У Варшаве паставяць помнік беларускай рэвалюцыі
Сярод ушанаваных асобаў будуць, між іншым, Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс, Марыя Калеснікава і Сяргей Ціханоўскі. Фігуры беларускіх герояў будуць ісці з высока ўзнятай галавой, як быццам яны толькі што былі вызваленыя.
![Камунальнікі зафарбоўваюць графіці ў Пецярбургу Камунальнікі зафарбоўваюць графіці ў Пецярбургу](/img/v1/images/d0b1c1cd_4db2_46c2_9299_9be460e14476_w1080_h608_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Камунальнікі зафарбоўваюць графіці ў Пецярбургу
У варшаўскім раёне Воля будзе ўсталяваны помнік героям беларускай рэвалюцыі, паведамляе Gazeta Wyborcza. Над інсталяцыяй, якая будзе складацца з сямі адлітых з алюмінію фігур, працуе знакаміты скульптар Павел Альтхамэр.
Згаданыя фігуры прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, зняволеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ідзе, між іншым, пра журналіста і польскага актывіста Анджэя Пачобута, кіраўнічку Саюза палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс, музыка і лідарку апазіцыі Марыю Калеснікаву, беларускага блогера і кандыдат у прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага, які трапіў за краты ў траўні 2020 года, то бок за тры месяцы да выбараў, а ад ягонага імя з рэжымам пачала змагацца Святлана Ціханоўская, якая зараз пражывае ў эміграцыі ў Літве і адтуль узначальвае беларускую апазіцыю.
Паводле скульптара, размаляваныя залатым колерам фігуры беларускіх герояў будуць ісці з высока ўзнятай галавой, як быццам яны толькі што былі вызваленыя. Павел Альтхамэр назваў сваю інсталяцыю: «Праспект узыходзячага сонца».
«Яна павінна нагадаць пра зняволеных актывістаў і адначасова паказаць, што ў іх у Польшчы ёсць сябры, што мы пакутуем разам з беларусамі», — кажа скульптар.
Сітуацыя ў Беларусі датычыцца яго асабіста, паколькі 10 гадоў таму ён наладзіў кантакты з незалежнымі беларускімі артыстамі, а цяпер дапамагае тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій.
Інсталяцыя будзе размешчаная ў парку Шыманскага — найбуйнейшым парку ў раёне Воля.
«Такім чынам мы хочам сімвалічна падтрымаць беларусаў на самым складаным этапе барацьбы за свабоду. Цяпер Беларусь аказалася ў тым месцы, у якім Польшча пасля абвяшчэння ваеннага становішча», — лічыць мэр Волі Кшыштаф Стшалкоўскі.
«Мне вельмі падабаецца гэтая ідэя», — кажа пра помнік прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Паводле www.polskieradio.pl