Турцыя і Расія высылаюць туркменскіх апазіцыянераў на радзіму, дзе іх чакаюць турма і катаванні
Дзве падзеі, на першы погляд далёкія ад палітыкі — пандэмія каранавіруса і стыхійнае бедства — сталі каталізатарамі, якія падштурхнулі туркменаў да аб'яднання ў грамадзянскую супольнасць, піша ВВС.
Гэта супольнасць вымушана існаваць за межамі краіны — там, дзе яшчэ магчыма ўдзельнічаць у пратэстах і запісваць ролікі аб карупцыі ва ўладзе.
Але нават за мяжой актывісты не адчуваюць сябе ў бяспецы: Турцыя і Расія, падтрымліваючы цесныя сувязі з Туркменістанам, дэпартуюць апазіцыянераў назад на радзіму, дзе іх чакаюць крымінальныя пераследы, катаванні і турмы.
Да іх ніхто не выйшаў
Канец ліпеня. Шэсць чалавек, чацвёра з якіх — у масках і шаліках, выходзяць да амбасады Турцыі ў Вашынгтоне з плакатамі: «Спыніце дэпартацыю туркменскіх палітычных актывістаў». Упершыню туркменскія апазіцыянеры ў ЗША пратэставалі праз дзеянні ўладаў Турцыі.
Падставай для мітынгу стала затрыманне туркменскага актывіста Мердана Мухамедава. 32-гадовага сябра апазіцыйнай групы HSM-Turkmenistan выклікалі ў муніцыпальную службу Анкары, дзе ён жыў у апошні час, па пытанні аплаты камунальных даўгоў, але там яго затрымала паліцыя.
Ужо на наступны дзень Мухамедава даставілі ў дэпартацыйны цэнтр у Стамбуле, а 26 чэрвеня дэпартавалі ў Туркменістан. Там яго судзяць па некалькіх абвінавачваннях, у тым ліку за шпіянаж.
«Наша моладзь любіць Турцыю і нічога супраць гэтай краіны не робіць. Яны толькі выступаюць у сацсетках [супраць уладаў Туркменістана], але нават за гэта Турцыя звяртаецца да гвалтоўных знікненняў туркменаў», — кажа ўдзельніца мітынгу Чэмен Орэ, кіраўнік апазіцыйнай групы «Туркменія, аб'ядноўваемся», не хаваючы свайго твару.
Пасля мітынгу ля турэцкай амбасады пратэстоўцы рушылі да туркменскага дыппрадстаўніцтва. Да мітынгоўцаў выйшаў ахоўнік турэцкай амбасады і папрасіў у іх інфармацыю. Туркменскія дыпламаты праігнаравалі мітынг.
«Марыў стварыць цывілізаваную краіну»
Мердан Мухамедаў з'ехаў з Туркменістана яшчэ будучы падлеткам і больш не бываў на радзіме. У 2012 годзе ён пасяліўся ў Турцыі.
Да апазіцыйнай групы HSM-Turkmenistan Мухамедаў далучыўся ў сакавіку 2020 года. Са слоў ягонай паплечніцы Вольгі Чарыевай, ён арганізоўваў мітынгі ў Турцыі, вёў сацсеткі і ютуб-канал групы.
Мухамедаў праводзіў расследаванні карупцыйных схем, крытыкаваў Туркменскі рэжым, выкрываў клептакратыю, незаконныя арышты і гвалт у турмах, а таксама ўзбагачэнне атачэння прэзідэнта, кажа Чарыева. І дадае: «Ён заўсёды марыў стварыць новую, цывілізаваную краіну».
На радзіме супраць Мухамедава яшчэ два гады таму завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы яго ў шпіянажы, закліках да гвалтоўнай змены Канстытуцыі, экстрэмізме і стварэнні пагрозы нацыянальнай бяспецы. Гэтыя абвінавачванні сталі вядомыя паплечнікам толькі пасля яго затрымання.
«Яму пагражае ад 15 да 25 гадоў турмы за крытыку ўладаў Туркменістана», — кажа Чарыева.
Мердан Мухамедаў. Архіўнае фота21 жніўня ў Туркменістане прайшлі масавыя допыты па справе Мухамедава. Адзін са сведкаў паведаміў, што актывіст браў удзел у следчых дзеяннях з разбітымі вуснамі і апухлым тварам.
Туркменістан — адна з самых закрытых краін у СНД, дзе ўжо больш за тры дзясяткі гадоў захоўваецца аўтарытарны рэжым. Туркменістан займае адну з апошніх пазіцый у сусветных рэйтынгах свабоды слова і прэсы.
Краінай больш за 17 гадоў кіруе сям'я Бердымухамедава. З 2006 года, калі памёр першы кіраўнік дзяржавы Сапармурат Ніязаў, па 2022-м прэзідэнтам быў Гурбангулы Бердымухамедаў. У 2022 годзе ён перадаў уладу свайму сыну, 40-гадоваму Сердару Бердымухамедаву.
Са слоў Вольгі Чарыевай, рэжым Бердымухамедава запалохвае грамадзян, каб падоўжыць сваё кіраванне. Адным са спосабаў ціску сталі затрыманні апазіцыйных актывістаў у краінах, дружалюбных Туркменістану, такіх як Турцыя і Расія, з наступнай дэпартацыяй на радзіму.
Новая хваля туркменскай апазіцыі
Туркменская апазіцыя пачала актыўна развівацца ў 2020 годзе, у асноўным за мяжой. Гэта было выклікана дзвюма падзеямі. Увесну таго года разбуральны ўраган пакінуў тысячы сем'яў без прытулку. Улады не прызналі наяўнасць ахвяр, хоць незалежныя СМІ паведамлялі пра загінулых.
«Урад праігнараваў гэты катаклізм. Ні слова пра саму падзею не было сказана. Не было дапамогі і часовай рэлакацыі пацярпелых. У гэты ж час здарыўся кавід, межы закрыліся», — успамінае Руслан Мяціеў, рэдактар незалежнага выдання Turkmen.news.
Туркменскія мігранты, колькасць якіх, паводле неафіцыйных звестак, перавышае траціну насельніцтва краіны, хацелі вярнуцца і дапамагчы пацярпелым, але не змаглі гэтага зрабіць.
Абыякавасць уладаў выклікала хвалю пратэстаў. «Людзі — спачатку ў масках і акулярах — выступалі на камеру з плакатамі. Баяліся, у нас усё ж такі рэпрэсіўная дзяржава. Потым некаторыя нават знялі гэтыя маскі і кепкі, адкрыта назвалі свае імёны. Гэта моцна ўзрушыла грамадства. Пратэсты набіралі папулярнасць у сацсетках — Цік-ток і Instagram», — распавядае журналіст.
У Туркменабадзе, другім па колькасці горадзе краіны, больш за тысячу чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці, правялі сядзячы пратэст, перакрыўшы дарогу. Намеснік хякіма (кіраўніка) горада, які суправаджаецца паліцэйскімі і супрацоўнікамі нацбяспекі, паабяцаў вырашыць праблемы — толькі пасля гэтага пратэстоўцы пагадзіліся разысціся.
Аднак на пратэст улады адрэагавалі затрыманнямі. Праўда, караць пачалі не за ўдзел у мітынгах, а за публікацыю фатаграфій і відэа разбураных раёнаў у сацсетках. Было затрымана як мінімум 66 жыхароў Туркменабада, у дачыненні да дзвюх жанчын распачалі крымінальныя справы.
Пратэстныя настроі таксама распаўсюдзіліся на туркменаў, якія жывуць за мяжой. У 2020 годзе найбуйнейшыя акцыі прайшлі ў Турцыі, дзе пражываюць каля 100 тысяч туркменаў легальна і больш за мільён — неафіцыйна.
Актывісты прыцягваюць значную аўдыторыю: ролікі некаторых набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў, што нямала для Туркменістана, дзе ўсе папулярныя сацсеткі заблакаваныя. Людзі знаходзяць спосабы глядзець, каментаваць і дзяліцца.
«Гэта хвалюе ўлады, таму што Туркменістан — закрытая і рэпрэсіўная краіна, дзе ўвесь час выклікалася ідэя, што народ шчаслівы, а праблем няма».
Спіс
У адказ на крытыку ў сацсетках і мітынгі за мяжой, туркменскі ўрад пераканаў Анкару адмяніць бязвізавы рэжым з Ашхабадам. Турцыя, да гэтага адна з нямногіх краін з бязвізавым уездам для туркменаў і прамымі авіязносінамі, пачала затрымліваць і дэпартаваць апазіцыянераў.
У студзені 2022 года Туркменскі Хельсінкскі фонд правоў чалавека апублікаваў спіс з 25 актывістаў, якім пагражала дэпартацыя, — дакумент падала крыніца ў паліцыі Турцыі.
Да жніўня 2024 года трое з гэтага спісу, у тым ліку Мердан Мухамедаў, былі высланыя на радзіму. Адным з іх быў Фархад Мейманкуліеў, прысуджаны да працяглага тэрміну па вяртанні ў Туркменістан.
Яшчэ некалькі актывістаў вярнуліся добраахвотна з-за таго, што скончыўсмя тэрмін дзеяння пашпартоў з надзеяй, што іх «пранясе», кажа кіраўнік групы «Туркменія, аб'ядноўвайся» Чэмен Орэ. Далейшы іх лёс невядомы.
Агулам Турцыя дэпартавала семярых актывістаў, распавядае Орэ.
Адным з першых высланых быў каракалпакскі туркмен Жумасапар Дадабаеў, дэпартаваны ва Узбекістан у студзені 2022 года і прысуджаны да 12 гадоў паводле абвінавачвання ў экстрэмізме.
У верасні 2023 года Турцыя дэпартавала Даўрана Іманава, Раўшэна Клычова і Максата Баймурадава за нелегальнае знаходжанне ў краіне. Іманаў цяпер утрымліваецца ў СІЗА Туркмэнабада.
У той час Турцыя ўзмацніла барацьбу з нелегальнай міграцыяй, затрыманыя падчас маштабных рэйдаў больш за 35 тысяч нелегалаў.
Катаванні ў турмах
Масавыя рэпрэсіі і затрыманні па палітычных матывах у Туркменістане былі шырока задакументаваныя яшчэ ў часы прэзідэнцтва Сапармурата Ніязава, які кіраваў краінай з 1985 па 2006 гады.
Праваабарончыя арганізацыі, такія як Amnesty International, паведамлялі пра шматлікія выпадкі асуджэння апазіцыянераў па ілжывых абвінавачваннях, у выніку чаго многія з іх атрымалі працяглыя турэмныя тэрміны.
У зняволенні апазіцыянеры нярэдка зведвалі катаванні і здзекі, паведамлялі праваабаронцы.
Адной з самых жорсткіх турэмных практык туркменскіх уладаў з'яўляецца так званае «гвалтоўнае знікненне»: палітвязні ўтрымліваюцца ў поўнай ізаляцыі, без доступу да юрыдычнай дапамогі, медыцынскага абслугоўвання або магчымасці мець зносіны з роднымі.
Паводле даных кампаніі «Пакажыце іх жывымі!», за апошнія 20 гадоў 162 зняволеных знаходзіліся ў такіх умовах. Дзяржава працягвае ўжываць гэтае жорсткае і неправамернае пакаранне ў дачыненні да тых, каго ўспрымае як палітычную пагрозу сваёй уладзе з прычыны перакананняў, уплыву або вядомасці гэтых людзей. Тэрміны зняволення многіх ужо скончыліся, але іх статус застаецца невядомым. Прынамсі 29 чалавек пайшлі з жыцця, адбываючы свой тэрмін», — гаворыцца ў справаздачы «Пакажыце іх жывымі!» за 2022 год.