У Расіі з-за непагадзі збяруць пшаніцы на 30% менш? Уводзіцца рэжым надзвычайнага становішча

У Расіі — анамальна халодны май, загінула значная частка збожжавых, павымярзалі садовыя дрэвы. у цэнтральнай частцы Расіі загінулі да 70% яблынь, а ў некаторых кампаній у Белгародскай вобласці — і зусім 100%. Колькі страцілі расійскія аграрыі? І ці вырастуць цяпер цэны ў крамах і ці чакаць годаду?

_belarus_minsk_zima_veczar_nocz_sneh_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg

Анамальна халоднае надвор'е ў маі знішчыла пасевы злакавых і пладовых культур. Плошча пацярпелых тэрыторый набліжаецца да мільёна гектараў, а шкода вылічаецца мільярдамі рублёў. Урад РФ паведаміў, што плануе ўвесці рэжым надзвычайнага становішча (НС) федэральнага значэння. 

«Медуза» разбіралася, для чаго неабходны такі крок і наколькі цяпер могуць падаражэць прадукты.

Сельская гаспадарка — галоўная ахвяра цыклона, праз які ў маі было холадна нават на поўдні РФ

Колькі страціла галіна? І чаму яе крызіс — гэта праблема глабальнага маштабу?

У пачатку мая адразу ў некалькіх рэгіёнах РФ былі ўсталяваныя тэмпературныя антырэкорды. Замаразкі фіксавалі і ў Екацярынбургу, дзе вышыня снежнага покрыва дасягнула 20 сантыметраў, у Казані, дзе ўлады безвынікова спрабавалі вярнуць ацяпленне, і нават у Растове-на-Доне, дзе ўначы тэмпература апускалася ніжэй за нуль.

Сіноптыкі патлумачылі праблемы анамальным цыклонам: ён дабраўся да Рэспублікі Комі і пачаў разрастацца, засмоктваць паветра з Арктыкі і распаўсюджваць яго аж да паўднёвых рэгіёнаў краіны. Такі феномен называецца ультрапалярным уварваннем. У дадатак, як лічаць у Маскоўскім метэабюро, цыклон пачаў убіраць у сябе паветра са стратасферы, з-за чаго тэмпература стала яшчэ ніжэйшай.

Мацней за ўсё праз гэта пацярпела сельская гаспадарка: аграрыі пачалі пасяўную кампанію яшчэ ў лютым і разлічвалі сёлета прыкметна павялічыць ураджай. Але з-за халадоў маладыя расліны пачалі гінуць у 23 рэгіёнах РФ. 

Мінсельгас ацаніў страты ў 830 тысяч гектараў. Гэта каля 1% ад усіх зямель, якія планавалі засеяць сёлета, звярнула ўвагу міністр Аксана Лут. Праўда, потым ведамства паведаміла «Коммерсанту», што пацярпелі таксама сельгаскультуры, пасаджаныя ў папярэднія сезоны, іх плошча склала яшчэ 500 тысяч гектараў. Тэрыторыі пладовых і ягадных насаджэнняў, якія загінулі ад замаразкаў, склалі 17 тысяч гектараў.

Гэта нямала. Напрыклад, з пачатку траўня профільны аналітычны цэнтр «СовЭкон» двойчы пераглядаў прагноз па ўраджаі пшаніцы, знізіўшы яго на 8%. Некаторыя ўдзельнікі рынку лічаць гэтую ацэнку занадта аптымістычнай і чакаюць падзення на 30% у гэтым годзе. 

Для ўнутранага рынку Расіі рэсурсаў хопіць: па абноўленым прагнозе, аграрыі РФ вырабяць 82 мільёны тон, прытым што аб'ём попыту не перавышае 49 мільёнаў. 

Але Расія застаецца галоўным экспарцёрам пшаніцы ў свеце, і страты могуць прывесці да глабальнага дэфіцыту. Праз гэта кошты ўзляцелі да максімуму за апошні год, адзначае Bloomberg. Сумарна ж, паводле ацэнак Расійскага збожжавага саюза, вытворчасць збожжа ў краіне акажацца ніжэй за запланаваны на 20 мільёнаў тон. Губернатары паведамлялі аб праблемах з ячменем, рапсам, кукурузай і гарохам.

Глядзіце таксама

Акрамя гэтага, рынак можа страціць да паловы ўраджаю садавіны, лічыць прэзідэнт Асацыяцыі садаводаў Расіі Ігар Муханін. 

Паводле яго, у цэнтральнай частцы Расіі загінулі да 70% яблынь. У некаторых кампаній у Белгародскай вобласці — і зусім 100%. Вытворцы пазбавіліся 50-60% суніцаў. 

Мінсельгас РФ прызнаваў страты на плантацыях чарэшні, але настойваў, што яе дэфіцыту не будзе. СМІ паказвалі на паніжаны ўраджай вішні, парэчкі, маліны, агрэста. У перспектыве могуць падаражэць зробленыя з іх тавары, напрыклад сокі і джэмы. 

Пакуль жа мацней за ўсё выраслі цэны на трускаўку: каля 20% за год, да 600 рублёў за кілаграм у сярэднім па Расіі. Пры гэтым яе ўраджай практычна не пацярпеў, настойваюць улады. 

Forbes указвае на праблемы з цукровымі буракамі, насаджэнні якога гінулі «ад Бранска да Уфы».

Глядзіце таксама

Усё настолькі сур'ёзна, што ўлады вырашылі абвясціць рэжым НС? 

Што значыць рэжым? І чым дзяржава дапаможа пацярпелай галіне?

Фармальна, абвяшчэнне рэжыму НС — гэта форма дапамогі сельгасвытворцам, якія змогуць запатрабаваць кампенсацый ад страхавых кампаній. 

Міністр Аксана Лут паведаміла, што дадаткова папросіць урад пакрыць выдаткі на пладовыя культуры. 

Калі будзе абвешчаны рэжым НС і якія ў яго будуць тэрміны, пакуль не вядома. Цяпер такі рэгламент дзейнічае толькі на рэгіянальным узроўні ў 10 абласцях Расіі.

Падставы для прымянення нормы прапісаны ў законе, адна з іх — сукупны ўрон, які перавышае 1,2 мільярда рублёў. Цяпер жа, паводле ацэнак профільных агенцтваў, толькі вытворцы збожжавых страцілі каля 50 мільярдаў. 

Але, як кажуць суразмоўцы «Коммерсанта», сумарна кампаніі змогуць атрымаць ад страхоўшчыкаў у разы меншую суму — 1,5 мільярда рублёў. Праблема ў тым, што не ў кожным дагаворы рэжым НС паказаны як страхавы выпадак, а без гэтага страхоўшчык не абавязаныя нічога кампенсаваць. 

Больш за тое, перад зваротам бізнес часцяком павінен спачатку завяршыць сезон, сабраць ураджай, зафіксаваць яго скарачэнне — і толькі тады дамагацца выплат. 

Аператыўна атрымаць грошы на аднаўленне зямель не атрымаецца, перакананыя крыніцы «Коммерсанта». А нават калі страхавую ўдалося пераканаць, яна пакрые толькі прамыя выдаткі на ўтрыманне палёў, але не кампенсуе перасейванне або страты ад зніжанага другаснага ўраджаю.

Глядзіце таксама

Дапусцім, усё пойдзе па планах уладаў і аграрыі атрымаюць падтрымку. Што далей?

Пачнецца так званы перасеў?

Паводле ацэнкі Міністэрства сельскай гаспадаркі, неабходна зноў высадзіць палі плошчай 900 тысяч гектараў. Насення для гэтага нібыта дастаткова, селекцыянеры гатовыя выдаваць іх бясплатна або зрабіць адтэрміноўку па аплаце да 1 лістапада. Ніхто, акрамя Аксаны Лут, пра такія льготы не паведамляў.

Крыніцы «Коммерсанта» таксама сумняваюцца ў перспектывах гэтага працэсу. Неабходных насення, па іх словах, у Расіі няма, пшаніцу перасеяць ўжо немагчыма, да таго ж у некаторых рэгіёнах назіраецца засуха. Новыя праблемы прызнавалі і ва ўрадзе РФ, але рашэнні для іх пакуль не прапанавалі.

На гэтым фоне Bloomberg піша, што любое працяглы павышэнне коштаў на гэтае збожжа прывядзе да падаражання хлеба і макаронаў. Глабальную сітуацыю ўскладняюць засуха ў Аўстраліі і дажджы ў Заходняй Еўропе. 

Глядзіце таксама

Асцярогі ўзнікаюць і ў Расіі: дырэктар Нацыянальнага саюза хлебапячэння Рустам Айдыеў, напрыклад, бачыць як мінімум тры пагрозы.

  • Па-першае, цяперашняя сітуацыя стварае рызыкі спекуляцый, калі продажу штучна абмяжоўваюцца, каб узняць кошты.
  • Па-другое, непагадзь зніжае якасць пшаніцы, і прыдатнай для хлебапячэння сыравіны становіцца менш.
  • Па-трэцяе, калі ў асобным рэгіёне ўзнікне дэфіцыт, пекарам прыйдзецца афармляць дастаўку з суседніх абласцей. Гэта павялічыць выдаткі на лагістыку і паўплывае на цэны для спажыўца.

У гэтых умовах улады РФ спрабуюць застрахавацца ад крызісу з дапамогай альтэрнатыўных крыніц. Удзельнікі рынка дапускаюць, што цэны на збожжа атрымаецца стрымаць дзякуючы пастаўкам з анексаваных ўкраінскіх рэгіёнаў. 

З садавінай і ягадамі крыху больш складана: перасеяць іх ужо нельга, можна толькі імпартаваць. Гэта абвострыць канкурэнцыю і прымусіць расійскія кампаніі зніжаць кошты. Аналітыкі перакананыя, што неўзабаве можна чакаць чараду банкруцтваў.