Тэрэза Мэй папярэдзіла аб наступствах правалу галасавання па Brexit

Правал галасавання па плане Brexit, які Тэрэза Мэй узгадніла з уладамі ЕС, можа каштаваць ёй пасады прэм’ер-міністра. Пры гэтым Мэй папярэджвае, што ў выпадку яе сыходу да ўлады можа прыйсці блізкі да сацыялістаў Джэрэмі Корбін, перадае Белсат.

baa668887db85072383b7fc8789a6dae.jpg

У інтэрвʼю выданню The Daily Mail Тэрэза Мэй папярэджвае, што афіцыйны Лондан не можа сабе дазволіць прыход да ўлады ў Вялікабрытаніі апазіцыі. Таму, на яе думку, Палата абшчын мусіць падтрымаць распрацаваны ёю і ўзгоднены ў Бруселі план па выхаду Лондану з Еўрапейскага саюзу.
«Гэта азначала б сурʼёзную пагрозу стварэння сітуацыі нявызначанасці для краіны, з рэальнай рызыкай адмовы ад Brexit або сыходу з Еўрапейскага саюзу без дамоўленасцяў», – падкрэсліла яна.
У сваю чаргу апазіцыйная Лейбарысцкая партыі і яе лідар Джэрэмі Корбін заклікаюць абʼявіць вотум недаверу Тэрэзе Мэй, у выпадку, калі яе план не будзе ўзгоднены падчас галасавання. Гэта, адзначае Daily Mail, дазволіць ім разлічваць на поспех у спробах дамагчыся паўторнага рэферэндуму ў Вялікабрытаніі . Рызыка правалу галасавання па плане Мэй павялічваецца ў сувязі і з тым, што сярод тых, хто гатовы аддаць свой голас супраць плану ёсць нямала прадстаўнікоў і партыі прэмʼера – Кансерватыўнай партыі.
Таму для таго, каб галасаванне прайшло паспяхова, Тэрэзе Мэй неабходна атрыманне галасоў больш за 100 дэпутатаў, як з уласнай партыі, так і ад лейбарыстаў.
Праціўнікі плана Тэрэзы Мэй лічаць, што ў адпаведнасці з ім Вялікабрытанія застанецца залежная ад шэрагу правілаў і прынцыпаў рэгулявання еўрапейскага заканадаўства. Пры гэтым Брытанія пакіне еўрапейскую мытную і рыбалавецкую прастору. А такі варыянт лічаць недапушчальным як прыхільнікі радыкальнага разрыву з ЕС, так і тыя, хто падтрымлівае мяккі выхад з Еўрапейскага саюза.
Нявызначанасць вакол галасавання па плане Brexit у палаце абшчын, сцвярджае The Daily Mail, робіць наступны тыдзень «адным з самых важных у гісторыі брытанскай палітыкі з часоў Другой Сусветнай вайны».