«У нас скралі Бразілію»

Перамога левага кандыдата Лулы да Сілва на прэзідэнцкіх выбарах у Бразіліі 31 кастрычніка, мяркуючы па рэакцыі яго супернікаў, далёка не канчатковая. Прыхільнікі правага прэзідэнта Балсанару выходзяць на вуліцы, сцвярджаючы, што выбары былі сфальсіфікаваныя.

422cf454c4f2aaa14776c968fa6257c1.jfif


Чамусьці так склалася, што ў нашай масавай свядомасці Бразілія выклікае выключна легкадумныя рэфлексіі — футбол, пляжы, карнавал, і, вядома, белыя штаны ў якіх пагалоўна ходзяць жыхары Рыа. Зрэшты, такі забабон характэрны не толькі нам. Людзі з бразільскімі сцягамі, якія стаялі ў адзін з лістападаўскіх дзён на плошчы ў цэнтры Лісабона, паскардзіліся аўтару тэксту на нейкага мінака-турыста. Той здзівіўся адсутнасці ў бразільскіх пікетчыкаў футбольнага мяча. Як жа так — усе бразільцы маюць ганяць у футбік!

Між тым, на плошчу людзей прымусілі выйсці сур'ёзныя рэчы. Як высветлілася з размовы, гэтая купка бразільцаў з'яўляецца прыхільнікамі прэзідэнта Жаіра Балсанару. Апошні, паводле пратаколу бразільскага ЦВК, прайграў выбары за сваё пераабранне. Нагадаем, афіцыйныя вынікі: за Лулу да Сілва прагаласавалі 50,1% выбаршчыкаў, за яго суперніка 49,9%.

Прыхільнікі Балсанару ў лічбы не вераць. Па іх словах, кандыдат правых сілаў стаў ахвярай змовы з удзелам вядучых СМІ, карумпаваных суддзяў і левых палітыкаў.

Таксама ў змове бралі ўдзел замежныя фігуранты. Напрыклад, левыя пераністы, якія знаходзяцца ва ўладзе ў суседняй Аргентыне. Эканамічная сітуацыя ў Аргентыне вельмі цяжкая. Нядаўні рост эканомікі Бразіліі выклікаў цікавасць аргенцінцаў да ліберальных эканамічных рэцэптаў, што, вядома, насцярожыла пераністаў. У спіс змоўшчыкаў таксама ахвотна ўключаюць Нікаласа Мадура. У чавістаў з Балсанару свае рахункі: адзін час нават хадзілі чуткі, што Балсанару рыхтуе вайсковую інтэрвенцыю ў Венесуэлу.

Аднак цэнтр змовы знаходзіцца, бясспрэчна, у Бразіліі. Тут у некаторых палітычных колах ад самага пачатку з асцярогай успрынялі нечаканы поспех Балсанару на выбарах у 2018-м. Будучы несістэмным палітыкам, новы прэзідэнт, калі верыць яго прыхільнікам, пачаў актыўна ўмешвацца ў старыя карупцыйныя расклады. Напрыклад, выявіў сістэму буйных адкатаў пры будаўніцтве адной са стратэгічных аўтамабільных магістраляў. Амаль дзесяцігоддзе карумпаваны бізнес «будаваў» тую важную трасу за кошт падаткаў. Новы прэзідэнт скончыў праект за пару гадоў.

Жаір Балсанару на антыкавідным мітынгу 

Жаір Балсанару на антыкавідным мітынгу 


Пры гэтым змоўшчыкам было відавочна, што толькі адзін палітык у краіне мае патэнцыял ваяваць з Балсанару. Гэта экс-прэзідэнт Лула да Сілва. Аднак у той час ён знаходзіўся ў турме за карупцыю. Нягледзячы на тое, што да Сілва быў асуджаны паслядоўна ў трох судовых інстанцыях, раптам Вышэйшы федэральны суд пастанавіў вызваліць зняволенага. Такім чынам ён вярнуўся ў вялікую палітыку, прычым літаральна напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў на выбары прэзідэнта.

Як толькі непасрэдна пачалася выбарчая гонка, сталі фіксавацца дзіўныя рэчы. Некаторыя журналісты і палітыкі цэнзураваліся, калі ўздымалі тэму пра крымінальную вінаватасць да Сілва. Зрабіць гэта было не цяжка, паколькі журналісцкую дзейнасць падчас выбараў у тым ліку курыруе такая судовая інстанцыя як Вышэйшая выбарчая камісія (TSE). Больш за тое, TSE нават патрабавала ад прэсы падкрэсліваць тую акалічнасць, што Лула трапіў за краты незаконна.

Пікетчыкі ў Лісабоне вельмі эмацыйна распавядалі, што кантроль над медыямі даў перавагу апанентам дзейнага прэзідэнта падчас выбарчай кампаніі. Некалькі палітычна блізкіх Балсанару акаўнтаў у сацыяльных сетках былі адключаныя. Многія перадвыбарчыя выступы прэзідэнта не трансляваліся па радыёстанцыях у гарадах па ўсёй краіне, што, дарэчы, з'яўляецца перадвыбарчым злачынствам.

Таксама спрыяў перамозе Лулы негатыўны імідж Балсанару ў свеце. Справа ў тым, што навіны пра Бразілію ў свеце ідуць паводле наратываў Rede Globo — найбуйнейшай камунікацыйнай сеткі ў Бразіліі (важны элемент згаданай вышэй схемы аўтараў антыпрэзідэнцкай змовы).

Аднак больш за ўсё абурэння ў фанатаў Балсанару выклікаюць нібыта махінацыі электроннай сістэмы галасавання. Гэтая сістэма не прайшла тэстаў напярэдадні волевыяўлення. Таксама TSE не дазволіла ў рамках эксперыменту галасаваць на некаторых участках адначасова электронна і пісьмова, што дазволіла б упэўніцца ў сумленнасці сістэмы. У выніку сёння ёсць шмат нараканняў наконт празрыстасці электроннага галасавання і ўвогуле канчатковых вынікаў выбараў.

Не дзіўна, што цяпер шмат бразільцаў абураецца фальсіфікацыямі, выходзячы на вуліцу і скандуючы лозунг «У нас скралі Бразілію». Цікава, што падчас акцыяў маніфестанты таксама просяць узброеныя сілы дапамагчы «выратаваць дэмакратыю». Гэта вельмі незвычайнае патрабаванне, калі ўспомніць цану, якую Бразілія заплаціла за ваенны пераварот 1964-га. Лічыцца, што ў часы дыктатуры вайскоўцаў у Бразіліі было забіта каля 400 чалавек, а яшчэ больш за 160 чалавек прапалі без вестак.

Аднак прыхільнікі Балсанару мяркуюць, што путч 1964-га — гэта зусім з іншай оперы. Тады, маўляў, вайскоўцы спрабавалі насадзіць дыктатуру, а цяпер яны могуць дапамагчы выратаваць краіну ад аўтарытарнага павароту.

Натуральна, сама тэма пра прагрэсіўную прыроду вайсковага путчу выклікае разрыў шаблону. Асабліва калі згадаць, якое месца ў нашай дэмакратычнай традыцыі займае супраціў путчу ў жніўні 1991-га. У любым выпадку тая размова з бразільцамі ў Лісабоне прымушае да карэкціроўкі стэрэатыпаў пра Бразілію. Бразілія — гэта не толькі футбол, пляжы, карнавал, і, вядома, белыя штаны, але таксама калектыўная неабыякавасць, калі гаворка заходзіць пра лёсы мясцовай дэмакратыі.