У Расіі масавае атручанне сурагатным сідрам: 28 чалавек памерлі

У Расіі колькасць ахвяр ад атручання сідрам узрасла да 28 чалавек. У Ніжагародскай вобласці два чалавекі памерлі ад атручання піўным напоем «Містэр сідр», ва Удмуртыі — адзін чалавек, ва Ульянаўскай вобласці — 18 чалавек, у Самарскай вобласці — сямёра, піша РБК.

Фота МУС Ульянаўскай вобласці

Фота МУС Ульянаўскай вобласці

У Ніжагародскай вобласці два чалавекі памерлі ад атручання піўным напоем «Містэр сідр», паведамляе рэгіянальнае ўпраўленне Расспажыўнагляду.

«Усяго на тэрыторыі вобласці зарэгістравана шэсць выпадкаў адпраўлення названым піўным напоем, з іх два — смяротныя», — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага віцэ-прэм'ер Удмуртыі Эльвіра Пінчук паведаміла, што адзін юнак, які атруціўся сурагатным сідрам, памёр. Паводле яе, яшчэ адна жанчына застаецца ў шпіталі ў цяжкім стане. «Лабараторныя даследаванні пацвердзілі, што абое атруціліся метанолам», — дадала Пінчук.

Міністэрства аховы здароўя Ульянаўскай вобласці паведаміла аб 51 выпадку атручання напоем. «У 18 выпадках атручанне прывяло да смяротнага зыходу», — падкрэслілі ў ведамстве.

Яшчэ сем чалавек загінулі ў Самарскай вобласці, паведаміла Міністэрства аховы здароўя рэгіёна.

Такім чынам, агульная колькасць памерлых ад атручання сідрам у Расіі павялічылася да 28 чалавек.

Акрамя гэтага, СК Расіі па Пензенскай вобласці 6 чэрвеня паведаміў, што ў Пензе тры дзяўчыны атруціліся спіртазмяшчальнай прадукцыяй. Па даным факце завялі крымінальную справу.

Тым часам «Парламенцкая газета» распавяла, як адрозніць падроблены сідр ад сапраўднага. Для напою існуе спецыяльны ГОСТ — 58851-2020, дзе, апроч іншага, ёсць падрабязнае апісанне інгрэдыентаў. Сапраўдны сідр павінен складацца са свежай ці хутказамарожанай садавіны (альбо ягад), белага цукру, вінных дражжэй, хмелю, цытрынавай і сарбінавай кіслот, вуглякіслага газу (для пеністых сідраў), сярністага ангідрыду.

Крэпасць напою павінна быць не больш за шэсць градусаў. У сідра ёсць некалькі гатункаў — напрыклад, сухі, паўсалодкі, фільтраваны або нефільтраваны.

Нягледзячы на існуючыя рэгламенты, на падробку нарвацца можна, адзначае выданне. Большасць недарагіх сідраў, якія прадаюцца ў расійскіх крамах, на самай справе з'яўляюцца «піўнымі напоямі», пры вытворчасці якіх можа выкарыстоўвацца крухмальная патака, смакавыя і араматычныя дадаткі. «Містэр сідр» — якраз «піўны напой».

«Трэба разумець, што сапраўдны сідр — напой сезонны. Рабіць яго можна толькі са свежых яблыкаў, якія спеюць, як мы ведаем, у жніўні — верасні», — растлумачыў старшыня Нацыянальнага саюза абароны правоў спажыўцоў, кіраўнік цэнтра распрацоўкі Нацыянальнай алкагольнай палітыкі РФ Павел Шапкін.

Яшчэ адзін важны момант — цана. Правільны, сапраўдны сідр не можа каштаваць танней за 150 рублёў (каля 2 даляраў). Але ў любым выпадку трэба быць асцярожным: сідр выведзены з сістэмы дзяржаўнага ліцэнзавання: «Ніхто не зможа дакладна сказаць, што менавіта вам прадалі — нармальны натуральны напой ці ж кактэйль са спірту і араматычных дадаткаў», — сказаў Шапкін.

Эксперт заклікаў не купляць сідр з рук або ў сумніўных установах. Справа ў тым, што толькі з 1 кастрычніка 2023 г. у Расіі пачне дзейнічаць абавязковая маркіроўка піўных напояў, калі на кожную бутэльку альбо банку будуць ставіць спецыяльны знак, які можна адсканаваць і паглядзець склад, дату вытворчасці і звесткі аб вытворцы.