У егіпецкім папірусе апісаны найстаражытнейшы тэст на цяжарнасць

Міжнародны калектыў навукоўцаў, які разбірае калекцыю егіпецкіх манускрыптаў, што захоўваюцца ў Капенгагенскім універсітэце і цяпер, распавёў пра свае знаходкі. Сярод іх апынуліся медыцынскія тэксты старажытных егіпцян, якія змяшчаюць самыя старажытныя згадкі чалавечых нырак і апісанне тэсту на цяжарнасць 3500-гадовай даўніны.

papyrus.jpg

Карлсберсгская калекцыя папірусаў змяшчае каля 1400 тэкстаў, напісаных паміж 2000 годам да н.э. і 1000 годам н.э. Большасць з іх паходзіць з фаюмскага аазіса. Ядро калекцыі складаюць папірусы I-ІI стст. н.э. з бібліятэкі храма ў старажытным горадзе Феадосіёпаль (Тэтбуніс), запісаны на егіпецкай і грэцкай мовах. Сярод іх ёсць тэксты, прысвечаныя набажэнствам, астраноміі і астралогіі, медыцыне, варожбам, а таксама мастацкія творы. Калекцыя была набыта ў 1931 годзе Фондам Карлсберг. Праца па прачытанні і даследаванні папірусаў Карлсбергскай калекцыі вядзецца да гэтага часу.
Аспірантка Эмбер Джэйкаб з Нью-Йоркскага ўніверсітэта працуе з медыцынскімі тэкстамі. У адным з іх яна выявіла доказ таго, што егіпцянам было вядома аб наяўнасці ў чалавека нырак. Раней надзейных сведчанняў гэтага было мала, і некаторыя даследчыкі лічылі, што егіпецкая медыцына не ведала аб гэтых органах.
Сафія Ш'ёдт (Sofie Schiødt) з Капенгагенскага ўніверсітэта знайшла ў іншым папірусе ўзростам каля 3500 гадоў найстаражытнае апісанне тэсту на цяжарнасць. Па прадпісаннях старажытнаегіпецкіх лекараў, жанчына павінна была памачыцца ў два мяшкі, у адзін з якіх было насыпана збожжа пшаніцы, а ў другі — ячменю. Па тым, якое збожжа хутчэй прарасце, вызначаўся пол будучага дзіцяці. А калі не прарос ні адзін, значыць, цяжарнасць не наступіла. Характэрна, што аналагічны метад апісаны ў нямецкім фальклорным зборніку 1699 года.
Паводле Science Pro