Усім гуляць у бадмінтон

Расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў атрымаў у народзе новую мянушку — «Валанчык». Усе дзякуючы афіцыйнай кампаніі бадмінтанізацыі ўсёй краіны.



dae3312c4c6c7000a37ecfb7b0aeb0e4.jpg

Расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў атрымаў у народзе новую мянушку — «Валанчык». Усе дзякуючы афіцыйнай кампаніі бадмінтанізацыі ўсёй краіны.
Увогуле, роля кіраўніка дзяржавы ў папулярызацыі тых ці іншых відаў спорту ў Расіі заўсёды была высокая. Задоўга да прэзідэнта Мядзведзева генсек Леанід Брэжнеў так моцна балеў за хакейную каманду СССР, што практычна кожная савецкая рэспубліка ў 1970-я абзавялася сваёй камандай. Першы прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын вельмі любіў валейбол (дагэтуль штогод праводзяцца спаборніцтвы на Кубак Ельцына па валейболе) і тэніс, да якога прэзідэнт далучыў усю расійскую эліту. Уладальнік чорнага пояса па дзюдо прэзідэнт Уладзімір Пуцін выклікаў бурны рост школ і секцый па самых розных адзінаборствах.
Свой унёсак у традыцыю зрабіў і Мядзведзеў. Пра бадмінтон загаварылі пасля таго, як напрыканцы кастрычніка прэзідэнт змясціў у сваім блогу відэаматэрыял пра карысць гульні. Гэты матэрыял падрыхтавалі ў якасці ўступнага слова для навучальнага фільма «Азбука валана», які знялі ў Нацыянальнай федэрацыі бадмінтона Расіі. У відэароліку прэзідэнт не толькі распавёў пра сам спорт, але і прадэманстраваў тэхніку гульні ў пары з Уладзімірам Пуціным. «Хто добра гуляе ў бадмінтон — той хутка прымае рашэнні», — сказаў Мядзведзяў.
Рэакцыя на відэа была практычна імгненнай. Спачатку ў падкантрольных дзяржаве СМІ загаварылі пра тое, каб увесці бадмінтон у расійскіх школах у якасці трэцяга ўроку фізкультуры. Міністэрства адукацыі і навукі аператыўна падпісала дамову з федэрацыяй пра развіццё бадмінтона ў школе.
Пасля ў СМІ з’явілася навіна пра тое, што Міністэрства абароны закупіць у 2012 годзе 10 тысяч ракетак і валанаў для вайсковых частак. «Пры гульні ў бадмінтон задзейнічаныя тыя ж органы, што і пры кіданні гранат, нажоў і іншых прадметаў. Таму гэты від спорту вельмі карысны ўсім без выключэння байцам. Але асабліва карысны ён будзе стралкам і снайперам, паколькі назіранне за валанчыкам трэніруе вока, умацоўвае сардэчна-сасудзістую сістэму і развівае хуткасць рэакцыі», — кажа начальнік Упраўлення фізічнай падрыхтоўкі Мінабароны палкоўнік Аляксандр Шчэпелеў.
Нарэшце, бадмінтонам зацікавіліся ў рэгіёнах. Ужо вядома, што на канец лістапада прызначана сустрэча Федэрацыі бадмінтона з настаўнікамі фізкультуры Маскоўскай і іншых абласцей. Адзін з уральскіх сайтаў піша, што ў кабінетах супрацоўнікаў Свярдлоўскага аблвыканкаму з’явіліся дыпломы за добрую гульню ў бадмінтон. «А раней віселі граматы за футбол і валейбол», — распавядаюць сведкі.
У маскоўскіх спартовых клубах у сярэднім попыт на заняткі бадмінтонам узрос у паўтара-два разы як сярод дзяцей, так і сярод дарослых.
Бадмінтон аказаўся някепскім сродкам барацьбы з апазіцыяй. На Радыё «Эхо Москвы» з’явіўся рэпартаж краснадарскай журналісткі, якая прыйшла на традыцыйны сход мясцовай апазіцыі каля будынку гарсавету. І вось што яна там пабачыла: «Спачатку я падумала, што гэта жарт: у сонечны і даволі цёплы для канца лістапада выходны дзень некалькі маладых людзей у сініх куртках з лагатыпам «Адзінай Расіі» на цэнтральнай вуліцы Краснадара прама пад вокнамі краявой адміністрацыі гуляюць (ці, дакладней, спрабуюць гуляць) у бадмінтон. Гучыць патрыятычная музыка са словамі пра адзіную моцную Расію. Дыджэй перыядычна абвяшчае, што «бадмінтон — лепшая альтэрнатыва курэнню», а «сапраўдны адзінарос не паліць папярос». Але гэта быў не жарт. Гэта была спецаперацыя супраць апазіцыйнага пікета».
Больш таго, валан і ракетка, аказваецца, маюць геапалітычнае значэнне. На сайце каўказскай службы «Радыё Свабода» сцвярджаюць, што ініцыятыва Мядзведзева — гэта адказ Саакашвілі.
У Грузіі Саакашвілі пашырае «моду на еўрапейскі стыль жыцця», паўсядзённай часткай якога з’яўляецца ровар. Цяпер захапленне Міхаіла Саакашвілі веласіпедным спортам увайшло ў вырашальную, манументальную фазу. Калі верыць СМІ, у цэнтры Тбілісі на месцы помніка Давыду Будаўніку хутка з’явіцца скульптурная выява гіганцкага ровара.
На думку «Радыё Свабода», Расія проста хоча годна адказаць прэзідэнту Грузіі. Аднак веласіпед для гэтага не падыходзіць. «Па-першае, у яго маленькае сядло. А расійская бюракратыя ўкамплектаваная пераважна людзьмі буйнымі. Па-другое, для масавага спорту веласіпед вельмі дарагі. Па-трэцяе, няма веласіпедных дарожак. Іншая справа — бадмінтон! Не буду пералічваць усе бясспрэчныя перавагі гэтага далікатнага спорту. Адна з іх відавочна — таннасць. Можна за «смешныя грошы» забяспечыць кожнага расіяніна бясплатнай ракеткай, разбіць на пары і прымусіць ганяць валан. Уласна, працэс ужо пайшоў», — піша журналіст.
Адным словам, на першы погляд, Расія імкліва набліжаецца да Інданезіі, дзе бадмінтон сапраўды выведзены на нацыянальны ўзровень. Федэрацыю бадмінтона ў гэтай краіне адзін час нават узначальваў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі.
Аднак некаторыя думаюць, што Інданезіі з Расіі не атрымаецца. Так, папулярны каментатар Віктар Шандаровіч мяркуе, што бадмінтанізацыя праваліцца з-за таго, што яе аўтар не ўспрымаецца ўсур’ёз нават сярод чыноўніцкага апарату.
«Вось калі б з падобнай відэапрапагандай выступіў Пуцін… І запатрабаваў увядзення лапты і гарадкоў… ці стральбы з лука… не важна чаго, важна, што — Пуцін… Выступіў бы і паглядзеў у тэлекамеру не «вінаватай усмешкай», а гэтак спадылба, як ён умее… — вось тады, клянуся, ніякія пісакі не ўтрымалі б Міністэрства абароны ад масавага закупу цецівы і стрэлаў. У Таманскай дывізіі бегалі б з лукамі, як індзейцы, за мілую душу! А з бадмінтонам, здаецца, аблом», — каментуе Шандаровіч.
Аналізуючы інтэрнэт-форумы, відавочна, што захапленне бадмінтонам у калідорах улады не зразумела простаму народу. Таму інтарэс да гэтага віду спорту будзе трымацца ў лепшым выпадку да таго часу, як прэзідэнтам застанецца Мядзведзеў.
У большасці людзі проста смяюцца: «Ура — у нас самая моцная ў свеце армія …па бадмінтону».
Аднак сустракаюцца і больш сур’ёзныя меркаванні: «Гледзячы на дзіўныя выхадкі нашага кіруючага тандэму, я часам пачынаю баяцца. А раптам яны і праўда штосьці такое ведаюць, што дазваляе ім паводзіць сябе так, як быццам будучыні няма? Як ні круці, а гэтыя двое — тэарэтычна адны з нешматлікіх людзей, больш іншых дасведчаныя пра тое, што і як адбываецца насамрэч. Можа, сапраўды застаецца толькі забаўляць публіку бадмінтонам, таму што хутка ўжо ўсё?»
Напрыканцы хацелася б дадаць, што сам па сабе бадмінтон тут не пры чым. Гэта сапраўды карысная для здароўя гульня.