Праваабаронцы кажуць пра больш за 200 ахвяраў новага наступу на Алепа

З таго часу, як сірыйскія войскі пачалі наступ на ўсходнія раёны Алепа, кантраляваныя паўстанцамі, там загінула больш за 200 чалавек.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images


Такую лічбу называе ВВС, спасылаючыся на сірыйскіх праваабаронцаў. Толькі ў нядзелю, 25 верасня, у горадзе загінула прынамсі 26 чалавек.
Сірыйскі цэнтр маніторынгу за правамі чалавека, які базуецца ў Брытаніі, мяркуе, што лічба ахвяраў можа вырасці па меры разбору завалаў і працягу ваенных дзеянняў.
На экстраным пасяджэнні Савета бяспекі ААН па Сірыі пастаянная прадстаўніца ЗША ў ААН Саманта Паўэр абвінаваціла Расію ў распаўсюдзе ілжывай інфармацыі пра сітуацыю ў Сірыі. Паўэр назвала дзеянні Масквы варварствам. У адказ расійскі прадстаўнік у ААН Віталь Чуркін абвінаваціў ЗША ў нежаданні падтрымоўваць перамір'е.
Сірыйскія ўрадавыя войскі пачалі новы наступ на занятыя паўстанцамі раёны Алепа ў мінулы чацвер. Пасля гэтага больш за 30 сірыйскіх паўстанцкіх груповак на чале са Свабоднай сірыйскай арміяй падпісалі заяву, што эскалацыя бамбардзіровак з удзелам расійскай авіяцыі ў Алепа пазбаўляе сэнсу далейшыя палітычныя перамовы.
"Еўрарадыё"