New York Times: ЗША папярэдзілі саюзнікаў аб магчымым расійскім уварванні ва Украіну

Прадстаўнікі амерыканскай выведкі папярэдзілі саюзнікаў аб тым, што ў іх засталося зусім няшмат часу для таго, каб перашкодзіць планам Масквы распачаць ваенныя дзеянні супраць Украіны, паведамляе «Свабода».

maxresdefault_130.jpg

Гэтая інфармацыя можа падштурхнуць еўрапейскія краіны да распрацоўкі сумеснага з ЗША пакета эканамічных і вайсковых санкцый для стрымлівання Расіі, піша газета New York Times са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі ЗША і кіраўніцтве Еўрасаюза.

Па словах прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, расійскія ўлады яшчэ не вырашылі, што яны маюць намер рабіць з войскамі, якія цяпер сканцэнтраваныя Крамлём каля мяжы з Украінай, але гэтае нарошчванне ваеннай моцы ўспрымаецца сур’ёзна, і Злучаныя Штаты не лічаць гэта блефам.

Аўрыл Гейнс, дырэктар Нацыянальнай выведкі, на гэтым тыдні наведала Брусель, каб перадаць у NATO дадзеныя амерыканскіх спецслужбаў аб магчымым расійскім уварванні ва Украіну.

Паездка Гейнс была запланаваная, і падчас перамоваў было закранутае мноства пытанняў, але, па словах крыніц New York Times, занепакоенасць Захаду наконт планаў Расіі стала адным з асноўных пытанняў у парадку дня сустрэчы.

Злучаныя Штаты таксама перадаюць свае выведданыя Украіне. У пятніцу генерал Марк Мілі, старшыня Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў, размаўляў па тэлефоне з генерал-лейтэнантам Валерыем Залужным, галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Украіны, каб абмеркаваць «актыўнасць Расіі ў гэтым рэгіёне».