Барыс Джонсан: Расія можа быць вінаватая ў ваенных злачынствах у Сірыі
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Барыс Джонсан ў нядзелю прыняў удзел у праграме Эндру Мара на ВВС.
Барыс Джонсан заявіў у тэлеэфіры ВВС, што Расія вінаватая ў зацягванні грамадзянскай вайны ў Сірыі: "Расія вінаватая ў тым, што зацягвае гэтую вайну і робіць яе больш жахлівай", — лічыць Барыс Джонсан.
Ён таксама адзначыў, што Расія, магчыма, вінаватая ў здзяйсненні ваенных злачынстваў у форме авіяналётаў на аўтакалоны з гуманітарнай дапамогай.
У панядзелак на мінулым тыдні ў ваколіцах Алепа ў выніку авіяналёту была знішчана аўтакалона ААН у складзе 31 грузавіка, якая павінна была даставіць гуманітарную дапамогу насельніцтву абложанага горада. Загінулі каля 20 чалавек, перамір’е было парушана.
У нядзельнай ранішняй праграме "Шоу Эндру Мара", Барыс Джонсан заявіў, што Расія вінаватая ў зацягванні і ўзмацненні сірыйскай вайны.
"Рэжым Пуціна не проста, так бы мовіць, дае ў рукі Асаду рэвальвер. У некаторых выпадках ён сам страляе з рэвальвера. Самі рускія ў гэтым удзельнічаюць. Нам трэба паглядзець, ці быў выбар мэты [гуманітарнай калоны ААН] зроблены з веданнем таго, што гэта цалкам нявінныя грамадзянскія мэты. Калі гэта так, то гэта ваеннае злачынства", — заявіў міністр у праграме на ВВС.
Нагадаем, амерыканскія вайскоўцы абвінавацілі ў нападзе на гуманітарную калону расійскую авіяцыю. Нагадаем, Масква заявіла пра сваю недатычнасць і ў сваю чаргу указвае на беспілотнік ЗША, які, паводле Мінабароны Расіі, знаходзіўся паблізу гуманітарнай калоны.
Аднак, як паведаміла www.dw.com, на месцы атакі на гуманітарную калону ААН былі знойдзены фрагмент расійскай авіябомбы — гэта сцвярджаюць эксперты Bellingcat. На іх думку, напад здзейсніла альбо расійскай, альбо сірыйскай авіяцыяй, якія выкарыстоўваюць такую зброю. Адразу пасля нападу на гуманітарную калону, падчас якога загінулі каля 20 чалавек, эксперты з Bellingcat звязаліся з добраахвотнікамі "Сірыйскай грамадзянскай абароны" ("Белых касак") і папрасілі іх сфатаграфаваць аскепкі бомбаў, якія выкарыстоўваліся пры атацы. На месцы былі знойдзеныя хваставыя стабілізатары авіябомбы "ОФАБ-250-270" савецкай або расійскай вытворчасці, паведамляе Bellingcat.
ЗША, Вялікабрытанія і Францыя папрасілі сёння склікаць экстраннае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН, прысвечанае сітуацыі ў сірыйскім горадзе Алепа.