Ва Угандзе ўводзяць падатак за карыстанне WhatsApp і Facebook
Даход з месенджараў павінен дапамагчы пагасіць вялікі дзяржаўны доўг краіны.
Парламент Уганды прыняў закон, які ўводзіць супярэчлівы падатак для людзей, якія выкарыстоўваюць сацсеткі і месенджары.
Збор складзе 200 шылінгаў (5 цэнтаў ЗША) штодзень. Збіраць яго будуць з людзей, якія выкарыстоўваюць інтэрнэт-платформы абмену паведамленнямі, такія як Facebook, WhatsApp, Viber і Twitter.
Прэзідэнт Ёверы Мусевені ініцыяваў змены, сцвярджаючы, што сацсеткі заахвочваюць плёткі.
Новы закон таксама прадугледжвае іншыя зборы, у прыватнасці падатак у 1% на агульны кошт аперацый па аплаце паслуг праз мабільныя тэлефоны. Грамадскія арганізацыі ўжо заявілі, што з-за гэтага пацерпяць бедныя жыхары Уганды, якія рэдка выкарыстоўваюць банкаўскія паслугі.
Міністр фінансаў краіны Давід Бахаці заявіў, што павышэнне падаткаў неабходна, каб дапамагчы Угандзе выплаціць вялікі дзяржаўны доўг.
Закон павінен уступіць у сілу 1 ліпеня, але эксперты і адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг сумняваюцца адносна таго, як будзе ўкараняцца штодзённы падатак на сацсеткі.
Урад Уганды спрабуе забяспечыць рэгістрацыю ўсіх SIM-карт мабільных тэлефонаў. З 23,6 мільёна абанентаў мабільнай сувязі ў краіне толькі 17 мільёнаў карыстаюцца інтэрнэтам, паведамляе Reuters. Таму незразумела, як улады змогуць ідэнтыфікаваць угандыйцаў, якія карыстаюцца месенджарам.
Сацыяльныя медыя сталі важным палітычным інструментам ва Угандзе як для кіруючай партыі, так і для апазіцыі.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў ў 2016 годзе доступ да платформ быў зачынены. Прэзідэнт Мусевені настойваў на тым, што гэта было зроблена, каб "спыніць распаўсюд хлусні".
Падобныя законы, якія ўплываюць на свабоду слова, прымаюць і іншыя краіны Усходняй Афрыкі. Так, урад Танзаніі 29 траўня выйграў судовы пазоў супраць праціўнікаў новых правілаў, згодна з якімі блогеры павінны плаціць ліцэнзійны збор і раскрываць свае фінансавыя крыніцы.
У Кеніі новы закон аб кіберзлачыннасці ўступіў у сілу 30 мая. Журналісты і блогеры назвалі яго спробай задушыць незалежныя СМІ.
Паводле ВВС