Анамальная спёка. Падчас выбараў у Індыі памерлі дзясяткі чалавек

Індыя перажывае жудасную спякоту: тэмпература ў некалькіх гарадах перавышае 45 градусаў па Цэльсіі, дзясяткі людзей памерлі ад цеплавога ўдару. Паралельна ў краіне праходзяць усенародныя выбары.

Фота globallookpress.com

Фота globallookpress.com

29 траўня ў Дэлі зарэгістравалі рэкордную тэмпературу ў 52,9 градусаў Цэльсія. Птушкі і дзікія малпы ў горадзе трацяць прытомнасць ад спёкі, піша BBC.

Моцная спякота прывяла яшчэ і да воднага крызісу: вады спажываецца ўсё больш, а з перасохлых рэк яе паступае ўсё менш. У некаторых раёнах Індыі вадаправод не спраўляецца, краны перасохлі, і ўлады былі вымушаныя прыгнаць аўтацыстэрны, каб арганізаваць грамадскія пункты раздачы вады.

У некаторых рэгіёнах Індыі часова спынілі заняткі ў школах. Вуліцы апусцелі, шматлікія крамы зачыніліся: людзі імкнуцца радзей выходзіць на вуліцу.

Экстрэмальнае надвор'е забрала жыцці ўжо як мінімум 50 чалавек па ўсёй краіне. Дакладней сказаць складана: агульных лічбаў смерцяў ад спякоты па ўсёй краіне Індыя не публікуе.

Высокі суд заходняга штата Раджастхан, дзе на гэтым тыдні ўсталявалася самае гарачае надвор'е, заявіў, што ўлады не прынялі належных мер для абароны насельніцтва.

«Праз экстрэмальныя ўмовы надвор'я ў выглядзе спёкі ў гэтым месяцы загінулі сотні людзей», — заявіў суд у чацвер.

Ад спёкі гінуць у тым ліку тыя, хто задзейнічаны ў арганізацыі выбараў у парламент, якія падыходзяць да канца ў Індыі.

Выбары цягнуцца шэсць тыдняў, праходзяць у сем этапаў, многія супрацоўнікі выбарчых камісій абавязаны стаяць на варце ўвесь дзень, часта — пад адкрытым небам.

У чацвер у штаце Біхар ад спёкі памерлі 14 чалавек, паведамілі афіцыйныя крыніцы, з іх 10 удзельнічалі ў арганізацыі выбараў.

У самым густанаселеным штаце Індыі — Утар-Прадэш-у пятніцу памерлі прынамсі дзевяць супрацоўнікаў выбарчых камісій, уключаючы ахоўнікаў, паведамляе агенцтва Reuters.

«У іх была высокая тэмпература, калі іх прывезлі. Магчыма, гэта таксама выклікана цеплавым ударам. У цяперашні час мы лечым па меншай меры 23 чалавекі, дастаўленых з выбараў», — сказаў журналістам дырэктар медыцынскай установы, куды прывезлі пацярпелых.

Выбаршчыкам таксама даводзіцца цяжка: на ўчастках утвараюцца чэргі, стаяць прыходзіцца на спякоце. Выбарчыя камісіі прапануюць ваду тым, хто прыйшоў прагаласаваць і падаюць вентылятары для тых, хто чакае ў чэргах.

Сваякі пацярпелых ад цеплавога ўдару распавялі AFP, што струхлелыя дзяржаўныя бальніцы з цяжкасцю спраўляюцца з наплывам пацыентаў.


Глядзіце таксама

У красавіку, траўні і чэрвені ў большасці раёнаў Індыі заўсёды горача, пакуль сезон мусонных дажджоў не прыносіць прахалоду. Але ў апошнія гады спякота стала экстрэмальнай.

У мінулым годзе толькі ў красавіку і траўні моцная спякота забрала жыцці больш за 100 чалавек у Індыі і суседнім Пакістане. Высокія тэмпературы таксама знішчылі сотні тысяч акраў пасеваў, ад чаго пацярпелі мільёны людзей у шырокім сельскагаспадарчым сектары Індыі.

Але цяперашняя спякота б'е папярэднія рэкорды.

Навукоўцы звязваюць экстрэмальную спякоту ў Азіі са змяненнем клімату. Індыя — самая густанаселеная краіна ў свеце — займае трэцяе месца па выкідах парніковых газаў. Праўда, Індыя абавязалася дасягнуць эканомікі з нулявым узроўнем выкідаў да 2070 года, але гэта на два дзесяцігоддзі пазней большасці індустрыяльных краін Захаду. Пакуль жа ў вытворчасці электраэнергіі Індыя ў асноўным налягае вугаль. Пры гэтым спякота правакуе перарасход электрычнасці, бо людзі ўключаюць кандыцыянеры на максімум.

На гэтым тыдні, калі тэмпература ў сталіцы Нью-Дэлі рэзка павысілася, спажыванне электраэнергіі ў горадзе з насельніцтвам каля 30 мільёнаў чалавек у сераду дасягнула рэкорднага ўзроўню.