Тоні Эбат заклікаў Расію прызнаць сваю датычнасць да катастрофы MH17
Будзе лепш, калі Расія прызнае "свой удзел" у катастрофе малайзійскага Boeing MH17 на Данбасе і выплаціць кампенсацыі сем'ям ахвяраў — так лічыць экс-прэм'ер Аўстраліі Тоні Эбат.
Былы прэм'ер-міністр Аўстраліі Тоні Эбат лічыць, што Расія павінна прызнаць сваю датычнасць да катастрофы рэйса MH17 на Данбасе ў 2014 годзе, паведамляе gordonua.com са спасылкай на ААР.
Эбат перакананы, што будзе лепш, калі Расія прызнае "свой удзел ва ўсім гэтым» і выплаціць кампенсацыі сем'ям ахвяраў.
Былы кіраўнік урада Аўстраліі адзначае, што Уладзімер Пуцін нясе вялікую адказнасць за катастрофу. Тоні Эбат таксама абверг заявы расійскіх улад, што ракета, якая збіла Boeing, была выпушчаная з-за межаў кантраляванай баевікамі і расійскімі ваеннымі тэрыторыі.
Нагадаем, Boeing 777, якi ажыццяўляў рэйс MH17 (Амстэрдам — Куала-Лумпур), пацярпеў крушэнне 17 ліпеня 2014 года блізу Торэза Данецкай вобласці. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.
У кастрычніку 2015 года Савет бяспекі Нідэрландаў абвясціў папярэднія вынікі расследавання авіякатастрофы групай міжнародных экспертаў: самалёт быў збіты ракетай, выпушчанай з "Бука". Але хто менавіта кіраваў "Букам", у дакуменце не пазначана.
Даследчыкі Bellingcat лічаць, што да крушэння MH17 датычныя 20 расійскіх вайскоўцаў. Даклад з іх імёнамі і фотаздымкамі быў перададзены галандскаму боку. "Мы ідэнтыфікавалі зенітна-ракетны комплекс "Бук", які, на нашу думку, выпусціў 17 ліпеня ракету, што збіла малайзійскі авіялайнер рэйса MH17. Па здымках, зробленых расійскімі грамадзянамі ў прамежку паміж 23 і 25 чэрвеня, мы змаглі распазнаць яго ў ваеннай калоне, якая рухалася ў той момант па тэрыторыі РФ. Нам удалося ўсталяваць, адкуль ішоў гэты канвой: гэта была 53-я зенітна-ракетная брыгада пад Курскам... Маюцца 20 "асноўных" удзельнікаў тых падзей, але таксама 70–80 салдат, якім таксама што-небудзь вядома аб гэтай сітуацыі. Іх імёны ў нас таксама маюцца, і раней мы ўжо перадавалі гэтыя дадзеныя следчым. Зараз мы змаглі падрыхтаваць вельмі дэталёвы даклад аб асобах вайскоўцаў, іх ролі, камандным складзе і тых, хто, хутчэй за ўсё, быў у непасрэдным кантакце з "Букам" і збіў самалёт", — распавёў эксперт Bellingcat.
5 мая 2016 года Bellingcat апублікавала сем доказаў, што малайзійскі Boeing быў збіты з расійскай ўстаноўкі "Бук".
1 верасня міністэрства бяспекі і юстыцыі Нідэрландаў абнародавала новыя дакументы па катастрофе MH17. Там указваецца, што нідэрландскі бок з самага пачатку лічыў прарасійскіх баевікоў на Данбасе адказнымі за катастрофу.
28 верасня міжнародная камісія назаве месца запуску ракеты, якая збіла MH17, аднак заўтрашні даклад не будзе канчатковай справаздачай па крымінальным расследаванні катастрофы.