Свет пасля Сінгапура

Сустрэча Рональда Рэйгана і Міхаіла Гарбачова ў 1986-м або Анвара Садата і Менахіма Бегіна ў 1979-м. Напэўна, толькі з тымі гістарычнымі рандэву можна параўнаць сцэну 11 чэрвеня ў Сінгапуры, дзе Дональд Трамп абмяняўся поціскамі рукі з Кім Чэн Ынам.

Фота HANDOUT

Фота HANDOUT

У інтэрнэце гуляюць чуткі — клоун Рональд збіраецца ў новае падарожжа. Кажуць, што ў хуткім часе рыхтуецца адкрыццё рэстарана McDonalds у Пхеньяне. Сапраўды, пасля саміту ў Сінгапуры, падаецца, ніякіх перашкодаў для адкрыцця бутэрброднай у КНДР няма.

Сам Кім Чэн Ын даўно вядомы як аматар заходняй спажывецкай культуры. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы дамовіліся ледзь не па ўсіх пытаннях. Трамп і Кім гатовыя «працаваць над поўнай дэнуклеарызацыяй Карэйскага паўвострава». Бакі дамовіліся ўсталяваць двухбаковыя адносіны ў новым фармаце і прыкласці намаганні для стварэння трывалага і стабільнага міру на Карэйскім паўвостраве. Абмяркоўваліся нават пошукі парэшткаў амерыканскіх вайскоўцаў, якія загінулі або зніклі без вестак у час Карэйскай вайны 1950–1953 гадоў.

Між тым, свет чакае значна большага ад сігнапурскай сустрэчы. На думку палітолагаў, спатканне 11 чэрвеня выклікае глабальныя змены. Праўда, большасць экспертаў лічаць, што гэта будуць перамены, магчыма, і не вельмі пазітыўныя.

Па-першае, відавочна, што саміт ЗША — КНДР аслабіць у заходнім грамадстве негатыўнае стаўленне на адрас розных дыктатараў і аўтарытарных лідараў. Як слушна нагадвае «The Sydney Morning Herald», на саміце не прагучала ніводнага слова пра правы чалавека ў Паўночнай Карэі. Між тым, як піша газета, «каля 80000 — 130000 дзяцей, жанчын і мужчын знаходзяцца ў паўночнакарэйскіх ГУЛАГах непасрэдна цяпер. Іх колькасць такая высокая і ўзроставы дыяпазон настолькі шырокі праз даўнюю сямейную палітыку Кімаў па ліквідацыі «насення» класавых ворагаў на працягу трох наступных пакаленняў».

Нездарма ў Маскве з нагоды сустрэчы не хаваюць радасці: маўляў, пасля Сінгапура дадзенае зялёнае святло спатканню Пуцін — Трамп. Калі ўжо прэзідэнт ЗША сустракаецца з такім ізгоем, як Кім, то чаму ж яму не сустрэцца з Пуціным? Зусім супрацьлеглыя настроі ў Кіеве, дзе выданне «Replyua» па слядах саміту 11 чэрвеня сцвярджае: «Усё больш довадаў казаць, што Трамп — расійскі шпіён, які быў завербаваны ў 2013 годзе падчас наведвання Масквы».

Па-другое, Сінгапур стварыў маладому Кім Чэн Ыну велізарны аўтарытэт. Як адзначае CNN, «мы ўжо далі Кіму нешта вельмі каштоўнае: сам саміт. Стоячы побач з лідарам самай важнай сілы ў свеце, Кім атрымаў прэстыж і статус, пра які яго бацька і дзед нават не марылі. Вядома ж, яны хацелі яго атрымаць, але не атрымалі, таму што амерыканскія прэзідэнты не хацелі прапаноўваць ім саміты. Такім чынам, саміт ужо стаў перамогай для Кіма, і ён застанецца перамогай, нават калі пагадненне не будзе дасягнутае».

Найбольш радыкальныя высновы ў гэтым плане робіць нямецкая «Deutsche Wellе». «З яго (Трампа) дэвізам: «Амерыка вышэй за ўсё», карнымі тарыфамі і шматлікімі парушэннямі кантрактаў, Трамп не выклікае даверу ў Азіі. І таму, акрамя ўсёй сімвалічнай палітыкі, гістарычны саміт у Сінгапуры азначае сабой пачатак канца Злучаных Штатаў як сусветнага паліцэйскага і надзейнай міратворчай дзяржавы».

Шмат хто непакоіцца, што Трамп пасля поспеху ў Сінгапуры, што называецца, цалкам зляціць са штулек. Па сутнасці, гэты быў сапраўды яго вялікі прарыў, які можа натхніць яго яшчэ на нешта. «Washington Post» з гэтай нагоды адзначае: «У складаных, поўных нюансаў сферах эканомікі і бяспекі ён (Трамп) нічога не дамогся, акрамя знішчэння папярэдніх пагадненняў, інстытутаў, нават анамальных паводзінаў на G-7 усяго некалькі дзён таму. Але ў Сінгапуры ён мог дамагчыся чагосьці без абмеркавання складаных пытанняў, без якіх-небудзь інтэлектуальных намаганняў: фатаграфія, «прарыў», вобраз бізнесоўца, які інтуітыўна хоча «міру».

«Business Week» палохае чытачоў, што пасля Сінгапура ўся знешняя палітыка ЗША ператворыцца ў шоў. Характэрная ў гэтым плане цытата самога Трампа. «Сядайце, калі ласка», — сказаў ён на адрас журналістаў, і пасля дадаў: «Вы ўсё атрымалі выдатную карцінку, а я буду выглядаць выдатна і сімпатычна». Трансфармацыі палітычнага працэсу ў нейкі піяр баяцца і ў французскай «L’Opinion». Каментуючы эпізод, калі Трамп і Кім ціснулі адзін аднаму рукі такім чынам, каб не выглядаць слабейшым за свайго візаві, выданне піша пра нейкі «сюррэалізм».

Аднак самае жудаснае — прынамсі, так лічыць «Los Angeles Times», — хаваецца ў тым, што Кім відавочна не збіраецца праводзіць тую самую «дэнуклеарызацыю». І хто ведае, ці не праінфармуюць Трампа пра гэта, калі яму будзе патрэбная новая карцінка, дзе ён выглядае як паслядоўны змагар з дыктатарамі?