Татары супраць Арды

  Фільм Андрэя Прошкіна «Арда» выклікаў пратэсты ў Татарстане. Шматлікія татары лічаць сябе прамымі нашчадкамі Залатой Арды, якая, на іх думку, негатыўна адлюстравана ў кінатворы.   



1348398556_orda.jpg

У аснову фільма лёг эпізод з жыцця свяціцеля Аляксея, мітрапаліта Кіеўскага, Маскоўскага і ўсёй Русі — яго паездка ў сталіцу Залатой Арды з намерам вылечыць Тайдулу, маці хана Джанібека, ад слепаты. Калі мітрапаліт зможа дапамагчы Тайдулу, ён атрымае ўзнагароду хана. Калі не — Маскоўскае княства будзе спалена. Прыбыўшы ў Арду, мітрапаліт і яго людзі апынаюцца ў складаным перапляценні ўсходніх інтрыг, нечаканых і жорсткіх падзей.
Аднак татарскім крытыкам карціны не спадабалася не фабула, а тое, як паказаны на экране самі мангола-татары. Вось як апісвае ўражанне ад убачанага адзін з іх: «Фільм дэманструе не толькі ваяўнічасць, але дзікасць, ідэйнае варварства ахопленай гвалтам і бессэнсоўнай нянавісцю Арды, якая душыць праваслаўны свет». 
Нічога дзіўнага ў тым, што яшчэ на этапе здымак карціны сайты Татарстана абвінавацілі аўтараў фільма ва ўсіх смяротных грахах. Не паспела стужка выйсці на вялікі экран, як яна стала аб’ектам яшчэ большай колькасці атак. Важна адзначыць, што прэм’ера прайшла на фоне канфліктаў паміж Масквой і Казанню. Татарскія палітыкі вінавацяць Крэмль у імкненні скараціць сферу ўжывання татарскай мовы, прэрагатыў аўтаноміі, і нават у спробе кантролю выканання мусульманскіх абрадаў.
Увогуле, сам антытатарскі міф у Расіі існуе даўно. У савецкія часы ён быў замацаваны дзякуючы ўсёмагутнай сіле кінамастацтва. У фундаменце палягае стэрэатып, што мангола-татары былі «каварнымі, агрэсіўнымі дзікунамі». Менавіта з-за паходу Батыя і мангольскага нашэсця Русь, а пасля Расія адсталі ад Еўропы ў тэхнічным развіцці. Акрамя адставання ад Еўропы, татарам прыпісваюць негатыўны ўплыў на рускі характар.
Усе гэтыя аргументы даўно аспрэчваюцца гісторыкамі. Дастаткова згадаць тэзіс пра тое ж нашэсце. Крытыкі антытатарскіх міфаў прапануюць узгадаць, які статус меў Кітай пасля акупацыі манголамі. У Кітаі была ліквідавана кіруючая дынастыя, а кітайцам было забаронена мець сваё войска. На Русі дынастыя Рурыкаў захавалася, войска ўтрымліваць дазвалялася. Больш таго, рускія князі былі часам заўважнымі акторамі ўнутранай мангольскай палітыкі, ахвотна рабілі стаўкі на розныя групоўкі і выкарыстоўвалі іх у сваіх мэтах. І смех, і грэх — аднак Масква стала цэнтрам інтэграцыі рускіх зямель дзякуючы таму, што Іван Каліта рукамі манголаў ліквідаваў сваіх рускіх князёў-канкурэнтаў. Такім чынам, калі хтосьці з татараў нападаў на рускіх, гэта зусім не азначае, што ён быў ворагам усёй Русі, і калі хтосьці з рускіх ваяваў з татарамі, гэта зусім не азначае, што ён выступаў супраць Арды.
Пра ўсё гэта мусілі ведаць стваральнікі фільму. Больш таго, яны запрасілі шмат кансультантаў-гісторыкаў, якія ў выніку засталіся ў шоку ад пабачанага на экране. Татарская служба Радыя «Свабода» цытуе аднаго з такіх гісторыкаў, Вадзіма Рудакова: «Некаторым з іх (татара-манголам) надалі чалавечыя якасці, але агульнае ўражанне — гэта жорсткія, крыважэрныя людзі. Нават іх жарты з’яўляюцца плоскімі і дурнымі. Усё гэта — у горшых традыцыях старых савецкіх фільмаў пра татара-манголаў і качэўнікаў».
Іншы гісторык Айрат Тухфатулін лічыць, што рускія павінны дзякаваць выяўленаму на экране дэспатам хану Джанібеку, паколькі ён дараваў Русі вялікую ступень аўтаноміі. «Перыяд кіравання Джанібека — гэта перыяд росквіту дэмакратыі. Рускія летапісы называюць яго «добры цар Джанібек». Перыяд Джанібека — гэта перыяд росту рускай царквы. Будуюцца храмы. Няма ганенняў на рэлігію».
Нашто, з улікам наяўнасці такой колькасці кансультантаў, рэжысёру было маляваць Залатую Арду як імперыю, у якой быццам кіраваў выключна нематываваны азіяцкі гвалт?
Сам рэжысёр кажа, што ім рухала салідарнасць з тымі, каго прыгнятаюць. «У маім фільме няма тэмы вызвалення Русі. Я не ставіў такой мэты. Так, там паказана, што Русь не была вольнай. Татары ўсё адно застаюцца захопнікамі і кіраўнікамі. Каму спадабаецца, што табой хтосьці кіруе?» — даводзіць Андрэй Прошкін.
Татарскія нацыяналісты ў большасці бачаць прычыну такога падыходу ў пазіцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, адна са структур якой — Праваслаўная энцыклапедыя — фінансавала здымкі. Вядомы татарскі русафоб гісторык Вахіт Імамаў лічыць, што «Арда» і іншыя падобныя фільмы — «частка палітыкі Крамля па выкарыстанні культуры для стварэння іміджу Расіі як славянскай, хрысціянскай нацыі».
Ён адзначае: «Рускія заўсёды імкнуцца паказаць сябе самай «цывілізаванай» нацыяй. Яны выяўляюць татараў як дзікае племя. Шавінізм рускіх не хутка пройдзе, палітыка ціску будзе працягнутая. Расійскі ўрад і надалей будзе фінансаваць стварэнне хлуслівых кінастужак. Плюс руская царква зробіць свой унёсак. Святыя айцы не проста даюць сваё блаславенне — яны не шкадуюць сродкаў на прапаганду рускай культуры і праваслаўя. Усе гэтыя клерыкальныя кругі паверылі ў тое, што ва ўсіх цяперашніх праблемах краіны вінаватыя «дзікія» татары, пад няволяй якіх давялося жыць шмат стагоддзяў таму. І здымаючы фільмы са шматмільённымі бюджэтамі, яны імкнуцца пераканаць у гэтым і насельніцтва Расійскай Федэрацыі».
Пры ўсёй агрэсіўнасці заяў нацыяналістаў, рацыянальнае зерне тут есць. Нават незалежныя кінакрытыкі кажуць пра праваслаўную кан’юнктуру. Адзін са звычайных кінасайтаў адзначае: «Калі казаць пра недахопы фільма, яны ў відавочным перакосе: шматлікія сцэны ў Ардзе пададзены саркастычна, гратэскава-трагічна. Рускіх сцэн мала, і вырашаны яны, калі не ялейна, то цалкам у станоўчым рэчышчы. З-за гэтага стылістычнага перакосу і ўзнікаюць ідэалагічныя папрокі да фільма (мабыць, прадзюсар — Праваслаўная энцыклапедыя — усё ж умяшаўся ў працу). Думаю, па гэтай жа прычыне карціна Прошкіна не патрапіла ў адбор галоўных фэставых форумаў».
Аднак сітуацыя ўсё ж больш складаная. Так ці інакш, фільм Прошкіна меў вялікі бюджэт, у ім гуляла шмат зорных актораў, у тым ліку татарскіх. У выніку стужка стоадсоткава не застанецца не заўважнай у грамадстве, і хутчэй выклікае інтарэс да тэмы Залатой Арды і гісторыі татар. З гэтай пазіцыі выступае асобная фракцыя татарскай інтэлігенцыі.
Так, казанскі журналіст Іскандэр Ахмедаў піша: «На жаль, беспадстаўную, неабгрунтаваную крытыку (праўда, ёсць і крытыка канструктыўная, што не можа не цешыць) даводзіцца чуць ад некаторых татараў і гэтым разам. Замест таго, каб сказаць «дзякуй» за тое, што рускія дзеячы мастацтва памятаюць татарскую гісторыю, веліч Залатой Арды, «знаўцы» кінамастацтва пачалі з нейкай апантанасцю вышукваць недахопы і нават гістарычную замову ў мастацкай (а не дакументальнай) карціне. І, вядома, знайшлі антытатарскую скіраванасць фільма. Сапраўды, пры пэўным жаданні можна знайсці ўсё, што заўгодна… Аднак у фільме татары Залатой Арды паказаныя моцным і ваяўнічым народам, які трымаў увесь свет «300 гадоў у страху». Нам, татарам, варта сказаць «дзякуй», што наша гісторыя патрэбная».
Як бачым, тэма неадназначная. Тым больш, што фільм толькі з’явіўся ў кінатэатрах, у тым ліку ў Татарстане. Напэўна, дакладна казаць пра стаўленне татар да стужкі «Арда» мы зможам пасля таго, калі фільм пабачыць не інтэлектуалы і палітыкі, а шырокая татарская аўдыторыя.