Украіна можа адмовіцца ад імпарту тавараў з Беларусі

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны абмяркуюць забарону на імпарт тавараў з Беларусі на заканадаўчым узроўні. Праект закона аб эмбарга зарэгістраваны 19 лістапада. Інфармацыя пра гэта размешчаная на афіцыйным партале ВР, паведамляе «Еўрарадыё».

verhovnaja_rada2011.jpg

Законапраект распрацаваў народны дэпутат Украіны Аляксандр Дануца з палітычнай партыі «Слуга народа». Трэба разумець, што рэгістрацыя праекта закона азначае, што дэпутаты абмяркуюць яго, але не азначае, што ён пасля гэтага будзе прыняты.

Украіна застаецца найбуйнейшым рынкам збыту беларускіх нафтапрадуктаў. У мінулым годзе туды пайшло 45,2 % нафтапрадуктаў у вартасным выражэнні, або 37,5 % фізічнага экспарту. Украіна прынесла Беларусі 86 % выручкі ад рэалізацыі бітуму і 88 % ад продажаў нафтавых газаў.

Выглядае, што санкцыі з боку ЗША, пад якімі аказалася частка беларускай нафтавай прамысловасці, тут нікога не палохаюць. Укрстат падлічыў, што экспарт беларускіх нафтапрадуктаў ва Украіну за восем месяцаў 2021 года вырас амаль у два разы — на 87,7 %. Па даных украінскай «Кансалтынгавай групы А-95», пастаўкі на ўкраінскі рынак з завода «Нафтан» (менавіта ён знаходзіцца пад санкцыямі) у некаторыя месяцы пасля ўвядзення амерыканскіх санкцый апынуліся нават вышэйiшыми, чым да іх.

Між тым у Беларусі ў пачатку снежня заканчваецца дзеянне ліцэнзавання на імпарт з Украіны. Праз яго некаторыя ўкраінскія тавары ўжо пачалі знікаць з палічак крамаў. У адказ на блакіроўку беларускіх тавараў ва Украіне беларускія чыноўнікі могуць падоўжыць свае абмежаванні.