У іх не сумна!

Экспертная супольнасць Украіны аналізуе галоўныя вынікі парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 28 кастрычніка. Прапануем вашай увазе агляд украінскай аналітыкі і прэсы.



336193706.jpg

Першая выснова: парламенцкія выбары ва Украіне нават з улікам таго, што заходнія наглядальнікі назвалі іх «крокам назад», усё ж больш адпавядаюць еўрапейскім стандартам, чым беларускія.
Палітолаг Кастусь Бандарэнка слушна заўважыў: «Украінскія палітыкі, незалежна ад таго, праўладныя яны ці апазіцыйныя, паказалі, што яны могуць рабіць выбары, за якія не сорамна перад светам».
Што тычыцца непасрэдных вынікаў, то на першы погляд перамагла Партыя рэгіёнаў. Гэта прызнае нават «Украинская правда» — вядучы апазіцыйны інтэрнэт-партал: «Партыя рэгіёнаў святкуе не проста перамогу. Рэгіяналы адназначна атрымалі перамогу ў асабістым заліку. Трыццаць з лішнім адсоткаў галасоў — гэта ўсяго толькі на некалькі адсоткаў менш, чым у 2006 годзе, калі Віктар Януковіч і яго каманда знаходзіліся ў апазіцыі. У той жа час, невялікая перавага, якую могуць атрымаць апазіцыйныя сілы ў камандным заліку, пераканаўча абараняе Партыю рэгіёнаў ад абвінавачванняў у зачыстцы апазіцыйных сіл».
Аднак пры бліжэйшым разглядзе перамога выглядае не такой ужо і бліскучай. Нават у электаральных бастыёнах бела-сініх увечары 28 кастрычніка ніхто не святкаваў перамогу. Шмат у каго стварылася ўражанне, што «Партыі рэгіёнаў» удалося сцэментаваць выбаршчыкаў, галасаваўшых за яе, аднак пры гэтым яны выразна даюць зразумець, што жадаюць чагосьці іншага. Часткова гэта звязана з заканчэннем палітычнага цыклу. Палітолаг Сяргей Нікіфараў зазначае: «Завяршыўся перыяд пасля аранжавай рэвалюцыі, калі краіна была падзелена на бела-блакітную і аранжавую часткі. Ужо выразна пазначаны тэндэнцыі змены палітычных дэкарацый. Адбываецца з’яўленне новых палітычных сіл і лідараў, якія выцясняюць тых, хто ўвасабляў сабой ранейшую палітычную эпоху. Гэта больш прыкметна на тым полюсе, які традыцыйна фарбуюць у аранжавы колер. Там з’явіліся партыі «Свобода», «УДАР». А вось бела-блакітны пояс пакуль замарожаны ў партыі ўлады, і там прыкметных зрухаў не адбываецца».
Як будзе Януковіч вырашаць гэту праблему, пакуль не зразумела. А можа і вырашаць яе не давядзецца. Усё будзе залежаць ад таго, ці атрымаюць Партыя рэгіёнаў і іх саюзнікі канстытуцыйную большасць, якая дасць ім права змяніць Канстытуцыю і правесці рэформу, паводле якой абіраць прэзідэнта ў 2015 годзе будуць у парламенце. Усё стане вядома, калі са сваёй пазіцыяй вызначыцца група незалежных дэпутатаў.
Выбары–2012 сталі сінонімам пратэстнага галасавання. Пра гэта цудоўна сведчыць статыстыка ў рускамоўным Кіеве, дзе «Свабода» атрымала 17 працэнтаў. Дзякуючы пратэстным галасам у парламенце з’явіўся «УДАР». Віталь Клічко разглядаецца ўсімі як адзін з рэальных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Ён — рускамоўны палітык, які пры гэтым выступае супраць інтэграцыі з Расіяй і можа задаволіць і ўсходніх, і заходніх выбаршчыкаў. Але, паводле меркавання палітолага Канстанціна Мацвіенкі, «галоўнай пагрозай для партыі Клічко ёсць час. Цяпер давядзецца штодня замацоўваць сваё права на лідарства ідэямі і справамі, а гэтыя рэсурсы — найбольш дэфіцытныя ва ўкраінскай палітыцы».
Што да ацэнак агульных вынікаў для галоўнай апазіцыйнай партыі, то ўсе прызнаюць, што «Бацькаўшчына» выступіла някепска. Настрою аранжавым надаюць вынікі бітвы за сталіцу. Тут яны яўныя пераможцы. Гэта добры вынік перад хуткімі выбарамі кіеўскага мэра.
Безумоўна, шмат пішуць аб прарыве «Свабоды» і яго наступствах. Пры гэтым мала хто звяртае ўвагу на праграму партыі, якая вылучае такое патрабаванне, як пакаранне штрафамі за публічнае ўжыванне рускай мовы. Відавочна, што гэта чыстая дэмагогія. «Свабода» будзе хутчэй ускосным чыннікам, які паўплывае на глабальны палітычны расклад супрацьстаяння Рэгіёнаў і аранжавых.
Існуе меркаванне, што з’яўленне ў парламенце «Свабоды» хутчэй на руку Партыі рэгіёнаў, чым апазіцыі. Гэты праект будзе палохаць электарат Партыі рэгіёнаў і прымушаць яго мабілізавацца на выбарах. Палітолаг Міхаіл Дубінянскі сцвярджае: «Публіка, якая прагаласавала за радыкалаў на зло Януковічу, рызыкуе толькі падыграць дзейнаму кіраўніцтву. Грымучы нацыянал-камуністычны кактэйль для Партыі рэгіёнаў больш карысны, чым кааліцыя з КПУ. Калі ў парламенце ідуць чырвона-карычневыя разборкі, уладзе вельмі зручна стаяць над сутычкай, выстаўляючы з сябе апору міру і разважнасці. Глядзіш, спалоханыя абывацелі і палічаць уладу меншым злом».
Нацыянал-дэмакратычная газета «День» лічыць, што Партыя рэгіёнаў, якая негалосна раскручвала «Свабоду» для расколу аранжавых, дагуляецца: «Выбары прадэманстравалі вялікую частку пратэстнага электарату. Гэта можа стаць трывожным званком для ўлады. Калі яны будуць і надалей працягваць такую палітыку, грамадства яшчэ больш радыкалізуецца. Можа адбыцца некантралюемы сацыяльны выбух. Сляпая стыхія не пашкадуе нікога».
Цікавы аналіз прыходу нацыянал-радыкалаў у парламент прапанаваў лідар камуністаў Пётр Сіманенка. Ён назваў гэта трагедыяй, паколькі, на яго думку, за «Свабодай», стаяць пэўныя колы прадпрымальнікаў. Дарэчы, Кампартыя набрала амаль 12 працэнтаў, якія таксама звязваюць з феноменам пратэстнага галасавання. «Калі цягнібокаўцы сталі пратэстнай аддушынай для аранжавага электарату, то камуністы — для бела-сіняга Паўднёвага ўсходу», — піша газета «Сегодня».
Да пазітыўных вынікаў выбараў амаль усе запісалі правал (1,5%) тэхнічнага праекту «Украина — вперед», які фінансаваў Рэнат Ахметаў. Гэта значыць, што выбаршчыкі пачалі разумець прыроду падобных праектаў. «Наталля Каралеўская (лідар блоку), з яе мільёнамі, футбалістамі і артыстамі, правалілася, паколькі не несла за сабой ніякага зместу», — адзначае палітолаг Аляксандр Палый.
Нарэшце, выбары сталі таксама палітычным пахаваннем Віктара Юшчанкі: яго партыя «Наша Украіна» сабрала адзін працэнт галасоў.
Як значны пазітыў расцэньваюць вынікі выбараў у Дарніцкім раёне Кіева, дзе ў Раду ішоў Алег Доўгі — былы намеснік экс-мэра Леаніда Чарнавецкага. Ён праславіўся сацыял-папулізмам, літаральна закарміў пенсіянераў прадуктовымі пайкамі і іншымі падарункамі. Аднак народ не даў сябе купіць. Алег Доўгі прайграў. Правал палітыка, чыё імя стала сімвалам папулізму і карупцыі, дазволіў «Украинской Правде» канстатаваць: «У грамадстве на самай справе не ўсё так дрэнна».
І яшчэ адна выснова. Сёлета, нягледзячы на меншую яўку, чым на папярэдніх выбарах, дэмакратыя ва Украіне насамрэч усталявалася. Газета «Сегодня» зазначае: «У чым перавага ўкраінскай недадэмакратыі перад расійска-беларускай стабільнасцю? У нас не сумна!»