Няўдзячны ўраджай і ператварэнне рапсу ў збожжавае
Ва ўлады нарэшце адкрыліся вочы! І аказалася, што ўраджай летась быў правальным. Хоць да таго народу паўгода распавядалі, які ён небывалы. І цяпер не вельмі зразумела, што ў ім было такога небывалага. Таму што правальныя ўраджаі ў нас бывалі і раней, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Як адкрыліся ва ўладаў вочы на свой росквіт у мінулы аўторак, так яны з тых часоў не заплюшчваюцца. Нельга так, не маючы звычкі. Галава можа закружыцца.
І вось жа да мінулага аўторка ўсё было добра! Росквіт усюды спрэс квітнеў. А з мінулага аўторка ўсё прапала. Рынкі губляем, склады запаўняем, канкурэнты вырашылі канкураваць і беларуская якасць ужо не такая якасная, як калісьці…
І галоўнае, яны ж не могуць цяпер спыніцца. Тыдня не прайшло з моманту раптоўнага прасвятлення, а прэм'ер Галоўчанка паскардзіўся прэм'еру Мішусціну на тое, што расійскія інвестыцыі ў прэм'ера Галоўчанкі не той сістэмы. Хоць менш за месяц таму падначаленыя прэм'ера Галоўчанкі радаваліся, як ім у гэтым жыцці і летась пашанцавала з расійскімі інвестыцыямі.
Праўда, прэм'ер Мішусцін на гэта сказаў, што перш, чым хаяць чужыя інвестыцыі, трэба на сябе паглядзець. І калі хтосьці хоча сабе новых інвестыцый, то спачатку варта разлічыцца за старыя. Таму што беларускі Мінфін два гады не мог прыдумаць сабе зручны механізм, каб заплаціць пазыкі расійскім інвестарам. У беларускага Мінфіна быў здаровы сэнс, а грошай і механізмаў, каб плаціць свае даўгі, не было.
Вярнуць грошы прэм'ер Галоўчанка не абяцаў, але паскардзіўся на адсутнасць дастатковага разумення з боку расійскіх партнёраў у «энергетычных пытаннях». Гэта значыць, як я разумею, доўг за атамную станцыю таксама ўжо прыйдзецца пачаць аддаваць.
А ў сяго-таго адкрыліся вочы наогул на святое. На ўраджай! І аказалася, што ўраджай летась быў правальным. Хоць нам паўгода распавядаў, які ён небывалы. І я цяпер не разумею, што ў ім было такога небывалага. Таму што правальныя ўраджаі ў нас бывалі і раней.
І з боку ўраджаю праваліцца было чорнай няўдзячнасцю, пасля ўсяго, што беларускія ўлады дзеля яго зрабілі. Мінсельгасхарч дзеля ўраджаю нават умяшаўся ў натуральны эвалюцыйны працэс. Запісаў у збожжавыя рапс, які заўсёды лічыў сябе сваяком капусты, таму што належаў да сямейства крыжакветных. Але дзеля ўраджаю беларускія ўлады былі гатовыя на любыя батанічныя вычварэнствы. Нават змяніць рапсу яго эвалюцыйную арыентацыю.
Рапсу, праўда, змена арыентацыі не спадабалася. Адказнасць, мабыць, занадта вялікая. Таму з гэтага года рапс паставілі назад у яго натуральную эвалюцыйную нішу. Так што прыйдзецца ўраджаю збожжавых абыходзіцца без рапсу.
І мне, вядома, цікава, колькі яшчэ цудоўных адкрыццяў здарыцца з беларускімі ўладамі, пакуль іх не адпусціць.
Хоць, я лічу, што нядоўга ўжо засталося. Што хутка беларускія ўлады, як той рапс, вернуцца ў сваё натуральнае асяроддзе пасялення. У свет сваіх статыстычных ілюзій. І што росквіт зноў будзе квітнець, а рапс каласіцца (бо я лічу: калі табе даверылі высокае званне збожжавых, то ты павінен каласіцца насуперак усім эвалюцыйным забабонам).
Усё ж такі ў свеце статыстычных ілюзій для беларускіх уладаў натуральнае асяроддзе пасялення. Яны там жылі задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.