У Германіі разглядаюць закон, паводле якога антысеміты не змогуць атрымаць грамадзянства
25 кастрычніка міністр унутраных спраў ФРГ Нэнсі Фезер агучыла закон, паводле якога людзі, якія здзейснілі антысеміцкія дзеянні, не змогуць стаць грамадзянамі Германіі.
«Наш праект новага закона аб грамадзянстве, які мы цяпер будзем абмяркоўваць у бундэстагу, выразна выключае антысемітаў», — сказала Фезер пасля сустрэчы з амбасадарам Ізраіля ў Германіі Ронам Просарам.
Міністр дадала, што ўлады ФРГ праяўляюць «надзвычайную пільнасць» у дачыненні да прыхільнікаў палесцінскай ісламісцкай групоўкі ХАМАС у краіне. Фезер адзначыла, што кожны прыхільнік тэрарызму будзе прыцягнуты да адказнасці «па ўсёй строгасці закона».
Раней, 22 кастрычніка, канцлер ФРГ Олаф Шольц наведаў адкрыццё яўрэйскай сінагогі ў нямецкім Дэсау. Там ён заявіў:
«Антысеміцкай нянавісці і варожасці тут няма месца. Яны караюцца ў Германіі. Наша дзяржава будзе абараняць жыццё яўрэяў — паўсюль і заўсёды».
Нямецкія ўлады раскрытыкавалі прапалесцінскія дэманстрацыі ў Берліне. У прыватнасці, вечарам 18 кастрычніка ў Нойкельне, раёне з вялікай арабскай супольнасцю, арганізатары мітынгу заклікалі «ператварыць гэты раён у Газу» і «ўсё спаліць». 65 паліцыянтаў Берліна атрымалі раненні. Затрымана 174 чалавекі.
Нагадаем, раніцай 7 кастрычніка баевікі руху ХАМАС уварваліся на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа, узялі пад кантроль некалькі населеных пунктаў у памежнай зоне і захапілі дзясяткі закладнікаў. У адказ ЦАХАЛ пачала контртэрарыстычную аперацыю супраць баевікоў. На наступны дзень, 8 кастрычніка, у краіне было ўведзена ваеннае становішча, усе авіярэйсы былі адмененыя.
Раніцай 9 кастрычніка прэс-сакратар ізраільскай арміі заявіў, што ЦАХАЛ аднавіла кантроль над усімі памежнымі гарадамі Газы, з якіх пачаўся наступ баевікоў, і што кіраўніка ХАМАС Ях'ю Сінвара збіраюцца ліквідаваць.
ХАМАС захапіў каля 150 закладнікаў з моманту свайго наземнага ўварвання, у тым ліку дзяцей, людзей сталага веку і моладзь. Ён папярэдзіў, што пачне забіваць закладнікаў кожны раз, калі Ізраіль нанясе ўдар па грамадзянскай цэлі ў Газе без папярэджання.
9 кастрычніка міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант абвясціў аб «поўнай аблозе» сектара Газа ў рамках барацьбы з тэрарыстычнай групоўкай ХАМАС, уключаючы адключэнне электрычнасці ў рэгіёне. У той жа час ЦАХАЛ працягвае наносіць удары па рэгіёне.
11 кастрычніка ў сектары Газа спынілася падача электраэнергіі. Гэта адбылося пасля таго, як на адзінай электрастанцыі скончылася паліва. 12 кастрычніка міністр энергетыкі Ізраіля Ізраіль Кац заявіў, што сектар Газа застанецца без электрычнасці, вады і паліва, пакуль не будуць вызваленыя закладнікі з Ізраіля.
13 кастрычніка Армія абароны Ізраіля заклікала цывільных жыхароў горада Газа эвакуявацца ў паўднёвым кірунку «дзеля іх уласнай бяспекі і абароны».
Кантрольна-прапускны пункт Рафах, які з'яўляецца галоўным пунктам выезду з сектара Газа, які не кантралюецца Ізраілем, паводле афіцыйных асобаў Газы і егіпецкіх крыніц, быў закрытыты з 10 кастрычніка пасля ізраільскай бамбардзіроўкі сектара Газа. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікае адкрыць гуманітарныя калідоры і вызваліць закладнікаў, захопленых баевікамі ХАМАС.
Увечары 17 кастрычніка ХАМАС абвінаваціў Ізраіль у нападзе на шпіталь у сектары Газа.
Паводле suspilne.media, The Jerusalem Post