Як сучасная Беларусь працуе па рэцэптах Джорджа Оруэла

Жыць у краіне, дзе перамагаюць антыўтопіі, складана, але цікава. Раней усе параўноўвалі Беларусь з Оруэлаўскай «1984» — кніга нават была забароненая ў Беларусі. Але вось іншы яго твор — «Ферма» — быццам бы дазволены. Ці яшчэ пакуль дазволены?

Ілюстрацыйны малюнак з steamcommunity.com

Ілюстрацыйны малюнак з steamcommunity.com

«Усе жывёлы роўныя але некаторыя раўнейшыя» — гэтая фраза з «Фермы» стала афарызмам. І вось у Беларусі на гэтым тыдні Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных забараніў работнікам ЗАГС прадастаўляць сродкам масавай інфармацыі персанальныя даныя аб народжаных дзецях. Нагодай паслужыла тое, што мясцовае СМІ збірала статыстыку аб нованароджаных, якая ўключала ў сябе імя, прозвішча, імя па бацьку і год нараджэння.

Навошта журналістам патрэбныя такія звесткі? Увогуле, для бяскрыўдных, але цікавых матэрыялаў кшталту «Як называлі нованароджаных бацькі ў гэтым годзе», або «Каго больш нарадзілася ў гэтым месяцы: хлопчыкаў або дзяўчынак». Але НЦАПД вырашыў, што гэта няправільна.

І адначасова Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях Следчага камітэта». У прыватнасці, дакумент дае магчымасць супрацоўнікам Следчага камітэта атрымліваць пастаянны доступ да «інфармацыйных рэсурсаў (сістэм), якія змяшчаюць персанальныя дадзеныя грамадзян», без іх паведамлення.

Тое, што не дазволена супрацоўнікам ЗАГС і журналістам, заканадаўча дазволена следчым. «Ферма» ў дзеянні, ці не так?

На пасаду гендырэктара беларускага мабільнага аператара МТС прызначаны Уладзімір Козыр. Козыр вядомы тым, што ў 2020 годзе быў прызначаны начальнікам упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Да гэтага ён узначальваў аператыўна-пошукавае ўпраўленне КДБ. То-бок, менавіта пры яго ўдзеле КДБ канчаткова ператварыўся са службы дзяржаўнай бяспекі ў рэпрэсіўны орган.

У Расіі ходзіць мем пра тое, што МТС на самай справе расшыфроўваецца не «Мабільныя Тэлесістэмы», а «Мы Тебя Слушаем». Такім адкрытым прызначэннем беларускі філіял МТС даў гэтаму жарту новае жыццё. Ну а калі ўлічыць і новы закон пра СК, цяпер усе ведаюць, якім аператарам дакладна не варта карыстацца.

Лукашэнка на тыдні чарговы раз нагадаў ураду, што яно нясе адказнасць за захаванасць жывёлы і захаванне тэхналогій у жывёлагадоўлі, і нават даручаў разабрацца ў гэтым цэламу прэм'ер-міністру — разам з Камітэтам дзяржкантролю. І чарговы раз запатрабаваў разабрацца з дзяржпадтрымкай у аграпрамысловым комплексе. «Адчуваю, што чым горш працуе прадпрыемства, тым больш падтрымка. Паўстае пытанне, навошта тады добра працаваць», — задаўся ён пытаннем.

Дзіўна працуе «адчуванне» ў Аляксандра Рыгоравіча. Незалежныя эканамісты і недзяржаўныя СМІ ўжо дзясятак гадоў пішуць пра тое, што «ашчушчэнія» Лукашэнку не падводзяць. Нават спецыяльныае азначэнне прыдумалі — «зомбі-прадпрыемства», якое працуе выключна дзякуючы ўліванню ў яго грошай. А кіраўнік Беларусі, які выхваляецца ўсім, што нішто не выслізне ад ягонага пільнага вока, праз раптам нешта толькі «адчуў»…

Глядзіце таксама

Праўда, рашэнні з гэтай нагоды папахваюць біпалярным разладам. Напрыклад, ён у чарговы раз запатрабаваў больш інтэнсіўна далучаць стратныя арганізацыі да моцных гаспадарак, — і тут жа прывёў прыклады, як гэта не працуе. Напрыклад, «з году ў год» не выконваецца ягонае даручэнне па забеспячэнні эфектыўнага развіцця холдынгу «Купалаўскае» ў Магілёўскай вобласці, і не прынеслі эфекту аграпрамысловыя аб'яднанні ў Віцебскай вобласці.

Калі ты бачыш, што гэта не працуе, навошта даваць даручэнні па далейшым стварэнні непрацуючых і стратных прадпрыемстваў? Дый яшчэ патрабаваць, каб гэтую працу завяршылі да 2030 года?

Усё вельмі проста. Дыктатура патрабуе новых ахвяр, прычым, ахвяр паказальных. І ён на той жа нарадзе прыгразіў чыноўнікам «жорсткімі рэпрэсіямі», калі яны не пакажуць вынікі сёлета. Ну і рэцэпт для дасягнення гэтых вынікаў стандартны: «Патрэбныя дысцыпліна і парадак. Больш нічога не трэба».

Карацей, «працаваць не шкадуючы сіл і жыць сціпла — вось у чым сапраўднае шчасце». Гэтак і Оруэл пісаў у той жа «Ферме».

Але персанальна мне больш за ўсё цікава, ці былі на нарадзе па АПК людзі, якія прысутнічалі на мінулатыдняшняй нарадзе па развіцці прамысловасці? На той, дзе Лукашэнка скардзіўся, што мы не можам прадаць зробленую прадукцыю? І ці не ўзнікла ў гэтых людзей думка пра тое, што «калі раптам усё запрацуе, як трэба, куды мы ўсё гэта падзенем»?

Бо не далей як тыдзень таму мы ў чарговы раз сказалі: галоўнае не вырабіць, галоўнае — прадаць.

Але задачу ў 3,8% ВУП ніхто не адмяняў, і ў сакавіку гэты самы ВУП вырас на 4,1% у параўнанні з першым кварталам 2023 года. Пры гэтым вытворчасць сельгаспрадукцыі вырасла на 6,7%, а прамысловая вытворчасць павялічылася на 5,3%.

Вось толькі складскія запасы на 1 красавіка склалі 9,256 млрд рублёў, або 68,5% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. За месяц запасы на складах падраслі на 180 млн рублёў.

У той жа час нельга сказаць, што даручэнні Лукашэнкі не выконваюцца. Вось, напрыклад, ён загадаў павышаць якасць беларускай прадукцыі. І яго, вядома, пачулі. І ў гэтую сераду ў Фрунзенскім раёне Мінска прайшоў забег «ЗаЯкасць!». Паведамляецца, што ў гэтым вельмі своечасовым і без сумневу эфектыўным мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 500 чалавек.

Астап Бендэр біў аўтапрабегам па бездаражы і разгільдзяйству. Чыноўнікі ў Фрунзенскім раёне змагаюцца за якасць хуткімі нагамі. І ў гэтым, падобна, ёсць сэнс. Бо тыя 500 чалавек, якія ў працоўны дзень беглі па вуліцах Мінска, дакладна не маглі ў гэты ж час вырабляць няякасную прадукцыю. А значыць, яны павысілі якасць адной сваёй адсутнасцю на працы.