The Economist: 2020-ы запомніцца як год, калі ўсё змянілася

У 1920-м годзе 29-ы прэзідэнт ЗША Уорэн Хардынг выбудаваў сваю перадвыбарчую кампанію вакол свайго новага слова — «нармальнасць». Гэта быў заклік да амерыканцаў, які азначаў, што час забыць жахі Першай Сусветнай вайны і пандэміі іспанскага грыпу. Замест гэтага трэба было вярнуцца да пэўнасці Залатога стагоддзя.

1577102582_7143.jpg


Але замест таго, каб пагадзіцца на нармальнасць Хардынга, «грымучыя 20-я» спарадзілі далёка ідучыя, рызыкоўныя сацыяльныя, прамысловыя і мастацкія навацыі, — піша The Economist. Вайна мела сёе-тое агульнае з нястрымнасцю эры джаза. Гэтак жа, як і пандэмія грыпу, якая забіла ў шэсць разоў больш амерыканцаў, чым вайна, пакінуўшы ацалелых з жаданнем пражыць 1920-е на хуткасці. Такі ж дух ажывіць і 2020-я гады.

Шырокі маштаб пакут з-за COVID-19, несправядлівасці і небяспекі, якія выкрыла пандэмія, а таксама перспектывы інавацый — усё гэта зробіць так, што гэты год запомніцца як год, які змяніў свет.

Пандэмія стала падзеяй, якое адбываецца адзін раз у стагоддзе. SARS-CoV-2 выявілі больш чым у 70 мільёнаў людзей. І цалкам магчыма, ім заразіліся яшчэ 500 мільёнаў або больш тых, каго ніколі не абследавалі. Каронавірус стаў прычынай 1,6 мільёнаў зафіксаваных смерцяў. Яшчэ сотні тысяч проста не былі выяўленыя.

Мільёны тых, хто ацалеў, жывуць з высільваннем і ўскладненнямі так званага «працяглага COVID-19». Сусветны ВУП як мінімум на 7% менш, чым ён мог бы быць без пандэміі. І гэта самы вялікі глабальны абвал з часоў Другой Сусветнай вайны.

«З попелу ўсіх гэтых пакут паўстане адчуванне, што жыццё трэба жыць, а не адкладаць», — гаворыцца ў артыкуле.

Іншая прычына, па якой варта чакаць ці, па меншай меры, спадзявацца на змены, заключаецца ў тым, што COVID-19 стаў папярэджаннем. 80 мільярдаў жывёл, якіх забіваюць дзеля мяса і футра кожны год, сталі чашамі Петры для эвалюцыі вірусаў і бактэрый, і ператварэння іх у смяротныя пагрозы для людзей. Гэта адбываецца прыкладна кожнае дзесяцігоддзе.

0_qp2tw_09d2mbjvf4.jpg


У 2020 годзе настаў час расплаты. І кошт апынуўся астранамічным. Чыстае блакітнае неба, якое з’явілася пасля адпраўкі цэлых эканомік пад каранцін, стала магутным сімвалам таго, што COVID-19 — гэта хуткі крызіс, убудаваны ў іншы, больш павольны. Але абодва яны вельмі падобныя паміж сабою. Як і пандэмія каронавіруса, змяненне клімату стала прадметам для папулісцкіх пярэчанняў. Яно гэтак жа выклікае глабальныя парушэнні, а разабрацца з ім у будучыні будзе значна даражэй у выпадку, калі не зрабіць гэта цяпер.

І трэцяя прычына чакаць пераменаў — гэта тое, што пандэмія выкрыла несправядлівасць. Дзеці прапускаюць заняткі ў школах і занадта часта галадаюць. Выпускнікі і тыя, хто быў вымушаны пакінуць школу, зноў убачылі, як іх перспектывы выпараюцца. Людзі ўсіх узростаў сутыкнуліся з адзінотай або гвалтам дома. Працоўных мігрантаў кінулі на волю лёсу ці адправілі дадому ў родныя вёскі, куды яны павезлі з сабою хваробу. Гэтыя пакуты адрозніваюцца для людзей розных рас. 40-гадовы іспана-амерыканец у 12 разоў больш рызыкуе памерці ад COVID-19, чым белы амерыканец таго ж ўзросту. У Сан-Паўлу чорныя бразільцы маладзейшыя за 20 гадоў у два разы часцей паміраюць ад каронавірусу, чым белыя.

На фоне таго, як свет адаптуецца да жыцця з інфекцыяй, гэтая няроўнасць становіцца яшчэ горш. Даследаванні паказалі, што 60% спецыялістаў, якія атрымліваюць за сваю працу больш за 100 тысяч долараў у год, могуць працаваць з дому. Між тым, сярод людзей на пасадах, за якія плацяць менш за 40 тысяч долараў у год, толькі 10% могуць выконваць свае абавязкі дома. Паводле найгоршага сцэнару, на думку ААН, пандэмія можа зрабіць больш за 200 мільёнаў чалавек вельмі беднымі. Іх цяжкае становішча зробяць яшчэ горш дыктатары і будучыя тыраны, якія выкарыстоўвалі каронавірус у якасці апраўдання для ўмацавання сваёй улады.

Магчыма, менавіта таму пандэміі ў мінулым станавіліся прычынай сацыяльных беспарадкаў. МВФ даследаваў сітуацыю ў 133 краінах у перыяд з 2001 па 2018 год і выявіў, што беспарадкі ў сярэднім пачынаюцца праз 14 месяцаў пасля пачатку эпідэміі. А пік наступае праз 24 месяцы. І чым больш няроўнае грамадства, тым большае паўстанне. Фонд паказвае на ўзнікненне замкнёнага кола: пратэсты ўзмацняюць цяжкасці, якія сілкуюць пратэсты.

На шчасце, COVID-19 не толькі паказаў на вострую патрэбу ў зменах, але і паказаў кірунак для далейшага руху. Збольшага гэта адбылося таму, што ён стаў рухавіком інавацый. Ва ўмовах каранціну доля лічбавай камерцыі ў рознічным гандлі ЗША за 8 тыдняў павялічылася на столькі ж, як за папярэднія 5 гадоў. Паколькі людзі пачалі працаваць з дому, колькасць пасажыраў у метро Нью-Ёрка скарацілася на 90%. Літаральна за ноч бізнесы пачалі працаваць з розных пакояў і кухняў. Пры іншых умовах на падрыхтоўку такога эксперыменту прыйшлося б выдаткаваць некалькі гадоў.

Узрушэнні толькі пачынаюцца. Пандэмія стала доказам, што змены магчымыя нават у такіх кансерватыўных сферах, як ахова здароўя. Дзякуючы таннаму капіталу і новым тэхналогіям уключна са штучным інтэлектам і, магчыма, квантавым вылічэнням, інавацыі будуць ахопліваць сферу за сферай.

2021 год і будучыня пасля COVID-19: чаго чакаць?

Выданне The Guardian папярэджвала, што спосабу вярнуцца ў свет да з’яўлення каронавіруса не існуе. Горкая праўда ў тым, што за апошнія 9 месяцаў нашыя грамадствы фундаментальна змяніліся. І ў наступным годзе дакладна можна чакаць толькі аднаго — нявызначанасці. Аднак, выданне дае некалькі парадаў, як прыстасавацца да жыцця з COVID-19 і вярнуць сабе нейкую «нармальнасць».

У сваю чаргу Financial Times прагназуе, што, па меншай меры да 2025 года ўсім нам прыйдзецца жыць у эру ўзрушэнняў. А наша будучыня пасля COVID-19 вызначаць пяць сіл. А менавіта: тэхналогіі, няроўнасць, даўгі, дэглабалізацыя і палітычныя канфлікты. Усе яны з’явіліся яшчэ да пандэміі, але цяпер сталі асабліва вострымі з’явамі.

Між тым, Bloomberg піша, што надзеі на вяртанне да старога ладу жыцця яшчэ не памерлі, і турысты раскупяць пуцёўкі на лета 2021 года. Аднак, ці паедуць яны кудысьці на самай справе? Пытанне застаецца адкрытым па многіх прычынах.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ