У кавярнях больш не збірацца
У Іспаніі пачаўся судовы працэс супраць уладальнікаў сеткі кавярняў «Herriko tabernas», праз якую, на думку следства, фінансаваліся радыкальныя баскскія нацыяналістычныя ініцыятывы.
Недзе ў 2005 годзе ў партовым раёне ў Сан-Себасцьяне мне давялося пабываць у адной з такой «Herriko tabernas». Знешне гэта нагадвала занадта палітызаваную этнакавярню. У меню было шмат баскскіх блюдаў і напояў. Па сталах раскіданыя ўлёткі пра бліжэйшыя акцыі і палітычныя мерапрыемствы актывістаў «izquierda abertzale» (рух левых нацыяналістаў). Стойку бара ўпрыгожвалі партрэты незалежнікаў, якія за розныя грашкі сядзяць у іспанскіх турмах. Тэлевізара не было, паколькі, паводле слоў бармена, «на тэлебачанні выключна хлусяць». Таму аўдыёфон у памяшканні фармуюць дэцыбелы тамтэйшых панк-гуртоў.
Нават не ведаючы мовы баскаў, па танальнасці выканаўцаў можна зразумець, што агітуюць яны дакладна не за сямейныя каштоўнасці і палітычную лаяльнасць. З іншага боку, такая напаленая атмасфера не выклікала пачуцця таго, што ты трапіў на канспіратыўную кропку. Публіка — звычайныя людзі і моладзь — даволі ахвотна ішла на кантакт, распавядала пра нейкія цікавыя моманты палітычнага і культурнага жыцця рэгіёну.
Цяпер высвятляецца, што тыя кавярні былі ледзь не логавам тэрарыстаў. Калі верыць матэрыялам іспанскай пракуратуры, сетка кавярняў «Herriko tabernas» — каварная распрацоўка стратэгаў ЕТА. Быццам, у 1992 годзе на зборах лідараў арганізацыі было ўзнята пытанне стварэння легальных гаспадарчых устаноў, праз якія можна было адмываць грошы і збіраць так званы рэвалюцыйны падатак з прадпрымальнікаў.
Так нарадзілася ідэя кавярняў. Іх стварэнне тэрарысты даручылі актыву партыі «Batasuna» (палітычная вітрына ЕТА, якую з часам пазбавілі рэгістрацыі). Хутка ў адносна невялікай баскскай аўтаноміі паўстала сетка са 107 кавярняў «Herriko tabernas». Калі верыць той жа пракуратуры, у эканамічным плане ініцыятыва аказалася суперпрыбытковай. Штогод яны прыносіла ўладальнікам 12 мільёнаў еўра.
Толькі бізнэсам дзейнасць такіх кропак не абмяжоўвалася. Па вечарах у кавярнях адбываліся сустрэчы прыхільнікаў незалежнасці з нацыяналістычных партый. Тут жа праводзіліся зборы моладзевых арганізацыяй «Jarrai», «Haika» або «Segi», якія былі забароненыя ў розныя часы за арганізацыю вулічных беспарадкаў т.з. «kale borroka».
Менавіта з-за тых збораў радыкальнай моладзі кропкі «Herriko tabernas» трапілі ў фокус інтарэсу адпаведных органаў, якія ў 2002 годзе пачалі капаць. Хутка высветлілася, што на рахункі сеткі кавярняў прыходзяць грашовыя пераводы з банкаўскіх афшораў або краін, якія часта давалі прытулак баскскім сепаратыстам (у тым ліку Венесуэлы і Кубы).
У 2007 годзе справе далі поўны ход. Частка ўладальнікаў кавярняў была арыштаваная. У некаторых кавярнях прайшлі ператрусы. Перш за ўсё дэтэктываў цікавіла чорная бухгалтэрыя — галоўны доказ кантактаў «Herriko tabernas» з тэрарыстычным падполлем. Нарэшце справа дайшла да суду. Усяго на лаве падсудных сядзяць 36 чалавек.
Як і трэба было чакаць, працэс выклікаў абурэнне ў баскскім грамадстве. Нават кансерватыўная Баскская нацыянальная партыя (BNP) — стары канкурэнт левых нацыяналістаў — патрабуе прыпыніць справу. «Bildu» — партыя, якая па сутнасці з’яўляецца пераемнікам «Batasuna», лічыць што працэс абсалютна неадэкватны, паколькі не адпавядае духу цяперашняга часу. Увогуле, адвакатура будуе абарону на тэзісе пра тое, што сустрэчы ў кавярнях былі рэалізацыяй права грамадзян на свабодныя сходы. Тым больш, што праходзілі яны абсалютна празрыста і адкрыта для ўсіх жадаючых. Таму працэс яўна палітычны, што з’яўляецца нонсэнсам у дэмакратычнай дзяржаве.
Аглядальнікі баскскай нацыяналістычнай прэсы большыя спадзяванні звязваюць не з адвакатамі, а з некаторымі аспектамі палітычнага працэсу, на фоне якога адбываецца суд. Гэты працэс вызначаецца так званай «нармалізацыяй», пад якой разумецца паступовая адмова «izquierda abertzale» ад гвалтоўных сродкаў барацьбы ў абмен на легалізацыю іх структур. Два гады таму ўлада дазволіла левым нацыяналістам атрымаць легальны дах у выглядзе партыі «Bildu». А ЕТА заявіла пра прыпыненне вайсковага супраціву. Такім чынам, улада, пачынаючы суд над уладальнікамі кавярняў, павінна была разумець — суровы прысуд арганізатарам сеткі «Herriko tabernas» можа прытармазіць працэс пацыфікацыі «izquierda abertzale», дасць ястрабам унутры ЕТА карт-бланш.
Спачатку, сапраўды, узнікла ілюзія, што ўлада проста заплюшчыць вочы на тое, што рабілася за дзвярыма «Herriko tabernas». Напрыклад, абвінавачанне не было выстаўлена Арнальда Атэгі, кіраўніку партыі «Batasuna», які відавочна быў у курсе дзейнасці аднапартыйцаў.
Аднак кан’юнктура нечакана змянілася. 20 кастрычніка Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу патрабаваў выпусціць з іспанскай турмы былога баевіка ЕТА Інэс дэль Рыа (Inés del Río), якая была засуджаная на 3284 гады турмы (!) напрыканцы 1980-х. Хаця ў 2006 годзе іспанскі суд дазволіў выпускаць вязняў, якія прасядзелі 30 гадоў, Інэс у 2017-м, калі заканчваецца 30 гадоў яе знаходжання ў турме, выпускаць не збіраліся.
Тады 55-гадовая жанчына звярнулася ў Страсбург і выйграла справу, што вельмі раз’юшыла Мадрыд. Іспанскі МУС ужо заявіў, што ніякай талерантнасці да баевікоў ЕТА не дапусціць. Для іспанскіх сілавікоў пакінуць Інэс за кратамі — справа гонару. Яна адказная за вядомы тэракт у ліпен 1986 года супраць курсантаў паліцыі. У выніку выбуху аўтобусу акадэміі нацыянальнай гвардыі было забіта сем курсантаў. Увогуле, група Інэс паспела забіць 24 чалавека (як правіла, паліцэйскіх і вайскоўцаў) перад тым, як яе нейтралізавалі. Акрамя таго, калі Мадрыд выканае рашэнне Страсбургу наконт Інэс, гэта можа стаць судовым прэцэдэнтам. У такім разе давядзецца вызваляць яшчэ як мінімум 60 з 800 асуджаных баевікоў ЕТА, які знаходзяцца ў іспанскіх турмах.
Аналізуючы жорсткую рэакцыю Мадрыда на пастанову Страсбургскага суда, прэса баіцца, што іспанскі прэм’ер Марыяна Рахой вырашыў разыграць баскскую карту. З-за цяперашняга крызісу кабінет даўно ператварыўся ў мішэнь народнай крытыкі. Давер да Народнай партыі прэм’ера ўпаў да рэкордных 26 працэнтаў. Таму пагуляць на тэме тэрарыстычнай пагрозы вельмі спакусліва. Тым больш, што правы электарат патрабуе ад ураду рашучасці ў барацьбе з сепаратыстамі.
У гэтым плане амаль кур’ёзны суд над «Herriko tabernas» набывае вельмі важнае значэнне для перспектыў працэсу нармалізацыі сітуацыі ў Краіне Баскаў. Стаўка вельмі вялікая: паводле інсінуацый у прэсе, ЕТА рыхтавала на Каляды мегападарунак усяму народу Іспаніі — заяву пра гатоўнасць самараспусціцца ў абмен на вызваленне ўсіх сваіх баевікоў у турмах Іспаніі і Францыі.