Што такое «развод на сон» і чаму гэта робіцца ўсё больш папулярным?
Даследаванні паказваюць, што тэндэнцыя, калі сужэнцы спяць у асобных пакоях, набірае моц, прынамсі, у некаторых краінах. А калі справа даходзіць да таго, дзе і як спаць, усё больш і больш пар называюць сваім прыярытэтам добры сон, піша ВВС.
Усё пачалося падчас пандэміі кавіда.
Храп побач быў невыносны, і Сесілія (імя зменена па просьбе гераіні) не магла заснуць. Яна ўвесь час штурхала мужчыну, спрабуючы прымусіць яго легчы на другі бок і перастаць храпці. Але ўсё было дарэмна.
У 35-гадовай жанчыны проста лопнула цярпенне. Пасля гэтага пара вырашыла: яны больш не будуць спаць разам у адным пакоі.
«Я не магла засяродзіцца на сваёй працы, увесь дзень адчувала стомленасць. Пару начэй можна вытрымаць, але калі гэта доўжыцца больш, то жыць проста немагчыма», — распавяла Сесілія BBC.
«Гэта было нялёгкае рашэнне — мы абодва былі вельмі засмучаныя. Але калі мы зразумелі, што нарэшце можам заснуць, я была шчаслівая», — дадае яна.
Сесілія і яе 43-гадовы партнёр пайшлі на так званы «сонны развод».
«Звычайна лічыцца, што расстанне дзеля сну будзе чымсьці часовым. Але пазней муж і жонка разумеюць, што яны пачынаюць нашмат лепш спаць паасобку, — тлумачыць Стэфані Кальер, псіхіятарка, якая працуе ў амерыканскай клініцы. — І гэтая тэндэнцыя становіцца ўсё больш пашыранай».
Феномен, які быў распаўсюджаны на працягу тысячагоддзяў
У канцы мінулага года вядомая амерыканская актрыса Кэмеран Дыяс распавяла ў падкасце для Lipstick on the Rim, што яны з мужам не спяць у адным пакоі.
«Я думаю, што нам трэба нармалізаваць асобныя спальні», — сказала яна.
Такая адкрытасць выклікала тысячы каментароў у сацыяльных сетках і распаліла жарсці ў СМІ, але выпадак з галівудскай зоркай нельга назваць адзінкавым.
Згодна з даследаваннем Амерыканскай акадэміі медыцыны сну ў 2023 годзе, больш за траціну рэспандэнтаў у ЗША сказалі, што яны часам або рэгулярна спяць асобна ад сваіх партнёраў, каб палепшыць якасць сну.
Гэтая тэндэнцыя асабліва папулярная сярод міленіялаў (пакаленне, якому цяпер ад 28 да 42 гадоў) — сярод іх колькасць тых, хто спіць асобна ад партнёра, складае 43%.
Сярод тых, хто нарадзіўся пасля Другой сусветнай вайны, паміж 1946 і 1965 гадамі (бэбі-бумер), такіх толькі 22%.
Сярод тых, хто нарадзіўся з 1965 па 1980 год (пакаленне X), 33% спяць асобна. Сярод самых маладых, якія нарадзіліся з 1997 па 2012 год (пакаленне Z) — 28%.
«Хоць дакладна невядома, чаму маладыя пакаленні больш схільныя спаць паасобку, ёсць некаторыя здагадкі. Адна з іх палягае ў тым, што яны не саромеюцца гэтай ідэі. Гэта культурная змена. Яны думаюць: калі я буду спаць лепш, я буду і адчуваць сябе лепш, дык чаму б і не?» — тлумачыць доктар Кальер.
Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што двухспальны сон — даволі сучасная з'ява, якая стала распаўсюджанай падчас прамысловай рэвалюцыі, калі людзі сталі жыць у больш густанаселеных гарадах.
Але да 19-га стагоддзя даволі часта здаралася, што сямейныя пары спалі ў розных пакоях.
«І чым вышэйшым быў сацыяльна-эканамічны статус, тым больш распаўсюджанай была гэтая звычка. Так спалі, напрыклад, чальцы каралеўскіх сем'яў», — кажа Пабла Брокман, самнолаг з медыцынскай школы Каталіцкага ўніверсітэта Чылі.
Якія перавагі?
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што для пар, якія вырашылі спаць у асобных пакоях, ёсць некалькі пераваг.
«Галоўнае — рэгулярна і глыбока спаць. А добры сон вельмі важны для добрага здароўя», — тлумачыць доктар Кальер.
«Калі чалавек не можа заснуць, гэта адбіваецца на ўсім: ад імуннай сістэмы да розных функцый арганізма. Акрамя таго, вы лягчэй раздражняецеся. І нават можа развіцца пэўная форма дэпрэсіі», — дадае псіхіятарка.
Доктар лічыць, што «развод на сон» дапамагае зрабіць адносіны ў пары «больш здаровымі».
«Дрэнна адпачылыя пары, як правіла, часцей спрачаюцца, становяцца больш раздражняльнымі і губляюць здольнасць да спачування», — кажа доктар Кальер.
Некаторыя людзі спяць лепш і глыбей, калі робяць гэта ў адзіноце.
Сіма Косла, пульманолаг і прэс-сакратарка Амерыканскай акадэміі медыцыны сну, таксама з гэтым згодная.
«Мы ведаем, што дрэнны сон можа пагоршыць настрой, і людзі, якія недасыпаюць, часцей спрачаюцца са сваімі партнёрамі. І стаўленне да тых, хто перашкаджае добраму сну, можа пагоршыцца», — кажа яна, каментуючы даследаванне асацыяцыі па «разводзе на сон».
«Добрае высыпанне вельмі важна для добрага здароўя і настрою, таму нядзіўна, што некаторыя пары дзеля паляпшэння здароўя выбіраюць варыянт спаць асобна», — дадае яна.
А для Сесіліі, як яна кажа, рашэнне спаць у асобным пакоі ад партнёра «змяніла жыццё».
«Гэта нашмат зручней. Вы лепш спіце, у вас больш месца ў ложку, і вы можаце перавярнуцца і не хвалявацца, што кагосьці патурбуеце», — кажа яна.
«Акрамя таго, вы не мусіце прачынацца ў той жа час, што і ваш партнёр. Вы прачынаецеся, калі хочаце ці калі вам трэба».
А ці ёсць мінусы?
Найбольш відавочным з'яўляецца тое, што такая практыка патрабуе як мінімум асобнага ложка ці, дакладней, асобнага пакоя, таму для большасці пар гэта нават не пытанне выбару.
Але нават калі ў мужа і жонкі ёсць фізічная магчымасць спаць паасобку, гэта можа мець пэўныя негатыўныя наступствы. Многія людзі, кажа эксперт, баяцца, што страцяць блізкасць з партнёрам.
«Пакутуюць адносіны і блізкасць. Але не так сур'ёзна. Мне здаецца, карысць больш значная», — кажа доктар.
І доктар Кальер тлумачыць: для многіх людзей, якія працуюць увесь дзень, час, калі яны застаюцца сам-насам са сваім партнёрам, — гэта час, калі надыходзіць час класціся спаць.
«Такім чынам, адным з рашэнняў можа быць аптымізацыя часу, які яны праводзяць разам», — кажа псіхіятарка.
У той жа час, як кажа доктар Брокман, «развод на сон» пасуе далёка не ўсім парам.
«Сумесны сон мае свае біялагічныя перавагі. Для многіх цесная сувязь развіваецца падчас сну. Напрыклад, маці і дзіця звычайна развіваюць гэтую сувязь падчас кармлення грудзьмі, калі ў іх падобныя цыклы сну, каб яны маглі адпачыць разам».
«Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што парам, якія спяць разам гадамі, з часам дзякуючы сувязі ўдалося паглыбіць усе стадыі сну. А гэта ў цэлым паляпшае якасць сну», — тлумачыць самнолаг.
Аднак калі муж і жонка ўсё ж рашыліся на «развод на сон», спецыялісты рэкамендуюць прытрымлівацца некалькіх парад.
«Гэта не працуе, калі адзін чалавек гэтага хоча, а другі не, таму што гэта прывядзе да крыўды», — кажа доктар Кальер.
«Некаторыя людзі не любяць спаць у адзіноце. У такіх выпадках вам прыйдзецца знайсці рашэнне, з якім пагодзяцца абодва партнёры».
Доктар Брокман падтрымлівае думку.
«Ёсць людзі, якім (спаць у розных ложках) зусім не падабаецца. Увогуле, мужчыны часцей ставяцца да гэтага негатыўна», — кажа ён.
Але даследаванні паказваюць, што гэтая тэндэнцыя набірае моц, прынамсі, у некаторых краінах.
У Брытаніі, паводле апытання 2020 года, 15% сужыцельных пар спяць асобна. 89% з іх робяць гэта ў розных пакоях.
Яшчэ ў 2009 годзе даследаванне Sleep Council паказала, што толькі 7% пар спалі ў розных ложках. Гэта значыць, доля тых, хто спіць асобна, за дзесяць гадоў вырасла ўдвая.
Такім чынам, калі справа даходзіць да таго, дзе спаць, усё больш і больш пар абіраюць сваім прыярытэтам добры сон.