The Wall Street Journal: Пуцін будуе выдуманы свет

«А дзе Гары Каспараў?» — спыталі нядаўна многія расійцы, выявіўшы, што знакаміты шахматыст не трапіў у новае выданне кнігі, якая ўслаўляе дасягненні найбуйнейшага расійскага спартыўнага таварыства «Спартак», сябрам якога ён быў.



wsj.jpg

«Аказалася, што артыкул пра Каспарава канфіскавалі ў апошні момант. Выснова відавочная: ніякія дасягненні не пераважаць вернасці ўладзе, і для Каспарава, які рэзка крытыкуе Крэмль, дзверы ў расійскі варыянт залы спартыўнай славы зачыненыя», — піша ў артыкуле для TheWallStreetJournal прафесар гісторыі з Універсітэта Лаёлы ў Чыкага Міхаіл Ходаркоўскі (не блытаць з былым уладальнікам ЮКАСа! — «НЧ»).

«Вымарванне дысідэнтаў з гісторыі было стандартным прыёмам савецкай дэзінфармацыі, — піша аўтар. — Я думаў пра гэта на мінулым тыдні, калі заўзятыя ўлады Свярдлоўскай вобласці загадалі прыбраць з бібліятэчных паліц кнігі двух брытанскіх ваенных гісторыкаў — Энтані Бівара і Джона Кігалі. У гэтых класічных кнігах пра бітвы за Сталінград і Берлін гаворыцца пра тое, што савецкія генералы не шкадавалі чалавечых жыццяў, а салдаты масава гвалтавалі нямецкіх жанчын у 1945-м годзе. Гэта табуяваныя тэмы: лічыцца, што яны кідаюць цень на праслаўленую перамогу Расіі. Улады настойваюць, што ў канфіскаваных кнігах выкладзена «памылковае прадстаўленне» пра Другую сусветную вайну і ўтрымліваюцца «нацысцкія прапагандысцкія стэрэатыпы».

«Кароткая ўспышка волі пасля развалу СССР у 1991 годзе змянілася павольным вяртаннем да савецкіх каштоўнасцяў, — працягвае аўтар. — Вярнуўшыся на прэзідэнцкі пост у маі 2012-га, Пуцін прызначыў міністрам культуры Уладзіміра Мядзінскага — чалавека, якога шмат хто лічыць грубым прапагандыстам і прыстасаванцам. Яго прызначэнне ўзрушыла расійскую інтэлігенцыю і сведчыла аб навапаказаным агрэсіўным імкненні Пуціна перакроіць культурны і ідэалагічны ландшафт», — піша Ходаркоўскі.

Прафесар гісторыі нагадвае, што Мядзінскі называе крытыкаў рэжыму русафобамі, адмаўляе наяўнасць антысемітызму ў Расійскай імперыі і выступае ў абарону сталінскіх чыстак. Далей паведамляецца, што ўвосені выйдзе ў свет новы падручнік гісторыі для расійскіх школ, складзены па ўхваленым урадам (і Мядзінскім) праекту, а на адным з маскоўскіх пагоркаў будзе ўзведзены 80-метровы помнік князю Уладзіміру, які хрысціў Русь у Крыме ў 988 годзе — «зразумела, з мэтай легітымізаваць пуцінскую анэксію Крыма і дэлегітымізаваць суверэнітэт Украіны».

«Дзіўна, што Расія робіць усё гэта менавіта цяпер. За апошнія тры гады ўрад Нідэрландаў перапрасіў за масавыя забойствы ў Інданэзіі ў 1940-х гадах, Вялікабрытанія — за каланіяльныя злачынствы ў Кеніі ў 1950-х, Францыя — за свае няправедныя дзеі ў Алжыры ў 1950-1960-х, а Японія — за Другую сусветную», — паказвае прафесар.

«Але Расія крочыць сваім шляхам — наўпрост у адваротны бок. Можна толькі спадзявацца, што калі-небудзь новае кіраўніцтва Расіі ўсвядоміць, што гісторыя — не нейкі паўфабрыкат для вырабу масавай прапаганды і дзяржава не можа перапісваць яе і распаўсюджваць у такім выглядзе», — рэзюмуе Хадаркоўскі.

Паводле inopressa.ru