Расійскія ўлады патрабуюць доступу да ўсіх дадзеных у сеціве
Гаворка ідзе таксама пра зашыфраваную інфармацыю, якая змешчаная ў інтэрнэце.
Расійскія ўлады хочуць расшыфраваць усе дадзеныя ў інтэрнэце. Па дадзеных радыёстанцыі “Эхо Москвы”, гэтую інфармацыю пацвердзіла Наталля Касперская, якая супрацоўнічае з групай дарадчыкаў адміністрацыі Крамля.
Ужо на мінулым тыдні газета „Коммерсант” паведаміла, што Федэральная служба бяспекі і Міністэрства сувязі хочуць атрымаць доступ да ўсёй інфармацыі ў інтэрнэце, у тым ліку зашыфраванай.
Як растлумачылі эксперты са спецслужбаў, толькі тады можна будзе неадкладна кантраляваць сетку з пункту гледжання бяспекі.
Супраць такога рашэння пратэставалі праваабарончыя арганізацыі і ўпаўнаважаны па правах інтэрнэт-карыстальнікаў. На іх думку, абарона ад адной небяспекі стварае іншую, звязаную, напрыклад, з парушэннем гарантыяў сакрэтнасці банкаўскіх дадзеных.
Некалькі тыдняў таму ў Расіі быў уведзены закон, паводле якога аператары і правайдары маюць абавязак доўгатэрміновага захоўвання дадзеных карыстальнікаў.
На думку спецыялістаў з ФСБ, гэты тып закона мае сэнс толькі тады, калі адпаведныя ведамствы маюць хуткі доступ да інфармацыі, а расшыфроўка асобных файлаў займае занадта шмат часу.