Вячаслаў Сіўчык: У снежні можа ўзнікнуць крытычная сітуацыя на мяжы Беларусі і Украіны

Канфлікт на беларуска-польскай мяжы лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык лічыць гібрыднай вайной Пра гэта ён распавёў у эфіры «Радыё Рацыя».

dsc05014_1024x768.jpg

Польшча паказала рашучасць і сілу ў гэтай вайне. Самы трагічны стан у беларусаў, лічыць Вячаслаў Сіўчык:

— Лукашысцка-пуцінскія хаўруснікі, я казаў пра гэта даўно, яшчэ да таго, як на межах усё пачалося, натуральна, зацікаўленыя не толькі ў тэроры супраць беларусаў. Гэта заўжды комплексна. Таму што акрамя таго, што яны знішчаюць беларусаў і дастаткова масава праз каронавірус, праз рэпрэсіі, яны знішчаюць нацыянальныя каштоўнасці беларусаў на вачах усяго свету.

Падчас пратэстаў па ўсёй Беларусі гучалі толькі тры патрабаванні — гэта новыя выбары, вызваленне палітвязняў і пакаранне карнікаў. На жаль, пасля пайшлі размовы пра некія перамовы... Да апошняга абвастрэння на польска-беларускай мяжы ўзнікла таксама дастаткова штучная дыскусія наконт санкцый.

Не ведаю, як цяпер людзі, якія там дыскутавалі, сябе адчуваюць, калі яны бачаць, як Масква падрыхтавала новы этап і ў межах гэтай гібрыднай вайны яны зараз ціснуць Захад. І Захад завагаецца.

— Ці згодныя вы з тым, што сказаў дзяржсакратар ЗША Блінкен у тэлефоннай размове з міністрам замежных спраў Польшчы? Ён мяркуе, што сітуацыя на беларуска-польскай мяжы створана для таго, каб здзейсніць агрэсію Расіі супраць Украіны.

— Абсалютна згодны. Пуцінска-лукашысцкі тандэм будзе правакаваць збройныя канфлікты з усімі суседзямі. І, натуральна, невыпадкова перакідванне з аднаго суседа Беларусі на другога.

Я вельмі баюся ў звязку з тым, што цяпер накопліваюцца расійскія вайсковыя сілы на межах Украіны, менавіта ў снежні можа ўзнікнуць крытычная сітуацыя ўжо на мяжы Беларусі і Украіны.

Паводле палітыка, беларусам трэба набрацца смеласці і рашучасці, каб вырвацца з абдымкаў крывавага пуцінска-лукашэнкаўскага ФСБ-КДБ і не паміраць за іх інтарэсы ў зонах канфліктаў, якія распальвае Крэмль.