Эфект Пуціна: Краіны Усходняй Еўропы разбудоўваюць арміі і купляюць зброю
Упершыню за шмат гадоў вайсковыя бюджэты ў краінах Усходняй і Паўночнай Еўропы, якія знаходзяцца недалёка ад Расіі, пачалі імкліва расці ў выніку анексіі Крыму і канфлікту на паўднёва-усходняй Украіны.
Такія дзяржавы, як Польшча, Чэхія, Эстонія, Латвія, Літва, Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя, адчулі непасрэдную пагрозу для сябе, назіраючы за агрэсіўнымі дзеяннямі Масквы ва Украіне, якія атрымалі назоў «гібрыдная вайна».
Нават Беларусь, найбольш важны і блізкі вайсковы хаўруснік Расеі, праводзіць вучэнні супраць агрэсіўных дзеянняў такога кшталту — каб перадухіліць пранікненне груп баевікоў на беларускую тэрыторыю, хутка ізаляваць і знішчыць іх.
ХОЧАШ МІРА – РЫХТУЙСЯ ДА ВАЙНЫ
«Для вайны патрэбныя тры рэчы — грошы, грошы і яшчэ раз грошы», — сказаў у канцы XV стагоддзя знакаміты італьянскі кандацьер і маршал Францыі Джан Джакома Трывульцыё.
Перш за ўсё рост напружанасці ў Еўропе адбіўся на абаронных бюджэтах краін, якія знаходзяцца недалёка ад Расеі.
Польшчу можна лічыць лідарам у гэтым усходнееўрапейскім руху. Краіна вырашыла адбудаваць сістэму тэрытарыяльнай абароны — спачатку планавалася гэта рабіць на базе добраахвотных фармаванняў, а потым было прынята рашэнне пераўтварыць іх у паўнавартасныя рэзервныя злучэнні рэгулярнай арміі па прыкладзе Нацыянальнай гвардыі ЗША.
Агулам плануецца, што колькасць жаўнераў і афіцэраў у Узброеных сілах Польшчы павялічыцца на 50%, піша выданне poland.pl.
Вынік — рост выдаткаў на ўтрыманне і пераўзбраенне войска. Польшча плануе ў бліжэйшыя гады прафінансаваць закупы вайсковай тэхнікі і ўзбраення як мінімум на 83 мільярда злотых ($21,6 мільярда), пры гэтым каля паловы ад гэтай колькасці на сістэмы паветранай і ракетнай абароны. Улічваючы, што Польшча зʼяўляецца сябрам НАТО, менавіта Расея, і ў прыватнасці суседні ваенны анклаў у Калінінградзе, дзе стаяць расейскія сухапутныя і марскія ракетныя сістэмы, разглядаецца ў Варшаве як галоўная пагроза для гэтай краіны.
У 2015 годзе ўрад Чэхіі пайшоў у тым жа накірунку.
«Урадам былі абноўленыя Стратэгія бяспекі і Стратэгія вонкавай палітыкі. Абодва дакументы цяпер непасрэдна кажуць пра дзеянні Расеі як пра вялікую пагрозу. У гэтым годзе быў прыняты новы доўгатэрміновы план пакупак для чэшскай арміі да 2030 года», — паведаміў парталу намеснік дырэктара аналітычнага цэнтру European Values у Празе Якуб Янда.
У выніку расейскіх дзеянняў урад Чэхіі вырашыў падвысіць выдаткі на абарону да 1,4 % ўнутранага валавога прадукту ў 2020 годзе з 1 % цяпер. Пра аналагічныя планы паведаміла ў 2015 годзе суседняя Славаччына — што адзначае амаль 50-ці % рост вайсковага бюджэту ў параўнанні з 2014 годам.
Аднак у найбольш небяспечным становішчы адчуваюць сябе тры краіны Балтыі, якія непасрэдна мяжуюць з Расеяй і маюць невялікія арміі. Агулам у арміях Літвы, Латвіі і Эстоніі служаць каля 30 тысяч жаўнераў і афіцэраў, і, па меркаванні экспертаў Stratfor, іншыя краіны НАТО проста не паспеюць дапамагчы прыбалтыйскім дзяржавам у выпадкі маскоўскай агрэсіі. З гэтай прычыны тут прынята размесціць пастаянныя сілы Атлантычнага альянсу.
Таксама самі гэтыя краіны вырашылі мадэрнізаваць і павялічыць свае ўзброеныя сілы. Эстонія абвесціла планы набыцця новых узбраенняў прыкладна на $900 мільёнаў на перыяд да 2020 году — гэта больш, чым гадавыя выдаткі на ўсю 60-тысячную беларускую армію.
Латвія таксама павялічвае выдаткі на абарону да 2 % ВУП з 1,4 %. У 2016 годзе краіна вырашыла значна павялічыць колькасць байцоў спецпрызначэння, каб аператыўна рэагаваць на «гібрыдныя» пагрозы.
«Мы аналізуем, вывучаем досвед правядзення асаблівых аперацый спецназа іншых краін. Мы гатовыя супрацьстаяць «зялёным чалавечкам»», — адзначыў камандуючы атрадам спецпрызначэння Юрыс Ушацкіс.
Літва фармуе і ўзбройвае новую матарызаваную (мотапяхотную) брыгаду «Жэмайція», купляе найноўшую бранятэхніку, артылерыю і амерыканскія супрацьтанкавыя комплексы Javelin.
Разам з Варшавай і Кіевам Вільня таксама стварае сумесную трохнацыянальную баявую брыгаду, якая павінна адпрацоўваць супрацу па стандартах НАТО. У склад брыгады ўваходзяць у тым ліку ўкраінскія ветэраны вайны на Данбасе.
Акрамя таго, краіна ўжо аднавіла прызыў моладзі ў войска, разумеючы патрэбнасць у падрыхтаваных вайскоўцах, якіх трэба будзе мабілізаваць у выпадку вайны.
Паўночныя краіны Еўропы, у сваю чаргу адчуваючы ціск з боку вайны, узмацняюць супрацу з НАТО і пачалі павялічваць фінансаванне войска.
Гэтак плануецца рэзка ўзмацніць Нарвежскую Краёвую Абарону — узброеныя фармаванні з мясцовых жыхароў, якія рэгулярна трэнуюцца, каб у выпадку вайны ўзяцца за зброю і каб дапамагаюць сваёй арміі ці пераходзіць да партызанскай дзейнасці.
У часы Халоднай вайны Краёвая Абароны карысталася вялікай павагай з боку саюзнікаў Нарвегіі па НАТО, але яна была значна скарочаная ў 1990-я гады, калі пагроза з Усходу, як лічылася, стала нязначнай. Сітуацыя змянілася пасля акупацыі Крыму і вайны на Данбасе.
У Швецыі ваенны бюджэт павялічыцца да $5,4 мільярда ў 2017 годзе з $5,1 мільярда ў 2016. У 2020 годзе выдаткі паднімуцца амаль да $6 мільярдаў.
«Павелічэнне абароннага бюджэту мае ключавое значэнне, асабліва ў свеце пагаршэння сітуацыі ў сферы бяспекі», — адзначыў міністр абароны краіны Петэр Хультквіст.
Выдаткі на фінскую армію растуць таксама ўжо трэці год і дасягнуць у 2017 годзе каля $3,3 мільярда. У нейтральнай краіне абмяркоўваецца пытанне аб далучэнні да НАТО. У гэтым годзе Хельсінкі адкрыла тэндэр на пакупку дзясяткаў новых знішчальнікаў для сваёй авіяцыі — агульным коштам да $10 мільярдаў.
АБАРОНА – СПРАВА ЎСЁЙ НАЦЫІ
Увогуле, абавязковы прызыў у войска стаў значна больш папулярным у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе пасля таго, як аказалася, што з вялікай верагоднасцю заняткам войска рэгіёна будуць не хуткія экспедыцыі ці міратворчыя аперацыі, а цяжкая і крывавая абарона Радзімы.
Эстонія і Беларусь гэтак і не адмянялі прызыў, згаданая ўжо Латвія думае пра вяртанне да яго, Украіна імкліва адмяніла планы па пераходзе да чыста кантрактнага войска пасля пачатку ўзброенага канфлікту, вяртанне прызыву абмяркоўваць у Чэхіі і Нямеччыне.
На поўначы Еўропы Фінляндыя ўжо амаль 100 год захоўвае прызыўную армію, якая паказала свае высокія баявыя здольнасці ў баях са значна большай Чырвонай арміяй у 1939-1940 і 1941-1944 гадах.
Высокімі лічацца якасці таксама прызыўной нарвежскай арміі. Больш за тое, у 2016 годзе нарвежцы пашырылі прызыў на жаночае насельніцтва краіны.
Нейтральная Швецыя адмяніла прызыў шэсць год таму, аднак на тле агрэсіўнай палітыкі Масквы ў краіне расце кансэнсус адносна вяртанне да абавязковай службы.
«Ёсць дзве прычыны вяртацца да прызыву. Сацыял-дэмакраты кажуць пра тое, што мы малая нацыя, і ўсё павінны рабіць разам. Лібералы ж звяртаюць увагу на эфектыўнасць», — кажаЁхан Вікторын, шведскі кансультант у сферы бяспекі.
Паводле belsat.eu