Украінская выведка: Расія можа пачаць уварванне ў студзені–лютым, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі

Расія можа пачаць актыўныя баявыя дзеянні супраць Украіны ў студзені ці пачатку лютага наступнага года. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню Military Times заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў. Свабода прыводзіць вытрымкі з інтэрв'ю.

unnamed_287.jpg

Паводле Буданава, Расія сканцэнтравала каля межаў з Украінай больш як 92 тысячы вайскоўцаў. Рызыка ўварвання, паводле яго, з надыходам зімы і ўстанаўленнем стабільнага халоднага надвор’я толькі ўзрастае — магчымыя моцныя маразы, маўляў, не праблема ні для расійскіх, ні для ўкраінскіх вайскоўцаў.
Паводле кіраўніка ўкраінскай выведкі, дзеянні расійскіх войскаў могуць быць больш маштабнымі, чым у 2014 годзе, калі Расія анэксавала Крым, а затым, па шматлікіх сведчаннях (сама Расія гэта адмаўляе), аказала ўзброеную падтрымку сепаратыстам у Данбасе. Буданаў выказаў меркаванне, што напад можа суправаджацца авіяўдарамі, дэсантнымі аперацыямі ў Адэсе і Марыупалі, таксама можа быць задзейнічаная бронетэхніка, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Магчымай мішэнню для нападу па-ранейшаму называюцца поўдзень і ўсход Украіны, рэгіёны, якія шэраг расійскіх палітыкаў, у тым ліку Уладзімір Пуцін, называюць «Наваросіяй».
Пры гэтым, паводле Буданава, перш чым пачаць уварванне, Расія будзе праводзіць «псіхалагічныя аперацыі» з мэтай падарваць баяздольнасць Украіны. Да такіх аперацый ён аднёс, у прыватнасці, распальванне беспарадкаў, звязаных з эканамічнай сітуацыяй ці незадаволенасцю мерамі па барацьбе з каронавірусам. Паводле яго, Расія мае намер скарыстацца і сітуацыяй вакол аперацыі па арышце меркаваных байцоў «ЧВК Вагнэра» ў 2020 годзе, у зрыве якой украінская апазіцыя абвінавачвае ўлады.
Раней аб магчымай падрыхтоўцы нападу Расіі на Украіну паведамлялі і амерыканскія СМІ, спасылаючыся на даныя выведкі і крыніцы ў адміністрацыі. Пры гэтым зазначалася, што Крэмль пакуль не прыняў канчатковага рашэння.
Як пісала днямі New York Times, амерыканскія і брытанскія службы выведкі «ўсё больш пераконваюцца ў тым, што Уладзімір Пуцін разглядае варыянт правядзення ваеннай аперацыі або з мэтай захопу большай часткі тэрыторыі Украіны, або з мэтай дэстабілізацыі краіны і забеспячэння прыходу да ўлады прарасійскага ўрада». Вялікая залежнасць Еўропы ад паставак расійскага прыроднага газу можа даць Маскве надзею на тое, што еўрапейцы не наважацца пайсці на рашучыя меры ў адказ на патэнцыйную расійскую вайсковую аперацыю супраць Украіны, пісала выданне.
Афіцыйны Вашынгтон і яго партнёры па ЕС выказвалі занепакоенасць у сувязі з нарошчваннем Расіяй сіл па перыметры ўкраінскай мяжы. Паведамлялася аб тым, што шэраг краін НАТА, у прыватнасці Вялікабрытанія, маюць намер накіраваць ва Украіну сваіх вайскоўцаў для стрымлівання Расіі. Афіцыйны Кіеў раней адмаўляў істотны рост пагрозы ўварвання, аднак пазней украінскія прадстаўнікі таксама пачалі выказваць занепакоенасць магчымымі дзеяннямі Масквы.
У Крамлі адмаўляюць якую-кольвечы падрыхтоўку да ўварвання на тэрыторыю Украіны, у той жа час абвінавачваючы краіны Захаду ў эскалацыі напружанасці, у прыватнасці ў Чорным моры. Пуцін, выступаючы на тыдні на пасяджэнні калегіі МЗС, заявіў, што Расія павінна атрымаць ад Захаду гарантыі сваёй бяспекі.