэрвені, але не гэтага не адбылося. Кінатэатры па ўсёй Вялікабрытаніі адмяняюць паказы фільма з-за рэакцыі раз'юшаных мусульман. Цікава, што сцэнар фільма быў напісаны знаўцам ісламу. Гэта нейкі мула, які нарадзіўся ў Кувейце і пражывае ў Вялікабрытаніі. Але ёсць нюанс: у фільме, які зняты на базе сцэнара згаданага мулы, распавядаецца гісторыя ісламу з шыіцкага пункту гледжання. А менавіта — прасоўваецца ідэя аб тым, што суніцкія халіфы ўзурпавалі вучэнне Мухамеда. Для гэтага яны, нібыта, у прыдачу забілі Фаціму. Такім чынам, насамрэч атрымліваецца, што, патрабуючы забароны карціны, адна фракцыя мусульманскай абшчыны імкнецца падвергнуць цэнзуры іншую. Зрэшты, у тых, хто патрабуе забароны, свае аргументы. Так ці інакш, на экране прысутнічае Айша — маці Фацімы і жонка Мухамеда. А гэта, на іх думку, ні што іншае як здзек з рэлігіі.
Па матэрыялах брытанскай прэсы
Жанчына як падрыў рэпутацыі краіны
Туркменская апазіцыйная прэса піша пра новы пакет законаў адносна жанчын, якія збіраецца прыняць мясцовы парламент. Нагадаем, апошнім часам у гэтай сферы з“явілася вельмі шмат забаронаў. Гэтак, прызнана па-за законам «абліпальнае» адзенне. Жанчынам настойліва рэкамендавана апранацца толькі ў нацыянальныя сукенкі. Забаронена фарбаванне валасоў. Знаходжанне жанчыны па-за домам пасля 8 вечара «падлягае высвятленню». Для выхаду на вуліцу павінна быць прычына. Найбольш камічная сітуацыя склалася ў галіне барацьбы з павелічэннем вуснаў (гэта таксама па-за законам). На вуліцах туркменскіх гарадоў спецыяльныя патрулі правяраюць у жанчын рукамі (!), ці не павялічаны іхнія вусны.
Частка з гэтых законаў ужо ўступіла ў сілу, іншыя прымяняюцца на практыцы неафіцыйна, але з яшчэ большым імпэтам.
Ну і, нарэшце, у найбліжэйшыя дні чакаюць эпічнага прарыву. Меджліс Туркменіі абмяркоўвае поўную забарону на выезд жанчын за мяжу, паколькі яны гэтым самым... «падрываюць рэпутацыю краіны». А паколькі парламент у Туркменіі хутчэй дэкаратыўны орган, няма сумневаў што за гэтай ініцыятывай стаіць новы прэзідэнт Сердар Бердымухамедаў. «Чым яму жанчыны насалілі?», — задаюцца пытаннем многія каментатары на форумах.
Па матэрыялах туркменскай прэсы