Блогер раскрыў таямніцу адной прапагандысцкай фатаграфіі
Блогер Андрэй Смірноў (нікнэйм SAMOLET73) распавёў пра гісторыю аднаго з яркіх фотаздымкаў, што прапагандысты РФ выкарыстоўваюць для антыўкраінскай кампаніі, паведамляе tribun.com.ua

На фота — маленькая дзяўчынка, што горка плача на фоне мёртвай немаладой жанчыны. Баевікі выкарыстоўваюць гэта фота ў кампаніі «Save Donbass people».
Аказваецца, дзяўчынка — маленькая актрыса. Фатаграфія зробленая падчас здымак фільма "Брэсцкая крэпасць".
«Зрабіў яе фатограф Уладзімір Гайслер у 2009 годзе ў перапынку паміж здымкамі. Дзяўчынка была вельмі напалоханая сапраўдным танкам, які па сцэнары рухаўся ў кадры прама на яе. Здымкі давялося прыпыніць і супакойваць дзяўчынку ўсёй групай. Плакала яна па-сапраўднаму, таму здымак атрымаўся вельмі шчыры», — піша блогер.
Ёсць і іншыя фота гэтай дзяўчынкі. На адным «забітая» жанчына абдымае яе. На іншым адлюстраваны працэс здымак.

