У Расіі значна вырасла колькасць прыхільнікаў перадачы Курылаў Японіі
17% расіян падтрымалі б ідэю перадаць Японіі некалькі астравоў Курыльскай грады дзеля мірнага дагавора паміж краінамі. У траўні 2016 года гэтага меркавання прытрымліваліся ўсяго 7% рэспандэнтаў
У Расіі рэзка вырасла колькасць жыхароў, якія дапускаюць перадачу Курыльскіх астравоў Японіі. На пытанне, ці падтрымалі б яны ідэю перадаць некалькі астравоў, каб заключыць мірны дагавор і развіваць эканамічнае супрацоўніцтва, станоўча адказалі 17% расіян. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытання «Лявада-цэнтра». У 2016 годзе на аналагічнае пытанне ў трохі іншай фармулёўцы станоўча адказалі 7% расіян, у 2011 годзе — 4%. Максімальны ўзровень падтрымкі гэтай ідэі — 12% — быў зафіксаваны ў 1992 годзе, адразу пасля распаду СССР.
У сярэдзіне лістапада 2018 года Расія і Японія дамовіліся паскорыць абмеркаванне заключэння мірнай дамовы на аснове дэкларацыі 1956 года. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў адзначаў, што гэта не мае на ўвазе аўтаматычнай перадачы тэрыторый японскаму боку.
Паводле апытання «Лявада-цэнтра», па-ранейшаму большасць расіян выступаюць супраць перадачы Курыл японцам, але колькасць рэспандэнтаў з адваротным пунктам гледжання паступова расце.
Пры розных фармулёўках пытання працэнт прыхільнікаў ідэі аб перадачы астравоў вагаецца, але ён заўсёды складае меншасць. Сацыёлаг Піпія тлумачыць гэта так: «Практычна ўсе даследаванні, якія датычацца тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі, няхай гэта будзе Крым або астравы Курыльскай грады, дэманструюць нежаданне большасці расіян вяртаць гістарычна спрэчныя тэрыторыі, — цытуе словы эксперта РБК, — нават калі гэта ўмова мірных або эканамічна выгадных адносінаў з іншай краінай».
Па словах Піпія, з аднаго боку, вялікая тэрыторыя — адна з найважнейшых падстаў для нацыянальнага гонару расіян, але з другога — дэманстрацыя ўсяму светые велічы і сілы па прынцыпе «жывём дрэнна, але затое ў нас краіна вялізная», таму «ідэя аб тым, каб аддаць якія-небудзь тэрыторыі, практычна заўсёды разглядаецца большасцю як праява слабасці».
Масква і Токіа дзесяцігоддзямі вядуць перамовы аб заключэнні мірнай дамовы па выніках Другой сусветнай вайны. Спрэчнай з'яўляецца тэма прыналежнасці Паўднёвых Курыльскіх астравоў, паколькі пасля заканчэння вайны ўвесь архіпелаг быў уключаны ў склад СССР. Афіцыйны Токіа аспрэчвае прыналежнасць Ітурупа, Кунашыра, Шыкатана і групы незаселеных выспаў (Хабамаі). Масква неаднаразова казала пра неаспрэчны расійскі суверэнітэт над гэтымі тэрыторыямі.
Паводле www.rbc.ru, meduza.io