Эстонія пачала ўзводзіць часовыя загароды на мяжы з Расіяй
На фоне сітуацыі з вялікай колькасцю бежанцаў на польска-беларускай мяжы ўлады Эстоніі лічаць неабходным узвесці загароды на працягу 115 кіламетраў, піша www.dw.com.
На сухапутнай
мяжы Эстоніі з Расіяй пачаліся работы па ўзвядзенні часовых загарод. Пра гэта
заявіў у суботу, 20 лістапада, начальнік аператыўнага штаба Усходняй прэфектуры
Урмас Эльм. У першую чаргу загароды ўсталююць у Нарве на паўночным усходзе
краіны і на берагах ракі Піуза на паўднёвым усходзе рэспублікі, кажа намеснік
гендырэктара Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы па ахове мяжы Эгерт Белічаў.
На мяжы плануецца ўстанавіць высокатэхналагічнае абсталяванне, у прыватнасці, электронную ахоўную сістэму. Акрамя таго, тут будуць выкарыстоўвацца беспілотнікі і любое скрыжаванне будзе фіксавацца сэнсарамі, папярэджваюць улады Эстоніі. На працягу прыкладна 90 кіламетраў мяжы таксама мяркуецца будаўніцтва плота вышынёй 2,5 м.
Узвядзенне мяжы адбываецца ў паскораным тэмпе. На эстонскім баку ўжо добраўпарадкавана каля 25 км мяжы і вядуцца работы на наступным участку працягласцю 39,5 км. Агульная даўжыня эстонска-расійскай памежнай лініі складае 338 км. З іх 76 км праходзяць па рацэ Нарва і яшчэ 127 км — па Чудскім возеры. Сухапутная мяжа даўжынёй у 135 км праходзіць у асноўным па цяжкапраходнай мясцовасці і ў лясных раёнах. Таму ўлады лічаць неабходным узвесці памежную інфраструктуру толькі на працягу 115 км.
У сувязі з будаўнічымі працамі ў прыгранічных з Расіяй раёнах Латвіі да 26 лістапада забароненыя палёты самалётаў і беспілотных лятальных апаратаў.
У цяперашні час паміж краінамі юрыдычна аформленай мяжы няма. Памежны дагавор паміж МЗС дзвюх краін быў падпісаны ў 2014 годзе, але да гэтага часу не ратыфікаваны.
Зацверджаны раней план прадугледжваў завяршэнне будаўніцтва мяжы з Расіяй да 2026 года. Аднак работы па ўзвядзенні часовых загародаў вядуцца ў паскораным тэмпе ў сувязі з сітуацыяй на польска-беларускай мяжы.