Ужо пяцёра беларусаў галадаюць перад офісам Еўракамісіі ў Варшаве

Дзмітрый Кудзялевіч далучыўся да галадоўкі ў Варшаве і расказаў, якія санкцыі сапраўды патрэбныя, каб улада ў Беларусі змянілася на дэмакратычную. Агулам у галадоўцы ўжо 5 чалавек.

7245bb55_071c_4bf3_aa7a_5fc5d6177920_w1023_r1_s.jpeg


Беларускі Стася Гліннік і Бажэна Шамовіч 26 траўня заявілі пра бестэрміновую галадоўку ля офіса Еўракамісіі ў Варшаве. 27 траўня да іх далучыўся чалец страйкама «Беларуськалія» Дзмітрый Кудзялевіч, які часова пераехаў у Варшаву з Салігорска.

Пра сваё далучэнне Кудзялевіч аб’явіў у Фэйсбуку, апублікаваўшы там шэраг здымкаў з месца падзей. Як адзначыў шахцёр, патрабаванні галадоўкі — пераход ад дэкларатыўных да рэальных і эфектыўных эканамічных санкцый супраць Лукашэнкі і яго атачэння.

Ад сусветнай супольнасці Кудзялевіч чакае сур’ёзных санкцый супраць так званых «кашалькоў рэжыму» — прадпрыемстваў БМЗ, «Гродна Азот» і «Беларуськалія». Ён спадзяецца, што Лукашэнку, ГУБАЗіК, АМАП унясуць у спіс тэрарыстаў і тэрарыстычных арганізацый.

Кудзялевіч таксама выступае за безумоўнае вызваленне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапега, захопленых у Мінску 23 траўня пасля прымусовай пасадкі самалёта «Афіны — Вільня».

Агулам удзельнікаў галадоўкі ў Варшаве ўжо пяцёра. Як паведаміла Стася Гліннік, да іх, акрамя Кудзялевіча, далучыліся студэнтка Дзіяна, якая ўдзельнічала ў студэнцкім пратэсце ў Беларусі, а таксама музыка Дар'я. Напярэдадні галадоўнікі давалі інтэрв’ю шэрагу журналістаў, таксама да іх выходзіў з падтрымкай прадстаўнік Еўракамісіі.

Удзельнікі акцыі спяць у намётах, да іх з падтрымкай прыходзяць пераважна палякі і ўкраінцы, а таксама завіталі грэкі. Працягваецца збор подпісаў за ўзмацненне санкцый.

Раней Дзмітрый Кудзялевіч і шэраг іншых чальцоў страйкама ў Салігорску патрабавалі ад нарвежскай кампаніі «Yara» не падпісваць новы кантракт з «Беларуськаліем», аднак дамагліся толькі таго, што кампанія з Осла паабяцала прыслаць у Салігорск свайго прадстаўніка для назірання за падзеямі. Пры гэтым чальцоў страйкама не дапусцілі да перамоў паміж нарвежскай кампаніяй і кіраўніцтвам прадпрыемства.

Шэраг удзельнікаў страйку неаднаразова затрымлівалі, асуджалі да адміністратыўных арыштаў, а сам страйк Мінскі абласны суд прызнаў незаконным. Акрамя таго, у кватэрах страйкамаўцаў праводзілі ператрусы, а іх саміх неаднаразова збівалі і пагражалі ім яшчэ больш жорсткімі наступствамі.