ЗША: апалчэнцы супраць «тыраніі» федэральных уладаў
Хаця загаловак можа падасца журналісцкай «качкай», гэта менавіта тое, што адбылося ў мінулую суботу ў амерыканскім штаце Арэгон.
Што адбылося?
Узброеная групоўка ў колькасці ад тузіна да сотні чалавек заняла штаб-кватэру нацыянальнага запаведніка Малер на захадзе ЗША ў штаце Арэгон, акруга Харні, пратэстуючы супраць таго, што яны
называць «тыраніяй» федэральных уладаў.
Захоп працягваецца дасюль. Па ўласных словах, удзельнікі захопу добра падрыхтаваліся і, калі спатрэбіцца, гатовыя ўтрымліваць будынак гадамі. Таксама яны гатовыя «забіваць і быць
забітымі», але ўжываць зброю абяцаюць толькі ў выпадку спробы выштурхнуць іх сілай. Калі ж іх «народ папросіць», гатовыя сысці.
Як паведамляе афіцыйны сайт запаведніка, на момант захопу ў штаб-кватэры не было ніводнага супрацоўніка. Цяпер, у сувязі з надзвычайнай сітуацыяй, запаведнік зачынены для
наведвальнікаў.
У чым прычына?
Захоп будынку адбыўся пасля акцыі пратэсту ў суседнім горадзе ў падтрымку двух мясцовых фермераў, Дуайта і Стывена Хамандаў, бацькі і сына, якіх суд паўторна адправіў у турму за падпалы на
федэральных землях, здзейсненыя ў 2001 і 2006 гадах, палічыўшы першапачатковы вырак занадта мягкім.
Па гэтым абвінавачанні Дуайт Хаманд ужо правёў у турме тры месяцы, а Стывен — год. Цяпер яны маюць даседзець да пяці гадоў. На думку іхных прыхільнікаў, такі вырак за ненаўмысныя
падпалы празмерна жорсткі. Акрамя таго, яны лічаць, што сапраўднай прычынай пераследу фермераў з'яўляецца іхная адмова аддаваць сваю зямлю федэральным уладам.
Ці толькі ў прысудзе фермерам справа?
Цяперашні ўзброены захоп федэральнай маёмасці — успышка працяглай барацьбы супраць федэральнага кантролю над землямі ў сельскагаспадарчых раёнах амерыканскага Захаду. Так гістарычна
склалася, што менавіта тут федэральны цэнтр валодае найбольшай колькасьцю зямель. Для выкарыстання якіх мясцовыя фермеры маюць атрымліваць дазвол і сплачваць падаткі.
Завадатары захопу, браты Амон і Раян Бандзі, — сыны Клівена Бандзі, фермера з штата Невада, які ў 2014 годзе арганізаваў паспяховы ўзброены супраціў федэральным уладам. На знак пратэсту
супраць зменаў у правілах выпасу ў 1993 годзе Клівен Бандзі не стаў падаўжаць ліцэнзію на выпас жывёлы на федэральных землях, перастаў плаціць, але па-ранейшаму пасвіў свой статак на тых самых
землях. Урэшце сума неаплачаных збораў і штрафаў за нясплату дасягнула мільёна долараў. Спроба адабраць ягоны статак з боку федэральных агентаў сустрэла ўзброены супраціў. Тады ўлады вырашылі не ісці
на эскалацыю канфлікта і павярнулі фермеру жывёлу.
Чаго яны дамагаюцца?
Нягледзячы на тое, што Хаманды праз свайго адваката адмовіліся ад такога кшталту падтрымкі, групоўка захопнікаў патрабуе адмяніць ім паўторны прысуд. Ёсць у іх і больш амбіцыйная мэта —
змусіць федэральныя ўлады «адмовіцца ад сваёй неканстытуцыйнай прысутнасці ў акрузе». А таксама «вярнуць землі і прыродныя рэсурсы тым, каму яны
належаць».
Групоўка спадзяецца, што іхныя дзеянні спарадзяць надзею, якая «распаўсюдзіцца на ўсю краіну». «Усе чакаюць гэтай надзеі, таму што ўрад б'е і
пераследуе нас, адбіраючы ў нас усё. Яны не спыняцца, пакуль мы не скажам ім не», — як выказаўся адзін з захопнікаў.
Хто гэтыя людзі?
Захопнікі штаб-кватэры запаведніку ў Арэгоне з'яўляюцца радыкальнымі антыфедэралістамі, то бок прыхільнікамі абмежавання паўнамоцтваў федэральнага цэнтру на карысць пашырэння суверэнітэту
штатаў. Напрыклад, Клівен Бандзі, чые сыны кіруюць захопам, увогуле называў урад ЗША «замежным урадам», лічачы, што шэрыфы павінны «раззброіць федэральных бюракратаў па
ўсёй краіне».
Гэта што тычыць сацыяльна прымальнага ўзроўню іхнай ідэалогіі. Антыфедэралізм сам па сабе экстрэмісцкай ідэалогіяй не з'яўляецца. Удзельнікі ж захопу належаць да так званага
«апалчэння» (militia), паўвайсковага ультра-правага руху. Ён складаецца з арганізацыяў рознага кшталту, але ўсіх іх аб'ядноўвае стаўленне да амерыканскага ўраду, як да
«тыраніі», якой трэба аказваць узброены супраціў. Сярод «апалчэнцаў» пашыраныя расісцкія погляды, яны часта вераць у існаванне «Новага сусветнага
парадку», глабальнай змовы супраць усяго, што дорага сэрцу белага кансерватыўнага англасакса. Або нават у тое, што ўсім, хто народжаны пасля 1980 году, урад таемна імплантаваў мікрачыпы з
мэтай татальнага кантролю.
Калі яны і падтрымліваюць каго-небудзь з кандыдатаў у кандыдаты на прэзідэнта, які мае заняць месца Барака Абамы ў Белым доме ў 2017 годзе, дык гэта Дональд Трамп. Мільярдэр, скандальна вядомы
сваімі непаліткарэктнымі выказваннямі і сімпатыяй да Уладзіміра Пуціна.
Як рэагуюць улады?
Нягледзячы на тое, што мясцовы шэрыф абвінаваціў захопнікаў у спробе «скінуць мясцовыя і федэральныя ўлады», улады на захоп рэагуюць вельмі стрымана, калі не сказаць —
ніяк.
—Уяві, што будзе, калі яны папросяць, каб Пуцін прыйшоў ім на дапамогу, выратаваў ад вышынгтонскай хунты, — жартам кажу Брэндану Хофману, знаёмаму амерыканскаму
журналісту, з якім мы разам працавалі ва Украіне.
— Яны могуць быць вельмі здзіўленыя, калі пабачаць, як насамрэч выглядае тыранія.