У Брытаніі адмаўляюцца ад авакада дзеля навакольнага асяроддзя
Як тлумачаць актывісты, вытворчасць папулярнага плоду павялічвае абязлесенне і пагаршае змяненне клімату.
Шэраг папулярных брытанскіх кавярняў выключае з меню авакада. У якасці аднаго з аргументаў актывісты прыводзяць той факт, што плод ўвозяць у краіну на самалётах з Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, што нельга лічыць устойлівай практыкай ва ўмовах змены клімату. Аб рашэннях рэстаратараў паведамляе The Independent.
«Не трэба быць геніем, каб зразумець, што смачней тая ежа, якая не праляцела 5 тыс. міль (8047 км)», — патлумачылі сваё рашэнне ў кавярні Wild Strawberry Cafe. «Няправільна увозіць інгрэдыенты на самалётах, якія працуюць на паліве, з Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі толькі для таго, каб задаволіць патрэбу ў галоўным прадуктовым трэндзе. Зараз як ніколі рэальная пагроза змены клімату, пры гэтым існуе мноства смачных прадуктаў у крокавай даступнасці».
У кавярні таксама адзначылі, што з-за «апантанасці авакада ў заходнім свеце» падвысіўся попыт на прадукцыю мексіканскіх вытворцаў. Цэны на плод значна выраслі, і, як адзначае The Independent, з-за гэтага прыбытковым экспартам зацікавіліся наркакартелі.
«Лясы высякаюцца пад плантацыі авакада. Інтэнсіўная сельская гаспадарка такога маштабу уплывае на выпрацоўку парніковых газаў і ўзмацняе ціск на водныя рэсурсы», — дадалі актывісты. На ўплыў вытворчасці авакада звярнулі ўвагу і ў кавярні Tincan Coffee Co (Брысталь, Вялікабрытанія), дзе заявілі аб адмове ад плоду раней у гэтым годзе.
«Мы любім авакада, асабліва, калі яно падаецца з запечаным яйкам, але для нас заўсёды было важна кіраваць кавярняй ў адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі, — заявіў сузаснавальнік установы Адам Уайт. — Падаваць авакада, ведаючы пра ўплыў фермерства на сацыяльна-эканамічнае становішча ў Мексіцы і Каліфорніі, мы палічылі няправільным».
Прыродаахоўная арганізацыя «Грынпіс» ў Мексіцы яшчэ ў 2016 годзе прагназавала, што жыхары і прырода рэгіёну могуць пацярпець з-за попыту на авакада. «Транспартыроўка плоду ў іншыя краіны патрабуе вялікіх аб'ёмаў сельскагаспадарчых хімікатаў і драўніны. Дадзеныя чыннікі могуць адбіцца на стане навакольнага асяроддзя і дабрабыце людзей», — растлумачылі ў арганізацыі.
greenbelarus.info